Наш сёньняшні суразмоўца блізкі да стварэньня альтэрнатыўнай гісторыі Беларусі. Старажытную Русь ён лічыць карпарацыяй купцоў-ваяўнікоў. Гісторыю Полацкай дзяржавы называе зацемненай і схаванай літоўцамі. І робіць яшчэ шмат іншых парадаксальных высноваў.
Пра гэта і пра шмат што іншае мы гаворым у сэрыі гутарак зь беларускім гісторыкам у Польшчы, прафэсарам Алегам Латышонкам.
0:00 – чаму гісторыя Полацкай дзяржавы вывучаная недастаткова
2:31 – якой была раньняя ідэнтычнасьць палачанаў у Х – ХІІ ст.
4:15 – што такое «Русь»
5:49 – хто стварыў Полацкае княства
7:09 – ці сапраўды існавалі Рагвалод і Рагнеда
9:30 – хто ў ІХ стагодзьдзі бараніў Полацак ад вікінгаў
10:30 – чаму Рагнеда не захацела выйсьці замуж за Ўладзіміра, калі яна была нарманкай
11:57 – чаму Полацак ваяваў з Кіевам і чаму Ўсяслаў Чарадзей уцёк з Кіева
15:25 – калі нарадзілася дзяржаўніцкая тоеснасьць Полацка
16:07 – калі Полацак быў марской дзяржавай
18:33 – чаго мы яшчэ ня ведаем пра раньнюю гісторыю Беларусі
26:10 — хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Алегам Латышонкам:
— Як так сталася, што мы ня маем Полацкага летапісу, ня маем магілаў полацкіх князёў? Такое ўражаньне, што некаму трэба было зацямніць ролю Полацкай дзяржавы і прыменшыць яе значэньне. Полацак жа быў другім горадам у ВКЛ.
— Вось гэта пытаньне! Першым яго паставіў, мусіць, Юры Заяц. Ён паказваў на літоўцаў. І мне здаецца, што гэты адказ будзе слушны. Маем вялікую прорву, цёмнае стагодзьдзе паміж Полацкім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім. І ўжо з часоў Вялікага Княства Літоўскага ня маем ніякіх апавяданьняў падарожнікаў або мясцовых аўтараў. Ніхто не напісаў, што вось тут грабніца такога полацкага князя, а вось тут такога.
Ну ладна, полацкіх маглі ў адным месцы хаваць. Але ж былі друцкія, віцебскія — усюды нейкі князь сядзеў. Тыя Рагвалодавічы так размножыліся, але нічога...
Другая справа, гэта тое, што ператварылі гісторыю Полацкага княства ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» на пачатку XVI стагодзьдзя. Бралі жывыя кавалкі з такіх летапісаў, як Іпацьеўскі, цэлыя сюжэты. І тое, што тычыліся Полаччыны, у выніку ўжо тычылася літоўцаў. Так што гэтая палітыка была мэтанакіраваная.
Мы ня можам усяго даказаць, але калі ў Новы час ужо няма сьледу ад Полацкага княства, і пачынае сьцьвярджацца гісторыя Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, маўляў, тут татары ўсё спляжылі і літоўцы пачалі ўсё наноў, то, я думаю, гэта была дзяржаўная гістарычная палітыка.
Гэта гучыць нечакана адносна такіх даўніх часоў, але я думаю, што часы заўсёды былі такія самыя.
— Так, зразумела, ты гаворыш пра пачатак XVI стагодзьдзя, калі дзейнічалі такія людзі, як канцлер Гаштольд і Міхалон Літвін. Тады патроху пачыналася самаўсьведамленьне продкаў сучасных літоўцаў, і тады ж пачаўся такі самы працэс і сярод продкаў беларусаў. Але вось прафэсар Мікола Ўлашчык лічыў, што Полацкі летапіс зьнішчылі езуіты. Як ты ставісься да такой вэрсіі?
— З асьцярогай. Бо за руку іх не злавіў. Гэта па-першае. Па-другое, полацкіх летапісаў ужо магло ня быць. Езуіты зьявіліся ў часы Баторыя, пасьля ўзяцьця Полацку Баторыем. Я лічу, што ён Полацак узяў, а ня вызваліў.
Я разумею, што зараз крык падымецца, але ж трэба разумець, што Іван Жахлівы быў у Полацку з крыжовым паходам на просьбу праваслаўнага насельніцтва Полацку. А Баторый узяў горад мячом, як сам сказаў. І ўсё, што там было праваслаўнае, перадаў католікам.
Так што якраз у той час магла і бібліятэка загінуць. Яе маглі вывезьці маскоўцы. Але магла яна загінуць і у часе Баторыя, і езуіты яшчэ маглі ня мець да гэтага дачыненьня.
Але я лічу, што зьнікненьне Полацкага летапісу — справа ранейшая. Пра яго ўжо ніякіх згадак раней ня маем. Таму вінаваціць езуітаў, Івана Жахлівага ці Баторыя дарэмна. Проста ўжо да іхняга часу мы ня ведаем, каб нешта захавалася.
Ведаем, што палачане памяталі, што Рыга была іхняя, але ведаем пра гэта выпадкова, ня зь летапісу, але са сьведчаньня гарадзкой рады.
Таму яшчэ раз кажу: я лічу, што гэта адбылося раней. Ні езуіты, ні XVI стагодзьдзе ні пры чым. Ствараліся падмуркі новай дзяржавы, а паколькі яна не выводзілася з гісторыі Полацкай дзяржавы, то гэта было забытае. Трэба памятаць, што ў Полацку літоўцы кіравалі ўжо з паловы ХІІІ стагодзьдзя.
Нельга гэты факт недаацэньваць. Гэта вельмі рана. Усё гэта магло пачацца ўжо тады. Кожны князь прыходзіў са сваёй дружынай. Тыя дружыньнікі, хоць і прымалі праваслаўе, адносіліся да іншай традыцыі. Так што ўсё гэта вельмі складана.
Я нічога не кажу з упэўненасьцю. Але пэўнае адно — страта Полацкага летапісу адбылася раней за XVI стагодзьдзе. Я проста не знаходжу ніякіх зьвестак пра тое, што Полацак мае сваю гісторыю, якой трэба ганарыцца. Усё, што палачане ведаюць, гэта што горад іх «слаўны». Чаму ён «слаўны»? Можа таму, што купецкі? Але гісторыяй слаўнай яны ня хваляцца.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.