У 1917 годзе лютаўская рэвалюцыя паспрыяла аслабленьню цэнтралізацыі Расейскай імпэрыі (найперш вайсковай), а кастрычніцкія падзеі прывялі да захопу ўлады бальшавікамі і татальных паразаў на фронце. Гэтым скарысталіся нацыянальна арыентаваныя беларускія дзеячы, якія 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Учынены так званым ГКЧП путч 19–21 жніўня 1991 году стымуляваў актыўнасьць антыімпэрскіх сілаў у савецкіх рэспубліках. У Беларусі Беларускі народны фронт (БНФ) вывеў людзей на вуліцу, і ўжо 25 жніўня была абвешчаная незалежнасьць.
Увосень 1993 г. абраны яшчэ пры камуністычнай уладзе Вярхоўны Савет Расеі ўступіў у канфлікт з абраным народам прэзыдэнтам Ельцыным; Ельцын перамог з выкарыстаньнем сілы. У Беларусі гэта, аднак, падштурхнула былую камуністычную прарасейскую намэнклятуру да яшчэ большага ўмацаваньня улады. Яна аб’ядналася з «маладымі ваўкамі» Лукашэнкі і правяла ў Канстытуцыю прэзыдэнцтва. Перамог той, хто больш абяцаў (і народу, і Маскве).
Вядома, разглядаць усе тры прыклады толькі ў фармаце Расея—Беларусь азначала б ігнараваньне істотных фактараў — найперш вонкавага, міжнароднага кантэксту. У пачатку стагодзьдзя гэта «вясна народаў», якая мела вынікам незалежнасьць усходнеэўрапейскіх дзяржаваў. Пад канец ХХ стагодзьдзя — гэта ініцыяваная Гарбачовым «перабудова», узьнікненьне і ўзмацненьне нацыянальных рухаў у СССР, распад вайскова-палітычнага блёку Варшаўскай дамовы.
І ўсё ж на Беларусь тыя падзеі паўплывалі самым непасрэдным чынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская смута, якая можа зачапіць і Лукашэнку. Некалькі высноваў зь мяцяжу ПрыгожынаНізкі аўтарытэт улады і роля выпадку
Паміж гэтымі трыма падзеямі (у 1917–18, 1991 і 1993 гадах), пры ўсім іхным непадабенстве, існавала агульнае: нізкі аўтарытэт у народзе вярхоўнай улады — ці то цара Мікалая II, ці то прэзыдэнта СССР і генэральнага сакратара Гарбачова, ці то прэзыдэнта РФ Ельцына.
Ня менш істотны і фактар расколу эліты: у 1917 годзе нават некаторыя чальцы «императорской фамилии» падтрымалі лютаўскую рэвалюцыю чырвонымі бантамі на грудзях; у 1991-м частка паплечнікаў Гарбачова арганізавала ГКЧП, а іншыя — актыўна выступілі супраць; у 1993-м апанэнтамі Ельцына былі віцэ-прэзыдэнт Аляксандар Руцкой і сьпікер парлямэнту Руслан Хасбулатаў, а кіраўнікі сілавых ведамстваў у сваіх сымпатыях падзяліліся.
Магчыма, таму ўва ўсіх трох выпадках выбар гісторыі залежаў ад паводзінаў некалькіх, у іншы час ня вельмі і значных, асобаў.
У 1917-м брат Мікалая II вялікі князь Міхаіл, які цалкам задавальняў камандуючых акругамі, што раней параілі цару адмовіцца ад трону, не пажадаў узяць вярхоўную ўладу, бо не атрымаў гарантыяў ад старшыні часовага камітэту Дзяржаўнай думы Міхаіла Радзянкі. У тыя дні князь Міхаіл вельмі пакутаваў ад абвастрэньня язвы страўніка і ня быў схільны да доўгіх кансультацыяў ды разважлівых рашэньняў.
У ноч з 20 на 21 жніўня 1991-га ў Маскве камандзір «Альфы» Віктар Карпухін адмовіўся выканаць загад старшыні КДБ на штурм Белага дому, бо вынікам штурму была б вялікая колькасьць ахвяраў: Белы дом шчыльным колам атачылі дзясяткі тысяч чалавек.
У кастрычніку 1993-га ня ўсе генэралы хацелі абараняць Ельцына, некаторыя сілавікі перайшлі на бок Руцкога і Хасбулатава, і толькі выступ у тэлевізіі Ягора Гайдара з заклікам да масквічоў выйсьці на вуліцы паставіў генэралаў перад выбарам: ці страляць у народ, ці па Белым доме, які тады ўжо быў штабам «антыельцынцаў».
Ня выключана, што іншыя паводзіны князя Міхаіла і Радзянкі, камандзіра «Альфы» Карпухіна ці Гайдара маглі б павесьці Расею ў зусім іншым кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла БеларусьПуцін пакуль мае падтрымку насельніцтва
Што да цяперашняга рэйтынгу расейскай найвышэйшай улады, дык Пуцін выгадна адрозьніваецца ад сваіх папярэднікаў. Вядома, вынікі сацыялягічных апытаньняў розьняцца, часта ў іх увогуле сумняваюцца тыя, хто лічыць іх аб’ектыўнасьць у аўтарытарным грамадзтве немагчымай паводле вызначэньня. Тым ня менш, з пачатку нападу на Ўкраіну падтрымка Пуціна застаецца на ўзроўні плюс-мінус 80% (у красавіку—траўні 2023-га, паводле Фонду грамадзкай думкі, — 80%, Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі — 90,9%, Левада-цэнтру — 83%). Нават калі падзяліць гэтыя лічбы на два — узровень падтрымкі вышэйшы, чым у згаданыя часы ў Гарбачова і ў Ельцына. Пра Мікалая II лічбаў, як вядома, няма.
Правал «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (у кожным разе, у той форме, у якой яна анансавалася Крамлём) ня вельмі істотна паўплываў на падтрымку Пуціна. Прагнозы тых, хто прадказваў народныя бунты ў рэгіёнах Расеі пасьля вяртаньня тысячаў салдатаў у трунах, ня спраўдзіліся.
Пуцін мае падтрымку насельніцтва. І ў выпадку, калі яму ўдасца задушыць мяцеж Прыгожына, ёсьць падставы думаць, што ягоны рэйтынг вырасьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Чэхіі пра напад Расеі на Ўкраіну: «Гэта не вайна аднаго Пуціна, гэта расейская вайна»Калі нацыянальныя сілы ўплывовыя, а калі — ня вельмі
Калі ж паглядзець на Беларусь, дык сёньняшняя сытуацыя мала нагадвае папярэднія.
Найперш гэта адсутнасьць уплывовай выразна нацыянальнай арыентаванай палітычнай сілы ўнутры самой Беларусі, якая магла б дзейнічаць адкрыта.
Прыкметна, што як у 1917–18-м, гэтак і ў 1991 гадах у Беларусі існавалі палітычныя арганізацыі і асобы, якія адстойвалі менавіта нацыянальна арыентаваны, беларускі шлях разьвіцьця.
У 1918-м гэта былі найперш Беларуская сацыялістычная Грамада, браты Антон і Іван Луцкевічы, якія ня толькі абгрунтавалі мэтазгоднасьць стварэньня беларускай дзяржавы, але і правялі арганізацыйныя захады, вынікам якіх быў Акт 25 сакавіка 1918 году.
У жніўні 1991 году дэпутаты Апазыцыі БНФ прымусілі кіраўніцтва Вярхоўнага Савету склікаць надзвычайную сэсію, на якую падалі пакет законапраектаў аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу. Арганізаваны БНФ шматтысячны мітынг ля Дому ўраду прымусіў дэпутатаў-камуністаў уключыць прапановы фронтаўцаў у парадак дня і ня толькі абвясьціць незалежнасьць, але і спыніць дзейнасьць уласнай партыі.
Іншая сытуацыя была ўвосень 1993-га. Годам раней большасьць дэпутатаў адмовілася ад датарэміновых выбараў, на якіх настойваў БНФ, улада ўчорашніх камуністаў ня толькі захавалася, але і ўзмацнілася. Уплыў фронтаўцаў зрабіўся значна меншы, чым двума гадамі раней. І прапанова той жа Апазыцыі БНФ пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў за падтрымку праімпэрскага мяцяжу ў Маскве і заклікі да аб’яднаньня з Расеяй нават не была ўключаная ў парадак дня сэсіі: кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч меў свае пляны на Лукашэнку, бо бачыў у ім «таран» супраць сьпікера Шушкевіча, які лічыўся фармальным кіраўніком дзяржавы. Некаторыя камэнтатары перакананыя, што гэтым быў страчаны апошні шанец спыніць Лукашэнку на шляху да ўлады.
Усё ж і пасьля 1993 году нацыянальна-дэмакратычным сілам удавалася пэўны час стрымліваць краіну ад канчатковага спаўзаньня ў дыктатуру — аж пакуль самыя гэтыя сілы не былі разгромленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993: Апазыцыя БНФ патрабуе пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваўУ Беларусі два палітычныя гульцы. Другі — Лукашэнка, першы — Пуцін
Сёньня ў Беларусі ні ўрад, ні «парлямэнт» ня маюць хоць якой самастойнасьці і на 100% залежаць ад аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі. Усякая палітычная актыўнасьць грамадзтва задушаная, кіраваньне дзяржаўнымі структурамі ажыцьцяўляецца пры падтрымцы сілавога блёку, а сама краіна дэ-факта ператвораная ў ваенны пляцдарм РФ. Менавіта з тэрыторыі Беларусі расейская армія ўварвалася ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Знаходжаньне ў Беларусі расейскай арміі і вайсковых аб’ектаў выклікае галоўнае пытаньне: у надзвычайнай сытуацыі найважнейшыя палітычныя рашэньні застаюцца за кіраўніком Беларусі ці Расеі? Ці дастатковая аўтаномія манэўру фактычнага кіраўніка Беларусі, калі ўявіць, што ён пажадаў бы яго зрабіць?
Да таго ж Аляксандар Лукашэнка можа апынуцца перад праблемай ляяальнасьці ўласных сілавых структур, многія ключавыя асобы якіх альбо паходзяць з Расеі, альбо атрымалі прафэсійную адукацыю, навучаньне, інструктаж у інстытуцыях суседняй краіны і, відавочна, ляяльныя ёй.
Сакратар Савету бясьпекі можа і ня выканаць загад, калі загад будзе не ў інтарэсах Пуціна.
Міністар абароны можа зірнуць у люстэрка і ўбачыць, што ў яго на пагонах па дзьве маленькія генэральскія зоркі, а ў маскоўскіх генэралаў — па адной, затое вялікія.
Кіраўніца «сэнату» (якая паводле Канстытуцыі выконвае абавязкі прэзыдэнта ў пэўных выпадках) можа ўспомніць, што пры падтрымцы Крамля рэальна зробіцца не фармальна другой асобай, а фармальна першай.
Лукашэнка сам вычысьціў кіроўную эліту ад тых, хто перад дылемай «Беларусь або «русский мир» зрабіў бы выбар на карысьць першай, сам прывёў на ключавыя пасады тых, для каго, як пісалі калісьці ў школьным буквары, «столица нашей Родины — Москва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская смута, якая можа зачапіць і Лукашэнку. Некалькі высноваў зь мяцяжу Прыгожына ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залежныя і прыніжаныя. Расейская кувалда для беларускай намэнклятуры