Гэткае няўлоўнае трывожнае і адначасова прасякнутае надзеяй адчуваньне блізкіх перамен. Зрэшты, вельмі хутка гэта пачуцьцё згасла. З падзеямі і 1991-га, і 1993 году ў тым, што адбылося 23-24 чэрвеня 2023-га на поўдні Расеі і на фэдэральнай трасе з Растова-на-Доне да Масквы, як выявілася, ня так шмат агульнага.
Тады, у 90-я, спробы мяцяжу і перавароту адбываліся на тле абуджанага і пазбаўленага страху грамадзтва. Ніхто не хапаў людзей, якія адважваліся выходзіць на вуліцу з пратэстам. Журналісты дзяржаўных тэлеканалаў цэлымі рэдакцыямі бясстрашна пераходзілі на бок тых, хто змагаўся за свабоду і дэмакратычную будучыню краіны. Тое прадчуваньне пераменаў складалася ня толькі з выгляду танкаў на вуліцах расейскіх гарадоў (танкаў хапала і цяпер); але найперш — з удзелу саміх людзей у тым, што адбывалася на вуліцы. Гэтым разам нічога гэтага не было — ні разьняволенага грамадзтва, ні аб’яднальнай ідэі, якая б прымушала класьціся пад гусеніцы танкаў. Ні магутнай ельцынскай фігуры пасярод гатовых да самаахвярнасьці людзей.
Хутчэй усё нагадвала фінал пушкінскай трагедыі «Барыс Гадуноў», у якім баярын Масальскі, адзін з забойцаў удавы Барыса Гадунова і яе сына, абвяшчае натоўпу: «Народ! Марыя Гадунова і яе сын Фёдар атруцілі сябе. Мы бачылі іхныя мёртвыя целы. (Народ у жаху маўчыць.) Што ж вы маўчыце? Крычыце: «Няхай жыве цар Дзьмітры Іванавіч!» (Народ «безмолвствует»).
Народ «безмолвствовал», утаропіўшыся ў дысплэі смартфонаў і ноўтбукаў, назіраючы за тым, чым скончыцца паядынак гэтых дзьвюх брутальных і бязьлітасных сілаў, якія сышліся ў жорсткім клінчы за ўладу і грошы. Відавочна, і зыход гэтага паядынку аказаўся такім невыразным, цьмяным і няпэўным таму, што людзі ва ўсім гэтым практычна ніяк ня ўдзельнічалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я называю яго Жэня». Гісторыя знаёмства Лукашэнкі і ПрыгожынаСкаваныя адным ланцугом
Практычна ўсе блізкія і далёкія суседзі Расеі сьпешна адмежаваліся ад таго, што адбывалася ў РФ 23-24-га чэрвеня. Многія пасьпяшаліся заявіць, што гэта «ўнутраная справа Расеі»; некаторыя абвесьцілі пра ўмацаваньне сваіх межаў. Амаль усе «партнэры па СНД і АДКБ» у тэрміновым парадку правялі нарады «сілавікоў», каб як мага больш надзейна адгарадзіць свае краіны ад суседзкіх забурэньняў. І гэта зусім лягічныя і зразумелыя паводзіны: менавіта так адбывалася і ў 90-я гады. Краіны Балтыі, напрыклад, у той момант максымальна выкарыстоўвалі аслабленьне і дэзарганізацыю Расеі, каб як мага болей адасобіцца ад былой мэтраполіі і ўмацаваць уласную незалежнасьць.
Адзіным замежным лідэрам, які ўзяў чынны ўдзел у вырашэньні апошняга расейскага крызісу, стаў Аляксандар Лукашэнка. І гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі трывала, нібы жалезным ланцугом, прыкутая сёньняшняя Беларусь да пуцінскай Расеі. Наўрад ці з боку Лукашэнкі гэта было толькі жаданьне піяру. Ратаваў ён ня столькі Пуціна, колькі сябе. Незалежнасьць сёньняшняй лукашэнкаўскай Беларусі хісткая і ўмоўная. Любы цяперашні мяцеж у Расеі — гэта мяцеж і ў Беларусі, бо ягоныя наступствы для трываласьці менскага рэжыму непазьбежныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Расеі заявілі, што крымінальнай справы супраць Прыгожына не спынілі«Выратаваў Расею ад крывавай бойні»
Зьвяртае на сябе ўвагу даволі сьціплае і стрыманае асьвятленьне гэтай тэмы ў афіцыйных СМІ. Зьявілася некалькі публікацый пад патаснымі загалоўкамі кшталту «Лукашэнка выратаваў Расею ад крывавай бойні», але прыкметнага працягу гэта гэта тэма не атрымала. Сам Лукашэнка падрабязнасьці свайго дзейснага ўдзелу ў вырашэньні гэтага крызісу дагэтуль не агучваў. А безь ягонай «адмашкі» распачынаць падобную кампанію ніхто не адважыцца — хоць прапаганда да ўслаўленьня «гераічнай ролі» і «вырашальнага ўдзелу», без сумневу, гатова.
На тое, відавочна, ёсьць прычыны. У самой Расеі тэма вырашальнай ролі Лукашэнкі ў выратаваньні ад смуты афіцыйная прапаганда асабліва не раскручвае. Прычына зразумелая: наўрад ці такое спадабалася б Крамлю. Многія памятаюць, як у канцы 90-х ён рэальна разьлічваў на тое, каб выхапіць шапку Манамаха з аслабелых рук Барыса Ельцына. Хто ведае, ці не абудзіцца даўняе жаданьне цяпер, калі гэтая шапка ня надта трывала трымаецца і на галаве ў Пуціна.
Незалежныя назіральнікі і аналітыкі губляюцца ў здагадках: што ж такое мог паабяцаць Лукашэнка Прыгожыну (чым запалохаць, што паабяцаць, чым завабіць ці спакусіць), што той раптам так паслухмяна пагадзіўся спыніць свой пераможны марш на Маскву і, кажучы словамі афіцыйнага паведамленьня, «прыняў прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб спыненьні руху ўзброеных асобаў кампаніі „Вагнэр“ на тэрыторыі Расеі і далейшых кроках па дээскаляцыі напружанасьці». (Што адметна, імя Лукашэнкі ў сваёй кароткай заяве аб спыненьні мяцяжу Прыгожын не згадаў).
Адказу на ўсе гэтыя пытаньні пакуль няма. Як няма і пэўнасьці: наколькі надзейнымі былі тыя гарантыі бясьпекі, якія даваў Лукашэнка Прыгожыну. І ці зьявіцца той увогуле ў Беларусі, ці дазволяць яму бесьперашкодна перасячы беларуска-расейскую мяжу — у тым выпадку, калі за ягонымі плячыма больш ня будзе шматтысячнай калёны бранятэхнікі. Спроба ўзброенага мяцяжу 24 чэрвеня спыненая. Але гэта зусім не азначае, што кропка ў гэтай гісторыі пастаўленая і што смута ў Расеі ня будзе мець працягу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі, як Лукашэнка можа выкарыстаць свой удзел у спыненьні мяцяжу ПрыгожынаКувалда для Лукашэнкі
...Галоўны сымбаль ПВК «Вагнэра», зь якім трывала спалучаны вобраз Яўгенія Прыгожына — кувалда, з дапамогай якой у ягоных падразьдзяленьнях каралі сьмерцю дэзэртыраў і здраднікаў. Гэты атрыбут, як вядома, падабаецца Лукашэнку. У мінулым красавіку падчас суботніка менавіта кувалду ён падараваў Рыгору Азаронку — аднаму са сваіх самых адданых і апантаных прапагандыстаў. А ў канцы траўня прыгожынскую кувалду ў аксамітным футарале ад скрыпкі наведнікі бачылі ў фае прэзыдэнцкага палаца — на выставе падарункаў, атрыманых Лукашэнкам ад розных вядомых асобаў. Ці па-ранейшаму захоўваецца там кувалда сярод самых ганаровых і пачэсных прэзэнтаў, пакуль што не паведамляецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адрэагавала на абвяшчэньне прыезду Прыгожына ў Беларусь: «Яшчэ адзін элемэнт нестабільнасьці»Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.