Здабыча калію ў Беларусі ў 2022 годзе, паводле папярэдніх ацэнак, склала 3 мільёны тон. Гэта прыкладна на 60% менш, чым у 2021 годзе — тады ў Беларусі здабылі 7,63 млн тон калію, гаворыцца ў гадавой справаздачы Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША.
У ёй зьмяшчаюцца ацэнкі здабычы і паставак асноўных відаў карысных выкапняў у сьвеце, у тым ліку ўгнаеньняў.
Паводле справаздачы, агулам здабыча калію ў сьвеце летась скарацілася на 6,3 мільёнаў тон (да 40 мільёнаў). Пры гэтым у Расеі яна ўпала на 45% — з 9,1 да 5 млн тон, а ў Канадзе вырасла на 12,7% — з 14,2 да 16 млн тон. Таксама нарасьцілі здабычу Гішпанія, Ізраіль, Іярданія і Лаос.
«На сусьветныя пастаўкі калію паўплывалі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі, што прывяло да росту коштаў і зніжэньня спажываньня. Паводле ацэнак, сусьветнае спажываньне калію ў 2022 годзе для угнаеньняў зьнізілася да 35-39 мільёнаў тон з 40,6 мільёна тон у 2021 годзе», — гаворыцца ў дакладзе.
У ім зазначаецца, што да 2022 году Беларусь была трэцім па велічыні пастаўшчыком калію ў сьвеце, пастаўляючы больш за 6 млн тон калію ў год, але на скарачэньне беларускага экспарту калійных угнаеньняў паўплывалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу, уведзеныя ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пасьля таго, як у 2022 годзе Літва скасавала кантракт зь «Беларуськаліем» на перавозкі беларускіх калійных угнаеньняў у порт Клайпэды, Беларусь арганізавала экспарт калію па чыгунцы праз Расею ў трэція краіны, а пазьней і праз расейскія парты, але «экспарт і вытворчасьць калію ў 2022 годзе сталі значна ніжэйшыя», гаворыцца ў дакладзе.
Варта адзначыць, што для Беларусі ў дакладзе прыводзяцца ацэначныя дадзеныя, бо афіцыйныя зьвесткі аб экспарце калійных угнаеньняў Белстат не публікуе з 2021 году.