У сваім выступе на сустрэчы Сяргей Алейнік заявіў, што санкцыйны ціск Захаду «нэгатыўна адбіваецца на ўстойлівым разьвіцьці краін Руху недалучэньня».
Паводле Алейніка, разрыў многіх экспартных ланцужкоў паставак калію, у тым ліку зь Беларусі, «прывёў да скарачэньня даступнасьці прадуктаў харчаваньня на сусьветным рынку».
Як сьцьвярджае міністар, з прычыны накладзеных на Беларусь санкцыяў, у тым ліку абмежаваньняў на транзыт, скарачэньне вытворчасьці і экспарту беларускіх калійных угнаеньняў «прывяло да падзеньня сусьветнай вытворчасьці калійных угнаеньняў на 16,3% (5,9 млн тон) і падзеньня сусьветнага экспарту на 20,2%». У сувязі з гэтым Алейнік заклікаў «не адкладаць сытуацыю зь беларускім каліем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У сувязі з санкцыямі». У ЗША палічылі, што здабыча калію ў Беларусі за год упала больш чым на палову- Здабыча калію ў Беларусі ў 2022 годзе, паводле папярэдніх ацэнак, склала 3 мільёны тон. Гэта прыкладна на 60% менш, чым у 2021 годзе — тады ў Беларусі здабылі 7,63 млн тон калію, гаворыцца ў гадавой справаздачы Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША. Белстат не публікуе афіцыйных зьвестак пра экспарт калійных угнаеньняў з 2021 году.
- Да 2022 году Беларусь была трэцім па велічыні пастаўшчыком калію ў сьвеце, пастаўляючы больш за 6 млн тон калію ў год. На скарачэньне беларускага экспарту калійных угнаеньняў паўплывалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу, уведзеныя ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Што такое Рух недалучэньня
Рух недалучэньня ўтварылі ў 1961 годзе для адстойваньня інтарэсаў краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, ва ўмовах канфрантацыі халоднай вайны. На сёньняшні дзень ён налічвае 120 краін-чальцоў, або 60% колькаснага складу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статус назіральніка ў Руху недалучэньня маюць 18 дзяржаў і 10 арганізацый.
Беларусь — сябра Руху недалучэньня з 1998 году, пры гэтым з 1993-га ўваходзіць у вайскова-палітычны блёк АДКБ і так званую «саюзную дзяржаву» з Расеяй.
Да моманту ўступленьня ў Рух недалучэньня, галоўны прынцып якога — недалучэньне да вайсковых блёкаў, Беларусь ужо пяць гадоў была чальцом АДКБ і мела на сваёй тэрыторыі вайсковыя аб’екты з расейскім камандаваньнем: занальны вузел сувязі ВМФ каля Вілейкі і радыётэхнічны вузел недалёка ад Баранавічаў, якія функцыянуюць на падставе міжурадавых пагадненьняў паміж РФ і Беларусьсю, падпісаных у 1995 годзе.
У 2021 годзе ў Беларусі зьявіліся новыя супольныя з Расеяй вайсковыя трэніровачныя цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перадусім гандаль зброяй». Што прынесла Менску сяброўства ў Руху недалучэньняЯк раней казаў Свабодзе былы беларускі дыплямат Юры Кажура, які быў у складзе дэлегацыі, што падпісвала дакумэнты аб уступленьні Беларусі ў Рух недалучэньня ў 1998 годзе, Беларусь узяла ўдзел у 12-м саміце Руху ў Дурбане (ПАР), тады туды прыяжджала дэлегацыя беларускага МЗС на чале зь міністрам замежных справаў Іванам Антановічам.
Рух недалучэньня ствараўся ў кантэксьце халоднай вайны, супрацьстаяньня ЗША і СССР. І асноўная ідэя была — стварыць рух, у якім будуць удзельнічаць краіны, якія не ўваходзяць ні ў сацыялістычны блёк, ні ў лік адкрытых саюзьнікаў NATO.
«Нягледзячы на тое, што Беларусь прынялі, усе ключавыя краіны Руху недалучэньня, такія як Эгіпет і Індыя, за кулісамі казалі, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, а гэта ўжо вельмі магутная супярэчнасьць», — сьведчыў Юры Кажура.
Паводле ягоных слоў, у Руху недалучэньня актывізаваліся кантакты Беларусі з краінамі Афрыкі, Азіі і Блізкага Ўсходу.
«У канчатковым выніку гэта дапамагло Лукашэнку прасоўваць продаж зброі, атрымліваць даходы ад нафтапрадуктаў. Але перш за ўсё гэта зброя, вядома. Гэтыя кантракты па-ранейшаму існуюць. Яны зьяўляюцца адной з важкіх крыніцаў выжываньня рэжыму Лукашэнкі, разам з падтрымкай Расеі», — казаў Юры Кажура.
Што важна ведаць пра Рух недалучэньня
- Рух недалучэньня паўстаў у 1961 годзе, паводле колькасьці краін-удзельніц (120) ён саступае толькі ААН.
- На момант уступленьня ў Рух у 1998 Беларусь была адзінай эўрапейскай краінай-удзельніцай і доўгі час ёю і заставалася. Апошнія «эўрапейцы» — Кіпр і Мальта — пакінулі арганізацыю адразу пасьля ўступленьня ў ЭЗ. Пазьней, у 2003 годзе, у рух уступіў Азэрбайджан.
- Ініцыятарамі стварэньня Руху 60 гадоў таму сталі прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Ціта, прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэмʼер-міністар Індыі Джавахарлал Нэру. Спачатку Рух абʼяднаў 25 дзяржаў, асноўным прынцыпам яго было абавязковае адасабленьне ад вайсковых блёкаў. Рух ствараўся як абʼяднаўчая плятформа для краінаў з розным палітычным ладам.
- У краінах Руху сёньня пражывае каля 55% насельніцтва плянэты, дзяржавы-ўдзельніцы ў сукупнасьці валодаюць 75% сусьветных нафтавых і больш як паловай газавых запасаў.
- Больш за ўсё ў руху цяпер афрыканскіх краін — 53. А таксама 37 азіяцкіх, 26 амэрыканскіх і 3 акіянічныя.