Што рэальна можна зрабіць для вызваленьня палітвязьняў? Якія магчымыя малыя і вялікія крокі ў Беларусі і за яе межамі? Чаму нельга асуджаць палітвязьняў і ці ёсьць унутры сыстэмы людзі, зь якімі можна весьці непублічныя размовы пра зьняволеных (вызваленьне, паляпшэньне ўмоваў, зьмены рэжыму)? Адказвае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, былая палітзьняволеная Вольга Гарбунова.
Сьцісла
- Быў збор для Вольгі Вайцяховіч, якую ў «справе Гайдукевіча» асудзілі на 11 гадоў. У яе сям’і затрымалі чацьвярых — яе, мужа, сына і нявестку. Ці сабралі 4 тысячы для яе сямʼі на аплату адваката? Не. Збор пайшоў у архіў.
- Я сядзела і гэтыя доўгія месцы думала, што рабіць, калі мне дадуць калёнію, пісаць ці не пісаць на памілаваньне. Мы кожны дзень пра гэта гаварылі ў камэры.
- Галіне Дзербыш, якою я апякуюся, 61 год. Ёй прысудзілі 20 гадоў. Улічваючы, што ў яе інваліднасьць 2-й групы, праблемы з сэрцам і анкалягічная хвароба, то яе, хутчэй за ўсё, асудзілі на сьмяротнае пакараньне.
- Я прывыкла працаваць шмат без стабільнага фінансаваньня, працаваць зь вельмі праблемнай тэмай, пра якую ніхто ня хоча пісаць і разьбірацца, на якую ніхто ня хоча даваць грошы. Насамрэч мая цяперашняя праца практычна нічым не адрозьніваецца ад таго, чым я займалася ў Беларусі.
«Нам ня трэба вырошчваць у сабе гэтую бездапаможнасьць, нібы людзі ў Беларусі ўжо ні на што не ўплываюць»
— Вольга, цяпер ледзь ня штодня гадавіны гучных затрыманьняў падчас выбарчай кампаніі 2020 году. Ціханоўскі, Бабарыка, Статкевіч, Лосік... Напачатку была шырока распаўсюджаная фраза, што палітвязьні ня будуць сядзець прызначаныя ім тэрміны. Тады гэта давала надзею. Што цяпер можа даваць людзям надзею, калі мы даведваемся пра чарговыя велізарныя тэрміны і пра жахлівыя ўмовы за кратамі?
— Ці можам мы ўвогуле дазволіць сабе надзею, калі людзі сядзяць ужо больш чым па тры гады? Можам узяць прыклады розных краінаў — Уругвай, Вэнэсуэла, іншыя краіны гэтага кантынэнту. Страшна прызнавацца сабе ў такім, але там людзі адседзелі па 20-25 гадоў. Безумоўна, там была вайсковая дыктатура, і хочацца спадзявацца, што гэта ня наша гісторыя. Удумайцеся: людзі сядзяць больш за тры гады, людзям далі тэрміны 15, 20, 25 гадоў, а мы задаёмся пытаньнем, дзе нам узяць надзею на тое, што яны ня будуць сядзець.
Мне думаецца, нам ня трэба вырошчваць у сабе гэтую бездапаможнасьць, нібы людзі ў Беларусі ўжо ні на што не ўплываюць, Я кажу пра пытаньне, зьвязанае з дапамогай палітвязьням і іхным семʼям. Нібы людзі, якія ў вымушанай эміграцыі, ня маюць ніякай магчымасьці падтрымліваць і салідарызавацца?
Я прапаную адмаўляцца ад гэтых наратываў. Мы ня можам сабе дазволіць надзею. Мы павінны верыць, павінны праяўляць цьвёрдую волю і салідарнасьць, мы павінны працягваць рабіць актыўныя дзеяньні. Хай гэта будуць маленькія крокі, калі ў нас ня так шмат рэсурсаў, але яны павінны быць пастаяннымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская зноў атрымала ананімнае паведамленьне пра сьмерць мужа ў турме, ад яго няма зьвестак з 9 сакавіка«Ня толькі знакамітыя палітвязьні адбываюць цяпер пакараньне, нашмат болей людзей за кратамі, якіх мы ня ведаем»
— Вольга, як былая палітзьняволеная і як прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту як бы вы вызначылі, што цяпер рэальна зрабіць для палітвязьняў неабыякавым людзям у краіне і па-за Беларусьсю? Якія, хай малыя, практычныя дзеяньні могуць даць плён?
— Важна разумець, што практычна ў кожнага з нас ёсьць блізкія, знаёмыя, калегі, родныя, якія трапілі пад рэпрэсіі. Самае галоўнае — падтрымліваць. Паверце, што кожны палітвязень, палітзьняволеная памятаюць (нават калі пра гэта ня кажуць), калі выходзяць на волю, хто пісаў, а хто не пісаў, хто званіў бацькам, хто падтрымліваў іх дзяцей, хто перадаваў вестачку праз адваката, а хто зьнікаў на месяцы. Калі вы гатовыя страціць гэтую сувязь з тымі людзьмі, якія цяпер сядзяць, то можна не рабіць нічога і чакаць вызваленьня. Але гэтыя адносіны будуць разбураныя, бо такога не даруюць.
Рэжыму гэта пасьпяхова ўдаецца зрабіць — разбураць сувязі паміж намі: паміж тым, хто сядзіць, і тым, хто па другі бок плота; паміж тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто па другі бок дзяржаўнай мяжы. Мне здаецца, мы не павінны з гэтым мірыцца.
Важная фінансавая падтрымка. Мы можам колькі заўгодна заклікаць адзін аднаго пісаць паштоўкі і лісты, друкаваць прынты на майках (я часта раблю гэта, калі здаецца, ну што яшчэ ад мяне залежыць). Насамрэч фінансавая падтрымка экстрана неабходная вялікай колькасьці семʼяў, якія аказаліся адказнымі за так званы турэмны мэнэджмэнт, бо ў іх сядзяць блізкія. Мы ведаем семʼі, калі сядзяць двое-трое-чацьвёра сямейнікаў. І гэта велізарныя фінансавыя страты для сямʼі.
Усё залежыць ад таго, хто вы. Калі звычайная беларуска ці беларус, гэта могуць быць невялікія, але сыстэматычныя данаты. А можа, вы прадстаўляеце беларускі бізнэс, і тады цікава, якія вы можаце прымаць рашэньні. Тое, як беларусы зьбіраюць грошы на падтрымку палітвязьняў, натхняе, але так у выпадку з «мэдыйнымі» палітвязьнямі, у якіх ёсьць добры актывісцкі бэкграўнд, якія на слыху, якія зрабілі шмат для дэмакратычнага руху і прасоўваньня беларускай культуры. Гэта прыклад збору на падтрымку сямʼі Паўла Белавуса.
Ёсьць і іншы бок. Быў збор для маёй былой сукамэрніцы Вольгі Вайцяховіч, якую ў «справе Гайдукевіча» асудзілі на 11 гадоў. У яе сямʼі затрымалі чацьвярых: яе, мужа, сына і нявестку. І вы думаеце, сабралі 4 тысячы, якія «Краіна для жыцьця» спрабавала зьбіраць для яе сямʼі на аплату адваката? Не. Збор пайшоў у архіў, так і ня быўшы сабраным. Усе гэтыя гучныя кейсы паказваюць, што мы можам. Але важна разумець, што ня толькі знакамітыя палітвязьні адбываюць цяпер пакараньне. Нашмат болей людзей за кратамі, якіх мы ня ведаем. Яны ня зь Менску, не зь вялікіх гарадоў; гэта людзі, якія, магчыма, да 2020 году ніяк не праяўлялі сваёй грамадзянскай пазыцыі.
— Як даведацца пра тое, як ім дапамагчы? Які больш-менш бясьпечны спосаб для людзей у Беларусі?
— Дзе б ты ні знаходзілася ці ні знаходзіўся, заўсёды ёсьць шанец зразумець, як можна дапамагаць. Заўсёды можна зьвязацца з праваабарончымі арганізацыямі. Сваю нялёгкую працу працягваюць праваабарончы цэнтар «Вясна», politzek.me, dissidentby, «Краіна для жыцьця». На гэты момант налічыла каля 22 фондаў салідарнасьці, праваабарончых арганізацый і ініцыятыў, якія ў той ці іншай ступені падтрымліваюць палітвязьняў і іх семʼі.
Ніхто не раскажа публічна, як адбываецца падтрымка людзей унутры Беларусі, таму што гэта падвышае рызыку для людзей і для каналаў перадачы такой падтрымкі. Але вы можаце наўпрост выходзіць на сувязь. Вэрыфікавацца, абмяркоўваць, прапаноўваць сваю дапамогу, валянтэрскую дапамогу. Вельмі часта шукаюць людзей, якія маглі б хаця б перадачу аднесьці ў СІЗА, каб даведацца, знаходзіцца ці не знаходзіцца там такі чалавек. Варыянтаў, як дапамагчы, як падтрымаць, вельмі шмат. Самы просты — шукайце, у каго з вашых блізкіх нехта сядзіць, і падтрымлівайце іх.
Я хацела б сказаць пра самае галоўнае, што мы можам зрабіць, незалежна ад таго, знаходзімся мы ў краіне ці не, гэта не асуджаць. Усё, што я бачу апошнім часам — усе гэтыя вельмі крытычныя словы адносна падыходаў, канфлікты, зьвязаныя з апанэнцкімі думкамі наконт розных пытаньняў, зьвязаных з палітвязьнямі, уключаючы вызваленьне. І мне здаецца, гэта недапушчальныя паводзіны для ўсіх нас. Адчуваць гэтую адказнасьць, магчыма, сорам, даводзіцца ўсім палітвязьням.
Я ведаю сотні гісторый, калі людзі напісалі б заяву на памілаваньне, бо ня лічаць, што мае сэнс марнаваць столькі гадоў свайго жыцьця і сваё здароўе, але яны ня пішуць, таму што баяцца грамадзкага асуджэньня, што людзі будуць такім чынам камэнтаваць іх выхад.
— Ці лічыце вы такое асуджэньне масавай зьявай ці ўсё ж адзінкавымі выпадкамі? У мяне складалася ўражаньне, што ў грамадзтве ёсьць агульны кансэнсус, што важна выйсьці на свабоду, што няважна, што гаворыць чалавек у палоне...
— Я ня ведаю. Было б цікава, каб нехта правёў такое дасьледаваньне, народнае апытаньне, як людзі ставяцца да розных варыянтаў выхаду зь месцаў несвабоды. Шчыра кажучы, я бачу гэта ў чатах гомельскай жаночай калёніі і ў чатах іншых родных палітвязьняў. Я ня ведаю, наколькі гэта пашырана, але кожны раз, калі я адкрываю нейкі трэд у Facebook ці іншых сацсетках або чат у Telegram, я ўвесь час сутыкаюся з гэтым.
Можа, гэта балючая тэма для мяне таму, што я сядзела і гэтыя доўгія месяцы думала, што рабіць, калі мне дадуць калёнію: пісаць ці не пісаць на памілаваньне. Мы кожны дзень пра гэта гаварылі ў камэры. І было вялізнае пачуцьцё палёгкі, калі нехта асьмельваўся сказаць: «Мне ўсё роўна, што пра мяне падумаюць, я буду спраўляцца так, як лічу слушным. Бо гэта маё жыцьцё, мая адказнасьць, мае дзеці». Таму я заклікала б не асуджаць, не ацэньваць, не аспрэчваць, не закочваць вочы, калі вы даведваецеся пра кейсы вызваленьня. Няважна, за грошы, за нейкія даверчыя граматы ці проста чалавек напісаў прашэньне і выйшаў па амністыі. Мы не павінны так рабіць. Гэта блякуе магчымасьці для людзей ратаваць свае жыцьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Аб’яднанага кабінэту Гарбунова заклікала дасылаць Насьце Лойцы «грашовыя пераводы, вэганскія пасылкі і тэлеграмы»«Больш як 200 чалавекам, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды з палітычных прычын, патрэбна экстраная мэдычная дапамога»
— Я зьвярнула ўвагу на ваш заклік слаць вэганскія пасылкі Насьце Лойцы, пасьля таго як быў абвешчаны прысуд. Ведаю, што вы таксама вэгатарыянка ці вэганка, і паведамлялася, што за кратамі прынялі рашэньне есьці мяса, бо інакш можна было ня выжыць. Чаму вельмі важная такая пэрсаніфікаваная дапамога, хай малая?
— Гэта вельмі важна агучваць. За гэтымі сотнямі, тысячамі прозьвішчаў, партрэтаў, які мы бачылі 21 траўня, у Дзень палітвязьня ў Беларусі, вельмі складана пабачыць чалавека. Там проста вялізны канвэер. Мне думаецца, што пэрсанальныя гісторыі, пэрсанальныя патрэбы, якія ёсьць у кожнага ці ў кожнай, вельмі важна агучваць. Была сьмешная гісторыя, калі мая сяброўка напісала ў СМІ, што я перастала быць вэгетарыянкай у СІЗА. Яна проста няправільна зразумела мой ліст. Я вылоўлівала мяса і ела кашу, а яна думала, што я вылоўлівала мяса і ела яго. Важна атрымліваць падтрымку ў выглядзе вэганскіх пасылак, напрыклад, бо гэта нешта асабістае. Гэта значыць, што нехта прачытаў пра цябе, пра твой лёс, пра твае патрэбы.
Больш за тое, вэгетарыянства ня заўсёды апраўданае толькі этычнымі каштоўнасьцямі. У маім выпадку гэта быў бы вялікі ўдар па здароўі... На гэты момант намі выяўлена больш за 200 чалавек, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды з палітычных прычын, якім патрэбна экстраная мэдычная дапамога.
Вяртаючыся да гэтых малых крокаў. Калі б кожны з нас узяў пад апеку аднаго палітвязьня ці палітзьняволеную, асабліва тых, пра каго вельмі мала пішуць... Ёсьць праекты на «Дысыдэнце» і «Краіне для жыцьця» — «Пакуль усе ня будуць вольныя». Я зьяўляюся апякункай Галіны Дзербыш. Ёсьць іншыя праекты — на «Палітзэку» можна «сябраваць» з палітвязьнямі.
Самы кранальны момант быў для мяне ў зьняволеньні, калі я атрымала вестачку ад адваката, што мая сяброўка сустрэлася з маёй дачкой і зрабіла падарунак нібы ад мяне на Новы год. У двух словах апісала, які быў выраз твару ў дачкі, які погляд, і як мы зь ёй падобныя. На гэтых радках я разрыдалася. Звычайна людзі пішуць: «Вы такая сьмелая, вы наш маяк» і гэтак далей. Я вельмі цаніла падтрымку, якая прыходзіла, але калі людзі пісалі ці перадавалі нешта вельмі асабістае пра мяне і для мяне, гэта падтрымлівала нашмат болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не для таго пералазіла праз плот, каб пакутаваць». Шчырая гутарка з Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінэту ў сацыяльных пытаньнях«Я ведаю, што ў сыстэме былі і застаюцца людзі, якія маюць адукацыю, сурʼёзную экспэртызу, якія разумеюць, што адбываецца»
— Як вы думаеце, ці ёсьць унутры сыстэмы людзі, зь якімі можна весьці непублічныя размовы пра палітвязьняў (вызваленьне, паляпшэньне ўмоваў, зьмены рэжыму)? Ведаю, што пэўныя перамовы вядуцца. Ці могуць яны даць плён у некаторых выпадках?
— Мне цяжка камэнтаваць гэтае пытаньне. Яно вельмі канфліктнае, пальецца шмат крытыкі. Мне асабіста важна памятаць досьвед працы да падзеяў 2020 году. Доўгі час, працуючы ў арганізацыі «Радзіслава», у сховішчы для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, мы вымушаныя былі працаваць з рознымі дзяржаўнымі структурамі, органамі, установамі. Я ведаю, што ў сыстэме былі і застаюцца людзі, якія маюць адукацыю, маюць дастаткова сурʼёзную экспэртызу, якія разумеюць, што адбываецца.
Зь некаторай інфармацыі можна меркаваць, што ёсьць частка чыноўнікаў, якія стаміліся ад бессэнсоўнасьці таго, што цяпер адбываецца. Яны разумеюць, што гэта шлях у нікуды, шлях для краіны ў бездань. Галіне Дзербыш, якую я апякаю, 61 год. Ёй далі 20 гадоў. У прынцыпе, ёй прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне. Улічваючы, што ў яе інваліднасьць 2-й групы, праблемы з сэрцам і анкалягічная хвароба, то, хутчэй за ўсё, ёй прысудзілі сьмяротнае пакараньне.
Я ўпэўненая, што ёсьць чыноўнікі, якія разумеюць прычынна-выніковую сувязь таго жаху, што адбываецца ў краіне. Я ня ўпэўненая, што мы пасьпелі. Ня ўпэўненая, што мы давалі нейкія ўцямныя сыгналы, пасылы, што мы шукалі гэты кантакт, каб атрымаць кансультацыю, паспрабаваць даведацца, чаго рэжым хоча за людзей, за іх жыцьці, за іх здароўе.
У Беларусі ўжо ўведзеная сьмяротная кара, і калі раней у нас была хоць якая спроба кагосьці выцягнуць на нейкі дыялёг... Я гіпатэтычна мяркую, таму што ўвесь гэты час я жыла і працавала ў Беларусі, а потым трапіла ў СІЗА, пасьля дастаткова хутка выехала. Я не магу ацаніць, як было працаваць дэмакратычным сілам у той момант, якія пэрсанальныя кантакты яны спрабавалі падымаць і выкарыстоўваць. Але на гэты момант надзеі вельмі мала.
Гэта пацьвярджаюць кансультацыі, якія я атрымліваю ад нашых міжнародных партнэраў, якія былі перамоўнікамі аб палітвязьнях у вельмі розных кантэкстах у вельмі розных краінах. У мяне ўсё ж складаецца ўражаньне, што беларусы будуць дамаўляцца зь беларусамі. Ніхто за нас ня вырашыць нашы праблемы, ніхто за нас ня зробіць нашу хатнюю працу, ніхто за нас ня будзе ратаваць нашых вязьняў. Бо гэта наша барацьба. Гэта мы павінны змагацца. Ніякія міжнародныя СМІ ня будуць пісаць пра палітвязьняў у Беларусі, пакуль беларускія СМІ не пачнуць пісаць пастаянна, рэгулярна пра палітвязьняў у Беларусі. Калі нехта з такіх людзей глядзіць ці чытае гэта, то мы шукаем гэтую інфармацыю, гэтую кансультацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніцы «Радзіславы» Вользе Гарбуновай уручылі міжнародную прэмію Front Line Defenders Award«Я ня ўпэўненая, што з такім узроўнем крытыкі, канфліктаў увогуле варта гаварыць пра абʼяднаньне дэмакратычных сілаў»
— Ведаю, што для вас было няпростым рашэньнем пагадзіцца на працу ў Абʼяднаным кабінэце. Вы ўжо паўгода на гэтай пасадзе. Маё назіраньне — вы ня сталі палітыкам, які гаворыць прыгожыя фразы. Вы захавалі эмпатыю. Наколькі вам цяжка ў сытуацыі, калі ў вас штодня пытаюцца, а што вы зрабілі, каб вызваліць палітвязьняў. Вы шмат робіце, але адказаць няшмат чаго ёсьць. Як вы гэта ўсё вытрымліваеце?
— Я ня ўпэўненая, што я гэта ўсё вытрымліваю. Напэўна, ёсьць загартоўка з папярэдняй працы ў трэцім сэктары. Гэта заўсёды было нялёгка. Я прывыкла працаваць шмат, працаваць без стабільнага фінансаваньня, працаваць зь вельмі праблемнай тэмай, пра якую ніхто ня хоча пісаць і разьбірацца, на якую ніхто ня хоча даваць грошы. Насамрэч мая цяперашняя праца практычна нічым не адрозьніваецца ад таго, чым я займалася некаторы час таму ў Беларусі.
Важна сказаць, што ў Беларусі ў тэме гвалту ў дачыненьні да жанчын грамадзкая думка мянялася, зьяўлялася вялікая колькасьць хаўрусьнікаў і хаўрусьніц, зьяўлялася падтрымка, зьяўляліся СМІ, якія дапамагалі распрацоўваць розныя кампаніі і праекты. Я ня ведаю... Яшчэ, магчыма, мала часу прайшло для палітвязьняў, каб стаць такой тэмай. Практычна заўсёды, калі я зьвяртаюся па дапамогу да нейкіх кансультантаў ці па падтрымку, людзі ці не адказваюць, ці адмаўляюць мне. Я, у прынцыпе, да гэтага прывыкла.
І ёсьць адчуваньне, што частка сэктару, які ўжо быў уцягнуты ў аказаньне дапамогі палітвязьням, ня вельмі мяне прыняла і хутчэй крытычна ставіцца да маёй пазыцыі ў кабінэце. Я ведаю, што мае словы, хоць і былі скажоныя журналістамі, часта крытыкуюць прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і гэтак далей. Напэўна, так, калі ёсьць вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы і няма практычна ніякіх рэсурсаў выконваць гэтую працу, то ўсё, чым ты займаесься 24 на 7, ня мае дакладных індыкатараў, якія можна памацаць рукамі.
І дастаткова цяжа эмацыйна. Апошняе, што мяне вельмі моцна раніла, калі я была 21 траўня ў жывым эфіры на «Белсаце», вядоўца патрабавальным тонам заклікаў мяне да адказу, а потым сказаў: «Ці ня лічыце вы, што ў такой сытуацыі, калі міжнародная супольнасьць не гатовая жорстка рэагаваць на дзеяньні рэжыму, Гарбунова, Ціханоўская і яшчэ некалькі чалавек павінны прыкаваць сябе да рэек, каб спыніць камэрцыйны трафік празь беларускую чыгунку на мяжы?»
Не хачу сказаць, што ў кабінэта дрэнная рэпутацыя. У яго складаная рэпутацыя. І дастаткова цяжка мне ў гэтых дыпляматычных прыёмах неяк арыентавацца, таму што я прывыкла да выніку, а не да працэсу. Часам пэўныя дыпляматычныя працэдуры і фактары становяцца цеснымі для мяне. Хочацца зрабіць, як звычайна: пайсьці ў СМІ і расказваць штосьці. Потым узважваеш усе «за» і «супраць», што будзе далей, і думаеш: які сэнс? Цяжка, але трымаюся. Я ня ўпэўненая, што з такім узроўнем крытыкі, канфліктаў увогуле варта гаварыць пра абʼяднаньне дэмакратычных сілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераходны кабінэт абмяркоўвае стварэньне фонду падтрымкі палітвязьняў з шэрагам краінаў і партнэраў«Раскажаш нешта зь ліста ці пра тое, што было на спатканьні, і наступны раз ты можаш не атрымаць ні ліста, ні спатканьня»
— Ці можна сказаць, што сфармавалася супольнасьць былых палітвязьняў і іхных блізкіх? Наколькі яна вялікая і скаардынаваная? На што яна можа ўплываць і што можа рабіць?
— Некалькі месяцаў таму я ініцыявала стварэньне новага чату, зь якога вырастае супольнасьць былых палітвязьняў. У гэтым чаце толькі людзі, якія зазналі крымінальны перасьлед, былі ў месцах несвабоды. Мне вельмі патрэбен гэты чат, бо я не хацела быць са сваёй субʼектыўнай думкай і абмежаваным досьведам. Мне важна было быць голасам усёй супольнасьці. Мне патрэбна была інфармацыя, патрэбны былі кантакты, каб дапамагаць журналістам, напрыклад, браць інтэрвію. Патрэбная была інфармацыя пра патрэбы людзей, якія больш працяглы час знаходзіліся ў ізаляцыі, чым я. Я так і не даехала да калёніі. Мне пашанцавала, але мне было важна даведвацца, што адбываецца ў калёніях, як працуе ізаляцыя, у якой апынуліся ўсе знакамітыя палітвязьні.
Я бачу, што ў чаце вельмі шмат складанасьцяў. Бо гэта супольнасьць людзей, якія маюць складаны досьвед, якія не заўсёды атрымалі своечасовую мэдычную, псыхатэрапэўтычную дапамогу, які перажылі траўму гвалту і катаваньняў. Гэтым для мяне каштоўны гэты чат, нягледзячы на некаторую канфліктнасьць, нягледзячы на тое, што ў нас могуць быць розныя погляды на розныя пытаньні, мы ўсё роўна застаёмся ў чаце. Частка людзей выходзіць, частка новых дадаецца, але стабільна каля 80 чалавек у ім кантактуе.
Плюс сувязь зь некалькімі дзясяткамі людзей, якія адбылі пакараньне і знаходзяцца ў Беларусі. Для нас важна падтрымліваць гэтую сувязь і гэтых людзей, бо яны перажываюць сваю ўмоўную свабоду зусім інакш, чым мы, якім удалося эвакуавацца. Тое самае магу сказаць пра супольнасьць родных палітвязьняў. Я падтрымліваю кантакт з рознымі суполкамі, гэта вельмі розныя людзі, іх абʼядноўвае вялікі боль.
Праз тое, што многія знаходзяцца ў Беларусі, яны ня могуць адкрыта дзяліцца сваімі думкамі па многіх пытаньнях, ня могуць перадаваць вестачкі ад блізкіх за кратамі, бо гэта небясьпечна. Раскажаш нешта зь ліста ці пра тое, што было на спатканьні, і наступны раз ты можаш не атрымаць ні ліста, ні спатканьня.
Ёсьць родныя, якія займаюць праактыўную пазыцыю, якія прыяжджаюць зь візытамі, сустракаюцца на міжнародным узроўні з дыпляматамі, стала нагадваюць пра палітвязьняў і пра ўзровень рэпрэсій у Беларусі.
Ёсьць розныя погляды. Нехта выступае за больш жорсткія санкцыі, і каб ні ў якім разе не адступаць у барацьбе з рэжымам. Мы ведаем добра пра супольнасьць блізкіх палітвязьняў і былых палітвязьняў, якія, наадварот, заклікаюць да перамоваў. Мне здаецца, што галоўнае — не абясцэньваць, слухаць і чуць думкі адзін аднаго. Гэта складана.
Калі мы імкнёмся да дэмакратычных каштоўнасьцяў, да таго, што ў будучыні выбіраем ня хуткі эфэктыўны шлях, а шлях да перамоваў і ўлічваньне патрэбаў розных групаў, уключна з уразьлівымі сацыяльнымі групамі, то давайце слухаць адзін аднаго, не маніпуляваць, перацягваючы коўдру, а рухацца да больш канструктыўных перамоваў і дэбатаў. Мы амаль 30 гадоў жывём ва ўмовах аўтарытарнай краіны і, напэўна, не заўсёды гэта ўмеем. Я дакладна не заўсёды ўмею і часьцей займаю эмацыйную пазыцыю, але тут важна не ігнараваць адзін аднаго і не абвінавачваць. Давайце не абясцэньваць унёсак адно аднаго і будзем прыслухоўвацца, асабліва да думак людзей у Беларусі, якія зьяўляюцца роднымі палітвязьняў ці самімі палітвязьнямі.
-
- Скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Псыхоляг па адукацыі. У траўні-чэрвені 2020 году ў Менску рыхтавала адкрыцьцё кавярні-клюбу «Норм», сацыяльна-культурнай прасторы з вэганскай кухняй і барам, дзе меліся працаваць дзяўчаты і жанчыны, пацярпелыя ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. Праз пандэмію праект было вырашана закрыць.
- У лістападзе 2021 году Вольгу Гарбунову арыштавалі ў Менску за нібыта ўдзел у арганізацыі маршаў за правы жанчын у 2020 годзе. Улады ўключылі яе ў сьпіс «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў». Пасьля вынясеньня прысуду — 3 гады «хатняй хіміі» — Вольга Гарбунова ўцякла зь Беларусі. Вольга не хавае прыналежнасьці да ЛГБТ. Яна ляўрэатка міжнароднай праваабарончай прэміі Front Line Defenders «Праваабаронцы ў небясьпецы» за 2022 год. Гарбунова — адна з гераінь міжнароднага дакумэнтальнага фільму «Woman», дзе сабраныя аповеды дзьвюх тысяч жанчын з 50 краін сьвету.