Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) апублікаваў вынікі расьсьледаваньня пра тое, як беларускі бізнэсовец, зьвязаны з уладамі, займеў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў за ахвяраваньні ў фонд салідарнасьці.
У расьсьледаваньні адзначаецца, што бізнэсовец-клінэр Эдуард Апсіт, які выбудаваў свой бізнэс у тым ліку на дзяржаўных замовах, атрымаў для сям’і дазволы на жыхарства ў Літве. Паводле літоўскай праваабарончай арганізацыі, у прашэньні аб дазволе на жыхарства гаварылася, што ў Беларусі Апсітам можа пагражаць небясьпека. У якасьці пацьверджаньня ўказвалася, што бізнэсовец рабіў ахвяраваньні ў фонд салідарнасьці BySol. Расьсьледнікі БРЦ высьветлілі, што на момант падачы прашэньня Эдуард Апсіт меў дазвол на жыхарства ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, таксама яны з жонкай маюць грамадзянства Кіпру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абыходзіць санкцыі набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу дапамагае ксёндз, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтарБРЦ адзначае, што падаць прашэньне атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве Апсіту дапамаглі некаторыя дэмакратычныя сілы. У распараджэньні БРЦ аказаўся ліст адной зь юрыдычных асобаў фонду BySol. У ім гаворыцца, што Эдуард Апсіт ахвяраваў грошы арганізацыі праз фонд Stichting Belarus Solidarity Foundation. Агульная сума падтрымкі зь лютага 2021 году па травень 2022 году — крыху больш за €94 тысячы. Зь ліста таксама вынікае, што з сакавіка 2022 году бізнэсовец фінансава дапамагаў украінцам, якія пацярпелі ад вайны.
БРЦ паведамляе, што мае доказы, што сузаснавальнік фонду BySol Яраслаў Ліхачэўскі зьвяртаўся ў літоўскі офіс праваабарончай арганізацыі Freedom House па рэкамэндацыйныя лісты для Апсітаў, паказваючы, што бізнэсовец зьяўляецца іх донарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пінскдрэў» і іншыя беларускія кампаніі абыходзяць санкцыі праз Казахстан і Кіргізстан, — матэрыялы расьсьледаваньняРасьсьледнікі пішуць, што гэтай публікацыяй БРЦ распачынае дыскусію пра тое, дзе ляжаць межы супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасьці зь бізнэсам, да дзейнасьці якога ёсьць пытаньні ў тым ліку ў эўрапейскіх праваахоўнікаў.
На публікацыю дакладу БРЦ адказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. У сваім допісе ён, у прыватнасьці, адзначыў:
«У матэрыяле, апублікаваным БРЦ, мы бачым нейкі дакумэнт, які сьцьвярджае, што ўладальнік кампаніі „Чысты сьвет“ Эдуард Апсіт зрабіў данат на суму больш як €94 тыс. на рахунак нідэрляндзкай арганізацыі, якая называецца Stichting Belarus solidarity foundation. Я не магу камэнтаваць дзеяньні кіраўніцтва гэтай арганізацыі, бо на сёньня ня маю ніякага да яе дачыненьня.
У жніўні 2021 году супярэчнасьці, якія награмадзіліся паміж мной — ідэйным натхняльнікам, стваральнікам канцэпту BySol, і адным з маіх калег і партнэраў, сузаснавальнікам структуры — Яраславам Ліхачэўскім, дасягнулі пункту незвароту. На той момант праца структуры вялася празь дзьве юрыдычныя асобы — Stichting Belarus solidarity foundation і LPF Bysol.
Яраслаў пакінуў за сабой нідэрляндзкую структуру, каманда ж разам са мной працягнула разьвіваць BySol у Літве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма схаваць «сьпісы» тых, хто данаціў BySol і BY_help праз фэйсбук? Тлумачыць Андрэй Стрыжак«У пытаньні маральнасьці і этычнасьці данату ў мяне пазыцыя гранічна простая: КОЖНЫ і КОЖНАЯ можа зрабіць данат у BySol. Больш за тое, зараз на сайт BySol.org можа зайсьці хоць Аляксандар Лукашэнка і зрабіць данат. Донар ня мае ніякага ўплыву на рашэньні арганізацыі, і яму недаступнае карэктаваньне нашых мэтаў.
На маё глыбокае перакананьне, сам факт данату ў BySol ёсьць дастатковаю падставаю для падтрымкі ў легалізацыі нашага донара ў ЭЗ. І калі нехта з удзельнікаў пратэстаў рабіў данаты ў BySol — для нас гэта дадатковы фактар для падтрымкі такога чалавека», — напісаў Стрыжак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імкнёмся дапамагаць, наколькі можам», — заснавальнік BySol Стрыжак пра падтрымку палітзьняволеных«Узгадайце 2020 год, як мы ўсе марылі, каб бізнэс адвярнуўся ад Лукашэнкі і пачаў падтрымліваць пратэст, — дадае Стрыжак. — А што зьмянілася? Ці, можа, вы хочаце сказаць, што рэспэктабэльныя IT-кампаніі ня мелі дзяржаўных замоваў, ці можна было неяк зарабляць грошы ў краіне, не датыкаючыся да ўлады, не аплачваючы варʼяцкія ідэі дыктатуры і не фінансуючы дубінкі АМАПу? Атрымліваецца, што ўсякія грошы ад беларускага бізнэсу апрыёры брудныя і данаты ад кампаніяў прымаць нельга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец Машэнскі страціў кантроль над сонечнай электрастанцыяй ва Ўкраіне? Што пра гэта вядома