Георгія Кандрацьева звольнілі з пасады галоўнага трэнэра зборнай Беларусі ў футболе

Георгій Кандрацьеў

Беларуская фэдэрацыя футболу абвясьціла пра адстаўку трэнэрскага штабу зборнай Беларусі.

У паведамленьні прэс-службы арганізацыі матывы звальненьня не называюцца. Аднак некаторыя футбольныя блогеры пішуць, што 63-гадовы спэцыяліст адмовіўся падаваць АБФФ справаздачу пра гульню каманды ў папярэдніх гульнях, матывуючы гэта тым, што наперадзе яшчэ палова адборачнага цыклю да чэмпіянату Эўропы-2024.

Георгі Кандрацьеў у камэнтары «Прессболу» заявіў, што рашэньне Беларускай фэдэрацыі футбола засьпела яго зьнянацку:

«У мяне быў шок, нішто не прадвяшчала гэтага рашэньня, а тут як сьнег на галаву. Нават ня ведаю, як камэнтаваць, як ёсьць», — сказаў ён.

Кандрацьеў зазначыў, што яго «ні пра што не папярэджвалі, сказалі толькі рыхтавацца да выканкаму». «За 30 хвілін да мерапрыемства мяне выклікаў Мікалай Мікалаевіч (кіраўнік АБФФ Мікалай Шарстнёў — рэд.). Ён сказаў, што прынялі рашэньне расстацца са мной і ўсім трэнэрскім штабам», — паведаміў Кандрацьеў.

Хто стане новым галоўным трэнэрам каманды, пакуль невядома, але спартовы камэнтатар Уладзіслаў Татур у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што атрымаў зьвесткі аб плянах фэдэрацыі запрасіць у каманду замежнага трэнэра.

Георгій Кандрацьеў кіраваў зборнай двойчы — у 2011–2014 і 2021–2023 гадах. У другі пэрыяд адбылася 16-матчавая сэрыя безь перамог у афіцыйных турнірах. Агулам пад кіраўніцтвам Кандрацьева нацыянальная каманда правяла 27 кваліфікацыйных гульняў, у якіх толькі 2 разы перамагла і 5 разоў згуляла ўнічыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шахтар» пазбавілі званьня чэмпіёнаў Беларусі ў футболе за дамоўныя гульні

Адметна, што звальненьне Кандрацьева адбылося пасьля першай за два гады перамогі — у адборы на Эўра-2024 са зборнай Косава. У групе зь беларусамі гуляюць таксама Швайцарыя, Румынія, Ізраіль і Андора.

У сусьветным рэйтынгу зборная Беларусі займае 98-е месца.

Сёньня ў швайцарскім Ньёне Эўрапейская фэдэрацыя футбольных асацыяцый (УЭФА) вырашыла разьвесьці зборныя Ўкраіны і Беларусі па розныя бакі турнірнай сеткі на фінальны турнір Эўра-2024, каб яны не сустрэліся на групавым этапе. Зрэшты, пакуль шанцы беларускай нацыянальнай зборнай кваліфікавацца на турнір выглядаюць невысокімі — дзеля гэтага камандзе трэба перамагчы ледзь не ўва ўсіх астатніх 6 паядынках у кваліфікацыйнай групе, у тым ліку зь лідэрамі — швайцарцамі і румынамі, ад якіх беларусы пацярпелі паразы ў першых матчах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УЭФА мінімізаваў імавернасьць сустрэчы зборных Беларусі і Ўкраіны на футбольным чэмпіянаце Эўропы