У Менску судзяць журналіста Паўла Падабеда

Павал Падабед

Паўлу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня паводле ч. 3 арт. 3611 КК («Уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня»).

Працэс над палітзьняволеным журналістам Паўлам Падабедам распачаўся 28 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе а 10 гадзіне, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разглядае Яўген Пісарэвіч, які стала ўдзельнічае ў палітычных працэсах ад 2020 году.

Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 году. У той дзень ён выправіўся на пошту, каб заплаціць за навучаньне сына. Пасьля ён перастаў выходзіць на сувязь. Сам факт арышту Павал Падабед пацьвердзіў, патэлефанаваўшы сваякам. Яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Менскага раёну, абвінаваціўшы паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 у распаўсюдзе (рэпосьце) «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

4 лютага скончыліся 15 дзён адміністрацыйнага арышту, якім пакаралі відэаапэратара. Але на волю ён так і не выйшаў. Яго перавялі ў СІЗА №1 Менску і завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361- 4 Крымінальнага кодэксу («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

За кратамі Падабед ужо больш за паўгода, цяпер яму інкрымінуюць «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэксу, за што пагражае абмежаваньне волі да 4 гадоў або накіраваньне ў калёнію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: 5 гадоў калёніі лідчаніну за данаты ў фонд падтрымкі рэпрэсаваных; працягваюцца затрыманьні на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 чэрвеня: У Менску затрымалі іншаземца за падпал афіцыйнага сьцяга; зноў асудзілі Валянціну Болбат