Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі Алейнік пагаварыў з Лаўровым пра «сумеснае супрацьдзеяньне вонкавым пагрозам»


Сяргей Лаўроў. Архіўнае фота
Сяргей Лаўроў. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік 16–17 траўня знаходзіцца з візытам у Расеі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік 17 траўня сустрэўся ў Маскве са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Падчас перамоваў Алейнік заявіў, што «беларуска-расейскія адносіны ня маюць ніякай каньюнктуры» і што дзьве краіны вядуць «сумеснае супрацьстаяньне і супрацьдзеяньне вонкавым выклікам і пагрозам, пагрозам бясьпецы, пагрозам эканамічным».

«Расейская Фэдэрацыя заўсёды была і застаецца найважнейшым партнэрам, стратэгічным саюзьнікам Рэспублікі Беларусь... Вялікую ўвагу мы плянуем удзяліць узаемадзеяньню з краінамі далёкай дугі», — цытуе Сяргея Алейніка БелТА.

Лаўроў сказаў, што Беларусь і Расея займаюцца «павышэньнем абароназдольнасьці заходніх рубяжоў саюзнай дзяржавы, адстойваньнем справядлівасьці ў міжнародных адносінах, недапушчальнасьці двайных стандартаў у падыходах да гарантаваньня бясьпекі ў Эўропе».

Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў у ходзе перамоваў плянуюць абмеркаваць «умацаваньне саюзнай дзяржавы як ядра інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы».

Раней Алейнік і Лаўроў сустракаліся 19 сьнежня 2022 году і 18–19 студзеня 2023 году ў Менску, а таксама 14 красавіка 2023 году на палях пасяджэньня Савету міністраў замежных спраў дзяржаў – удзельніц СНД.

17 траўня Алейнік ўжо правёў перамовы са старшынёй Дзяржаўнай Думы Фэдэральнага сходу Вячаславам Валодзіным. У Маскве у Алейніка таксама была заплянавана сустрэча са старшынёй Савету Фэдэрацыі Расеі Валянцінай Мацьвіенкай.

11 красавіка Сяргей Алейнік наведваў Вугоршчыну, дзе, у прыватнасьці, заявіў, што цяперашняя вайна ва Ўкраіне «справакаваная і разьдзімаецца намаганьнямі ЗША і іх сатэлітаў. Яны атрымліваюць ад гэтага прамыя дывідэнды і перавагі, а ўсе астатнія нясуць выдаткі».

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік тады заявіў:

«Пазыцыя Менску адназначная — трэба спыніць гібель людзей, неадкладна аб’явіць перамір’е і пачынаць перамовы. Чым раней, тым лепей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG