Беларусь можа разьмясьціць на сваёй тэрыторыі да 8 тысяч расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр», заявіў у камэнтары «Украінскай праўдзе» сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
На думку Дземчанкі, улічваючы падтрымку, якую Расеі надае Беларусь, колькасьць наймітаў, якіх захоча прыняць Лукашэнка, можа быць вельмі значнай: гаворка можа ісьці пра 8 тысяч чалавек, кажа афіцэр. Паводле яго, знаходжаньне наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі складзе дадатковую патэнцыяльную пагрозу Ўкраіне, у першую чаргу зьвязаную з дывэрсійнай работай і стварэньнем рознага кшталту правакацый.
Паводле Дземчанкі, абстаноўка на мяжы на цяперашні момант застаецца цалкам кантралюемай, на тэрыторыі Беларусі наступальных груповак Расеі не назіраецца. У той жа час Расея працягвае выкарыстоўваць Беларусь як базу для падрыхтоўкі сваіх падразьдзяленьняў і палётаў ваеннай авіяцыі. Паводле зьвестак ДПСУ, колькасьць расейскіх вайскоўцаў з падразьдзяленьняў рэгулярнай арміі, якія знаходзяцца ў Беларусі, на сёньня складае каля 2 тысяч.
Улічваючы новыя магчымыя рызыкі, зьвязаныя з гатоўнасьцю Лукашэнкі разьмясьціць у сябе наймітаў з прыватных ваенных кампаній, Украіна ўмацоўвае сваю абарону на гэтым напрамку, адзначыў Дземчанка. Паводле яго, разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі знаходзіцца на пастаянным кантролі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын ужо прыехаў у Беларусь. Паводле Лукашэнкі, лягераў для ПВК «Вагнэр» у Беларусі не будуюць, але пры неабходнасьці «дапамогуць з разьмяшчэньнем».
- У той жа час здымкі са спадарожнікаў паказалі, што пад Асіповічамі цяпер будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер, які можа ўмясьціць да 15 тысяч чалавек. Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат. Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай.