«Пацьверджана ўзаемная нацэленасьць на далейшае разьвіцьцё беларуска-ватыканскага супрацоўніцтва, а таксама ўмацаваньне міжканфэсійнага дыялёгу, міру і згоды», — гаворыцца ў прэс-рэлізе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Гуджэроці прыбыў у якасьці спэцыяльнага пасланьніка папы Рымскага Францішка для ўдзелу ў сьвяткаваньнях, прысьвечаных 25-й гадавіне каранацыі абраза Будслаўскай Божай Маці.
Традыцыйныя ўрачыстасьці ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці (Будслаўскі фэст) пройдуць 30 чэрвеня — 1 ліпеня, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.
Сёлета сьвята, унесенае UNESCO ў Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, адбудзецца пад знакам 25-годзьдзя каранацыі згаданага абраза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуджэроці распавёў папу рымскаму пра палітвязьняў- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за масавымі пратэстамі. Некаторыя сьвятары прайшлі праз затрыманьні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
- Сёлета ў велікодным віншаваньні апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч гаварыў пра зьняволеных, якія «ня могуць вярнуцца дадому і сустрэцца з блізкімі».
- Знакавы для вернікаў Чырвоны касьцёл у Менску быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка таго году была скасаваная дамова бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць богаслужэньні ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- У сярэдзіне лютага 2023 году вернікам і сьвятарам удалося агледзець Чырвоны касьцёл знутры. Прадстаўнікі касьцельнага камітэту пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгарання, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».
- У першай палове чэрвеня канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі выказала заўвагі да праекту новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», адзначыўшы, што «рэлігійныя арганізацыі каталіцкай царквы ў Беларусі [пасьля прыняцьця закону ў цяперашняй рэдакцыі] могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасьцямі пры выкананьні некаторых частак прапанаванага законапраекту».
- Аляксандар Лукашэнка наведваў Ватыкан у 2009 і 2016 гадах. Ён неаднаразова прапаноўваў свае паслугі для арганізацыі ў Беларусі сустрэчы папы Рымскага і кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы. Гэтая сустрэча адбылася на Кубе ў 2016 годзе.
- Каталіцызм — другая па колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тысяч грэка-католікаў.