На саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Беларусь падпісала мэмарандум аб абавязацельствах дзеля атрыманьня статусу дзяржавы – сябра ШАС. Стала вядома, што працэс далучэньня Беларусі будзе завершаны ў 2024 годзе на чарговым саміце.
Аляксандар Лукашэнка ў выступе па відэасувязі заявіў аб неабходнасьці сумясьціць супрацоўніцтва ў рамках некалькіх арганізацый – Шанхайскай арганізацыі супрацы, Эўразійскага эканамічнага саюзу, БРІКС і СНД. Паводле яго, такая глябалізацыя мусіць стаць адказам на ўвядзеньне заходніх санкцый. Апроч таго, ён выказаўся за неабходнасьць стварэньня адмысловага банку разьвіцьця ШАС.
Ён таксама заявіў, што ў кантэксьце праблем з харчовай бясьпекай Беларусь гатовая экспартаваць угнаеньні.
На саміце вырашылі прыняць у ШАС Іран. Ён стаў дзявятым удзельнікам арганізацыі, у якую ўваходзяць Індыя, Казахстан, Кіргізстан, Кітай, Пакістан, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан.
Да сёньня арганізацыю ўзначальвала Індыя, а на наступны пэрыяд старшынство перайшло да Казахстану.
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жомарт Такаеў заявіў, што за 20 гадоў існаваньня Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) не ўдалося рэалізаваць ніводнага буйнога эканамічнага праекту пад эгідай арганізацыі. Ён выказаў меркаваньне, што гэта адбылося праз адсутнасьць мэханізмаў фінансавага суправаджэньня праектнай дзейнасьці, і заклікаў стварыць інвэстыцыйны фонд у рамках ШАС. Ён таксама прапанаваў распрацаваць энэргетычную стратэгію арганізацыі да наступнага саміту, які пройдзе ў Астане ў 2024.
Шанхайскую арганізацыю супрацы заснавалі 15 ліпеня 2001 году лідэры Кітаю, Расеі, Казахстану, Таджыкістану, Кіргізстану і Ўзбэкістану. Яна задумвалася дзеля рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і дзеля стварэньня ў пэрспэктыве зоны вольнага гандлю на прасторах ШАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін у Індыі сустрэўся зь міністрамі абароны Кітаю і Ірану