Першапачаткова беларусаў і расейцаў адхілілі ад міжнародных турніраў летась 1 сакавіка, неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пры дапамозе беларускіх уладаў.
На цяперашнім пасяджэньні ў Пунта-Кана (Дамініканская Рэспубліка) кіраўніцтва ФІВБ паўтарыла «сваё папярэдняе рашэньне».
Забарона на ўдзел у спаборніцтвах тычыцца як клясычнага, так і пляжнага валейболу, а таксама валейболу на сьнезе.
На сустрэчы было таксама вырашана не паказваць Беларусь і Расею ў сусьветным рэйтынгу «на час іх няўдзелу ў мерапрыемствах», бо іх рэйтынгавыя ачкі «застаюцца замарожанымі» ў адпаведнасьці з прынятым у кастрычніку 2022-га рашэньнем Адміністрацыйнай рады ФІВБ.
28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
Сёлета 25 студзеня выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі праз вайну супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму з спартоўцаў нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з прычыны ягонага пашпарта».
28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўропы патрабуе забараніць беларускім і расейскім спартоўцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях