У складзе беларускай дэлегацыі, якая даставіла ў Ватыкан копіі марыйных абразоў, што ўшаноўваюцца ў Беларусі, быў хор касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску «Голас душы». Ён выканаў некалькі шматгалосных багародзічных беларускіх сьпеваў, надаўшы аўдыенцыі з пантыфікам больш урачысты характар, піша Vatican news.
Хор Чырвонага касьцёла засьпяваў на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане перад Папам. У прыватнасьці, хор выканаў песьню «Малюся за цябе, Беларусь».
Збор з 15 абразоў Багародзіцы, напісаных мастачкай з Маладэчна Ядзьвігай Сянько, трэці раз выехаў за межы краіны. У лістападзе копіі абразоў знаходзіліся ў Вільні падчас Апекаў Маці Божай — урачыстасьцяў у гонар Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, а ў траўні — у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, у Чэнстахове.
Папа Францішак дабраславіў копіі абразоў, а таксама атрымаў у дар сьпіс іконы Маці Божай Будслаўскай.
- Чырвоны касьцёл быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году.
- Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
- Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка з прыходам скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла.
- 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць богаслужэньні ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- У сярэдзіне лютага 2023 году вернікам і сьвятарам удалося агледзець Чырвоны касьцёл знутры.
- Прадстаўнікі касьцёльнага камітэта пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».