У Беларусі падаражэлі камунальныя паслугі. За падагрэў вады ў чэрвені налічылі на 12,7% больш, чым у траўні

Ілюстрацыйнае фота

Рахункі за чэрвень, якія павінны прыйсьці бліжэй да 10 ліпеня, будуць зьмяшчаць большыя сумы, чым у папярэднім месяцы.

Плату за некаторыя паслугі выставяць па павышаных тарыфах, піша Zerkalo. Прычына — іх падаражэньне з 1 чэрвеня.

Тарыфы на ацяпленьне і падагрэў вады, якія субсыдуюцца, з 1 чэрвеня паднялі на 12,7% — да 24,7187 рубля за 1 Гкал.

Напрыклад, за гарачую ваду (за 0,4198 Гкал) у двухпакаёвай кватэры ў Менску на 50 «квадратаў», у якой прапісаны адзін чалавек, паводле льготнага тарыфу за чэрвень выйдзе 10,37 рубля. У траўні выйшла б 9,2 рубля.

У кватэры, у якой ніхто не прапісаны, у чэрвені за такі ж спажыты аб’ём цёплай вады, выйдзе сума 53 рублі. Для такога жыльля тарыф паднялі з 1 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост тарыфаў за камуналку ў Беларусі адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні. Што гэта значыць

З чэрвеня таксама для насельніцтва падаражэла электрычнасьць, а таксама прыродны і звадкаваны газ для ацяпленьня. Так, электраэнэргія стала даражэйшай на 3-13% у залежнасьці ад тарыфу.

Нагадаем, у 2022 годзе з 1 чэрвеня таксама падвышалі субсыдаваныя тарыфы на ацяпленьне і падагрэў вады. Але пазьней урад адмяніў гэтае падвышэньне. Таксама чыноўнікі «адкруцілі» назад цэньнік на электраэнэргію, якую выкарыстоўваюць для ацяпленьня жыльля і падагрэву вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Садавіна падаражэла на 14%, чыгуначныя квіткі — на 22%: як зьмяніліся цэны ў Беларусі з пачатку 2023 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы трацяць на харчаваньне 40% даходаў, немцы — 15%