Два гады таму Сяргей (імя героя зьмененае з пытаньняў бясьпекі родных. — РС) быў адным з кіраўнікоў вядомай грамадзкай арганізацыі, чытаў лекцыі, браў удзел у грамадзка-палітычных праектах. Цяпер ён уцякач, на радзіму вяртацца баіцца і імя сваё ня можа апублічыць, бо ў Беларусі засталіся родныя, за жыцьцё якіх усур’ёз асьцерагаецца. Усьведамленьне штодзённай небясьпекі прыйшло пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту на Акрэсьціна, кажа ён.
«У камэры клапы і прусакі, але гэта адміністрацыю не турбуе»
Сяргей у эміграцыі толькі тры дні. У сярэдзіне чэрвеня мужчына, якому ўжо 60 гадоў, выйшаў з Акрэсьціна пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту і на наступны дзень вырашыў выехаць зь Беларусі.
«Зразумеў, што кашмар, які перажыў за кратамі, для мяне будзе рэгулярна паўтарацца — жыць нармальна ўсё роўна не дадуць. Сабраўся за некалькі гадзін — і вось я тут», — кажа Сяргей.
«Як і раней, палітычным не выдаюць матрацаў і пасьцельнай бялізны, няма перадач, прагулак і душу. У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў трымаюць у перапоўненых камэрах: у нашай, разьлічанай на чатырох, бывала да 18 чалавек. Першыя 5 дзён спаў седзячы, потым — на падлозе. Задуха ў камэры страшэнная, увесь час адчыненая „кармушка“. І ўсё роўна кожныя 15 хвілін ахоўнік падыходзіць да камэры і зазірае ў „вочка“ — пільнуюць нас, палітычных. Баяцца, што нешта ўтворым», — кажа Сяргей.
За два дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня і 13 дзён у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Сяргей пабачыў больш як 20 арыштантаў. Кажа, што прыкладна палова зь іх — палітычныя. За краты трапілі тыя, хто зрабіў нейкі непажаданы ўладам допіс у сацсетках, каго вылічылі па фатаздымках з пратэстаў, проста за тое, што нібыта апазыцыянэр.
«Быў кіроўца маршруткі, на якога „стукануў“ іншы кіроўца, пабачыўшы ягоны нумар. А на рамцы нумара была маленечкая Пагоня. Чалавек кажа, што купіў машыну ўжо з такім нумарам — але што ім патлумачыш. Апазыцыянэр!» — расказвае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вітаем у пекле!». Пачынаем публікаваць фрагмэнты з кнігі журналіста Алега Грузьдзіловіча пра дзевяць месяцаў за кратаміЯшчэ адзін успамін — пра маладога хлопца, якога прывялі ў камэру голага па пояс.
«Вылічылі па фотках як удзельніка пратэстаў. Уварваліся ў кватэру, зрабілі ператрус і ў шафе знайшлі майку з „Пагоняй“. Прымусілі яе надзець і гэтак адвезьлі ў пастарунак, а там склалі пратакол нібыта за пікетаваньне. А ў другога хлопца была тату на грудзях — контур Беларусі з маленькай Пагоняй у цэнтры, дзе сталіца. Усё, таксама сядзіць на „сутках“», — расказвае Сяргей.
Паводле яго назіраньняў, усё часьцей на Акрэсьціна людзей зьмяшчаюць толькі праз падазрэньні ў непажаданай дзейнасьці.
«Маладога мужчыну затрымалі на мяжы зь Літвой, бо ў пашпарце ёсьць некалькі адзнак аб паездках ва Ўкраіну. Сядзіць на Акрэсьціна ўжо 30 дзён. Правяраюць, ці не шпіён. Другі арыштаваны сядзіць ужо 60 дзён за рэпосты. Кожны раз, як канчаюцца чарговыя 15 сутак, дадаюць новыя, толькі б ня выйшаў на волю, пакуль не закончылася праверка. У чалавека ўжо барада вырасла, як у таго таліба. Бо прыладаў галіцца не даюць, як і зубных шчотак ды зубной пасты. Што казаць: у нашай камэры не выводзіліся клапы і прусакі, але нікога з адміністрацыі вязьніцы гэта не турбавала. Ім галоўнае, каб палітычным не было палёгкі», — мяркуе Сяргей.
18 рублёў за матрац і падушку
Суразмоўца заўважае, што тым, каго «суткамі» пакаралі за ўжываньне алькаголю ці лаянку, жывецца на Акрэсьціна значна лягчэй.
«Улада іх лічыць «сацыяльна блізкімі», таму і даюць «прывілеі» — мяркуе былы актывіст. Паводле яго зьвестак, на Акрэсьціна цяпер за 18 рублёў 50 капеек можна на ноч арандаваць матрац, бялізну і падушку, але «палітычным» такога не дазваляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вытрымаць Акрэсьціна і „Валадарку“ дапамагла загартоўка дзедаўшчынай 90-х». Былы палітвязень пра турэмны досьвед і эміграцыю«Кнігі Алексіевіч і Бяляцкага загадалі зьнішчыць»
Свае 15 сутак Сяргей адбываў праз абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні міліцыі. Былы актывіст мяркуе, што яно было цалкам штучным. Падчас вобшуку ў яго не знайшлі нічога, што магло б даць падставы для арышту.
«Першы ператрус у мяне быў яшчэ ў 2021 годзе. Тады абшукалі кватэру даволі стрымана, забралі толькі кампутарную тэхніку і ў выніку не пасадзілі. Толькі закрылі нашу арганізацыю. І вось мінула два гады... За гэты час ніякай палітычнай актыўнасьці не праяўляў, але напэўна быў у іх у сьпісе небясьпечных актывістаў. Таму і вырашылі забраць», — мяркуе Сяргей.
Новы вобшук, у пачатку чэрвеня, быў куды больш брутальным, кажа суразмоўца. У яго не знайшлі нічога з так званай «забароненай сымболікай», але забралі кнігі Сьвятланы Алексіевіч і Алеся Бяляцкага і папярэдзілі, што іх давядзецца зьнішчыць.
«Яшчэ была кніга пра Курапаты. Усе сабралі і сказалі, што могуць ня ўносіць гэта ў пратакол вобшуку, але тады давядзецца зьнішчыць. Давялося выбраць апошняе. Яшчэ спыталі, чаму ў мяне няма дзяржаўных сьцягоў. Дзіўнае пытаньне. Хіба ж гэта злачынства? Але давялося адказваць, што ня ведаю, куды такі сьцяг падзець», — згадаў пра вобшук Сяргей.
Паводле суразмоўцы, пасьля вобшуку яму сказалі, што павязуць на размову ва ўправу КДБ, а замест гэтага прывезьлі ў міліцыю.
«Пакінулі аднаго. Сяджу, чакаю. Раптам прыходзіць міліцыянт і кажа, што вось на мяне складзены пратакол за непадпарадкаваньне. Усё! Гэтак апынуўся на Акрэсьціна. А як быў суд па скайпе, дык гэты ж міліцыянт мяне не пазнаў і сьведчыў, што мяне нібыта затрымалі каля дома. Ну як камэнтаваць такую хлусьню? Вось да якіх часоў дажылі!» — абураецца суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эйджызм і мянушкі ў калёніі. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня