Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Апазыцыя БНФ патрабуе пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Галіна Сямдзянава (Hаваградзкая гарадзкая выбарчая акруга № 262, Горадзенская вобласьць): Я зрабіла запыт да старшыні КДБ і старшыні Савету міністраў. Спадар Шыркоўскі своечасова даў адказ. Якое ж было маё абурэньне і зьдзіўленьне, калі з парушэньнем тэрмінаў я атрымала ад Саўміну за подпісам начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны спадара Данілава той самы адказ, які яшчэ 10 дзён таму мела за подпісам старшыні КДБ. У сувязі з гэтым пытаньне. Ці варта трымаць у Савеце міністраў вялікі штат чыноўнікаў з саліднымі акладамі, якія займаюцца не канкрэтнай справай, а перасылаюць паперкі з адной арганізацыі ў другую і займаюцца каардынацыяй грамадзка-палітычных рухаў камуністычнага накірунку за дзяржаўны кошт?

Выступ у "Розным"

Увесь 1992 год мы гаварылі пра рэфэрэндум і датэрміновыя выбары. У 1993-м і рэфэрэндум, і выбары адбыліся — але не ў Беларусі, а ў Расеі.

У красавіку ў Расеі адбыўся рэфэрэндум пра давер да прэзыдэнта і пра неабходнасьць датэрміновых выбараў. 58,75 % удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за давер, 53 % ухвалілі сацыяльна-эканамічную палітыку Ельцына і ягонага ўраду, 49,5 % палічылі патрэбным датэрміновыя выбары прэзыдэнта і 67,2 % былі за тое, каб правесьці датэрміновыя выбары народных дэпутатаў Расеі.

І хоць вынікі рэфэрэндуму ў частцы датэрміновых выбараў ня мелі абавязковага характару, прэзыдэнт Барыс Ельцын успрыняў іх як падтрымку народа ў супрацьстаяньні з камуністычным парлямэнтам.

21 верасьня Ельцын заявіў, што распускае Вярхоўны Савет і прызначае новыя выбары. Паводле Канстытуцыі Расеі, Ельцын ня меў права на такі крок — але, як ён заявіў, перад гэтым вычарпаў усе магчымасьці канстытуцыйнага разьвязаньня канфлікту паміж прадстаўнічай і выканаўчай уладай. Заходнія лідэры, у асноўным, падтрымалі Ельцына.

Дзеяньні Ельцына і цяпер ацэньваюцца па-рознаму, найперш адносна іх канстытуцыйнасьці. Паводле майго перакананьня (гэтак сама я лічыў і ў 1993 годзе), трэба найперш браць пад увагу сутнасьць тагачаснай расейскай Канстытуцыі, якая была прынятая яшчэ ў савецкія, камуністычныя часы, і менавіта таму была вельмі прыдатная для антыдэмакратычных, шавіністычных сілаў. Закладзеныя ў расейскім Асноўным законе нормы яны выкарыстоўвалі напоўніцу, каб спыніць дэмакратычныя і эканамічныя рэформы (якія Ельцын усё ж праводзіў, хоць і непасьлядоўна) і вярнуць грамадзтва ў таталітарызм. Гэта былі тыя самыя сілы, зь якімі салідарызаваліся камуністы і шавіністы ў Беларусі, гэта да іх у Маскву езьдзілі Лукашэнка, Казлоў і Булахаў. Аддаць Расею ў іх рукі было б непараўнальна горш, чым парушыць нормы Асноўнага закону.

Быў і яшчэ адзін важны аспэкт: Ельцын, распускаючы Вярхоўны Савет, абвяшчаў рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі і, адначасна, выбары новага парлямэнту. Такім чынам, ён даваў народу права вызначыць дзяржаўны лад, а менавіта народ у дэмакратычных краінах і ёсьць крыніцай улады.

Гэтае рашэньне Ельцына (як і празь некалькі дзён штурм будынку Вярхоўнага Савету), на мой погляд, было адзіным шанцам спыніць «чырвона-карычневых», якія, захапіўшы ўладу ў Маскве, безумоўна, не спыніліся б на Расеі — і першай была б зьнішчаная Беларусь як сувэрэнная дзяржава, балазе ў кіраўніцтве Саўміну хапала прыхільнікаў Хасбулатаваа і Макашова і праціўнікаў беларускай незалежнасьці.

Зь цягам часу, аналізуючы падзеі восені 1993-га, я пераканаўся, што Ельцына можна папракнуць толькі ў адным — ня ў тым, што ён зрабіў, а ў тым, чаго не зрабіў.

У першыя тыдні пасьля правалу ГКЧП у жніўні 1991-га, калі абрынулася КПСС, калі аўтарытэт Ельцына быў у народзе як ніколі высокі (у адрозьненьне ад рэнамэ прэзыдэнта фармальна існуючага СССР Гарбачова), калі чыноўнікі і ў Маскве, і ў рэгіёнах баяліся за свой лёс і гатовыя былі выканаць які заўгодна загад пераможцы (а менавіта Ельцын справядліва лічыўся пераможцам) — вось у гэтыя тыдні кіраўнік Расеі мусіў зрабіць самыя рашучыя крокі, каб канчаткова зьнішчыць рэшткі камуністычнай сыстэмы.

Гэта было б лягічна і гістарычна справядліва — як справядлівай і неабходнай была ліквідацыя рэштак нацысцкага дзяржаўнага ладу і нацысцкай ідэалёгіі ў Нямеччыне. Тады, у 1945-м, нікому зь пераможцаў не прыходзіла ў галаву спыніцца перад пытаньнем — а ці адпавядаюць іх дзеяньні законам Трэцяга Райху? А ці не закрануць яны пачуцьці сотняў тысяч «простых» членаў нацысцкай партыі, якія непасрэдна ня мелі дачыненьняў да злачынстваў гітлераўскага рэжыму?

Прызнаньне ўказам злачыннага характару камуністычнай партыі і яе забарона, забарона камуністычных і пракамуністычных выданьняў, вынас Леніна з Маўзалея, ліквідацыя КДБ і поўнае, у максымальна кароткі тэрмін, адкрыцьцё яго архіваў, прызначэньне новых выбараў у парлямэнт (які, калі б абіраўся ў верасьні-кастрычніку 1991-га, адназначна быў бы дэмакратычным) — вось толькі некаторыя дзеяньні, якія мусіў бы зрабіць Ельцын у канцы жніўня — пачатку верасьня.

Такія крокі станоўча паўплывалі б і на сытуацыю ў іншых былых рэспубліках, у Беларусі (Апазыцыя БНФ, натуральна, ня мела такіх магчымасьцяў, якія меў Ельцын. Ня меў іх і новаабраны старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч).

Замест гэтага ў апошнія дні жніўня Ельцын вуснамі свайго прэсавага сакратара пагразіў былым савецкім рэспублікам, якія асьмеліліся абвясьціць незалежнасьць, а потым на некалькі тыдняў паляцеў у рэзыдэнцыю пад Сочы. Чым ён займаўся ў той рэзыдэнцыі — невядома; памятаю, адны казалі, што абдумвае палітычныя пляны, другія — што па-руску адзначае перамогу. Зусім магчыма, што рацыю мелі і адны, і другія.

Так ці інакш, але час быў страчаны. Тры месяцы пайшлі на змаганьне з Гарбачовым за ўладу і супольна з Гарбачовым — у імкненьні захаваць тое, што называлася Савецкім Саюзам. Пасьля падпісаньня пагадненьняў аб ліквідацыі СССР у Віскулях пачаліся гайдараўскія эканамічныя рэформы. На першым іх этапе ўзровень жыцьця людзей вельмі моцна пагоршыўся, мільёны апынуліся ў жабрацтве, аўтарытэт Ельцына пачаў зьніжацца, і ён ужо ня меў той падтрымкі, якая дазваляла б яму зрабіць тое, што ён мог зрабіць увосень 1991-га.

Затое антыдэмакратычныя пракамуністычныя сілы пачалі ўмацоўваць свае структуры і свой аўтарытэт. Менавіта з гэтымі сіламі і стасаваліся антынезалежніцкія арганізацыі ў Беларусі (Славянскі Сабор «Белая Русь», камуністычная партыя, Саюз афіцэраў ды іншыя, якія ўвайшлі ў склад так званага Народнага руху Беларусі на чале зь Сяргеем Гайдукевічам).

Барадулін: Расейскі мядзьведзь прачнуўся

«Расея раздвойваецца, — пісаў у верасьні 1993-га аглядальнік «Звязды» Валянцін Жданко. — Выканаўчая ўлада на месцах, прызначаная прэзыдэнтам, у асноўным падтрымлівае яго. Мясцовыя саветы ў значнай колькасьці выпадкаў сталі на бок Канстытуцыі і Вярхоўнага Савету. На жаль, такое супрацьстаяньне можа стаць дэтанатарам кровапраліцьця, грамадзянскай вайны. Яно павінна ахаладзіць тых нашых прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй, якія з такім патасам гаварылі ў апошнія месяцы пра канфэдэрацыю і фэдэрацыю».

Валянцін Жданко ў сваёй публікацыі даў меркаваньні «вядомых у нашай краіне людзей».

«Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі: Лічу, што падзеі, якія адбыліся ў Маскве, лягічныя, яны павінны былі адбыцца нават раней. Нарэшце гэты расейскі мядзьведзь прачнуўся і рашуча заявіў тое, што трэба было заявіць. Думаю, што большасьць павінна падтрымаць Ельцына. Таму што Ельцын пры ўсіх яго недахопах усё-такі працягвае лінію дэмакратыі. Думаю, гэта трохі астудзіць пал і пыл нашых працаўнікоў так званага парлямэнту, якія хочуць увайсьці ў Расею як састаўная яе частка, пакончыць зь незалежнасьцю. У нас на Беларусі то ў свой час прымервалі канфэдэратку, то цяпер канфэдэрацыю прымерваюць. Думаю, што ўсё-такі пара нам прымераць свой нацыянальны гарнітур і мець свой нацыянальны твар.

Сяргей Гайдукевіч, старшыня Народнага руху Беларусі: Як ставіцца да чалавека, які праігнараваў усе канстытуцыйныя нормы? А калі заўтра, гледзячы на старэйшых братоў у бліжнім замежжы, нехта ў нас на Беларусі захоча парушыць Канстытуцыю? У мяне няма ніякіх сумненьняў, што Ельцын атрымае ад расейскіх рэспублік і рэгіёнаў адэкватную рэакцыю. Нехта таксама захоча праігнараваць усе ягоныя ўказы і стаць самастойным. Мы страцілі магутную дзяржаву — а цяпер і Расею па кусках разарвуць, застануцца краі і вобласьці. І скупяць іх разам зь Беларусьсю за даляры і нямецкія маркі. А мы потым будзем гаварыць, што незалежныя… Я не падпісаў заяву аб імкненьні да канфэдэрацыі з Расеяй, якую перадаў Генадзь Іванавіч Казлоў (каардынатар групы «Беларусь», пракебічаўскай парлямэнцкай большасьці, першы намесьнік начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны Савету міністраў. Паказальна, што адзін з кіраўнікоў абароны дзяржавы выступіў за ліквідацыю незалежнасьці гэтай дзяржавы — С. Н.). Чаму? Як можна аб’ядноўвацца зь дзяржавай, калі незразумела, што зь ёй будзе заўтра. А заўтра, можа здарыцца, таварыш Хасбулатаў абвесьціць сябе адзіным законьнікам і здолее перамагчы Ельцына. І яны зьнішчаць выканаўчую ўладу. А далей што будзе? Таму я быў і застаюся за эканамічны саюз са славянскімі народамі. І вельмі шкадую, што ўсё так адбылося ў Расеі… А адбываецца там распад дзяржавы. Бо абласныя, краявыя, гарадзкія саветы выконваць указ Ельцына ня будуць — яны прынялі гэтае рашэньне на сваіх сэсіях і прэзыдыюмах. А выканаўчыя органы, прызначаныя прэзыдэнтам, будуць патрабаваць выкананьня… Можна ўявіць, якім драматычным будзе працяг сытуацыі.

Сяргей Навумчык, каардынатар Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце: Зразумела, што падзеі ў нашых усходніх суседзяў ня могуць не адбіцца на палітычных працэсах, якія ідуць на Беларусі. Мы сьведкі таго, што так заўсёды бывае. Апазыцыя БНФ прыняла заяву, у якой падтрымала дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ельцына, выказала спадзяваньне, што яны пойдуць на карысьць дэмакратызацыі і на карысьць народу Расеі. Адначасова Апазыцыя прыняла адкрыты ліст да Старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, у якім прапануе як мага хутчэй склікаць сэсію, каб разглядзець на ёй пытаньне аб стварэньні часовага кааліцыйнага ўраду і абвяшчэньні даты новых парлямэнцкіх выбараў. Я перакананы, што Ельцыну ўдасца задуманае, народ яго падтрымае. І такія больш радыкальныя дэмакратычныя зрухі ў Расеі станоўчым чынам паўплываюць і на падзеі на нашай зямлі.

Міхась Савіцкі, народны мастак СССР: Я не настолькі палітык, каб меркаваць, хто мае, а хто ня мае рацыі ў гэтай блытаніне, хто зь іх больш парушае закон — Вярхоўны Савет або Ельцын. Ясна іншае: Ельцын пайшоў на рэзкую канфрантацыю, аж да расколу і магчымасьці грамадзянскай вайны. Я лічу, што гэта правакуе ня столькі Вярхоўны Савет, колькі Ельцын. І таму ня згодны з падтрымкай, якую выказаў ад свайго імя, гаворачы ад імя Беларусі, Станіслаў Шушкевіч. Наша пазыцыя ў гэтым выпадку павінна быць староньняя. Мы настолькі залежныя эканамічна, што — хто б ні быў пры ўладзе ў Расеі — зь імі трэба мець кантакт. У нас павінна быць пазыцыя неўмяшаньня. А асабіста я лічу гэты крок з боку Ельцына правакацыйным» («Звязда», 25 верасьня 1993).

Міхась Савіцкі какетнічаў, адмаўляючы сябе як палітычную фігуру. Ён быў народным дэпутатам СССР, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці падтрымліваў панславісцкія, арыентаваныя на Расею, групоўкі. Ну а Сяргей Гайдукевіч увогуле быў актыўным палітыкам, высокапастаўленым чыноўнікам апарату Савету міністраў і па сумяшчальніцтве кіраўніком Народнага руху Беларусі, у які, як я ўжо казаў, уваходзілі самыя антынезалежніцкія арганізацыі.

Плач па страце «магутнай дзяржавы» — традыцыйны элемэнт тагачасных інтэрвію Гайдукевіча. «Я не заклікаю да вяртаньня ў колішні СССР. Не падабаецца слова Саюз — дай Божа, давайце заменім яго іншым. Але разбураны агульны дом трэба аднаўляць» — заявіў ён праз паўтара месяца («Рэспубліка», 4 лістапада 1993). Не інакш, Беларусь домам Гайдукевіч не лічыў, дом у яго разуменьні — толькі «агульны». І, канешне, з Расеяй.

«Апанэнты часта называюць вас чырвона-карычневымі?» — запытаўся ў тым інтэрвію ў «Рэспубліцы» журналіст Ігар Гукоўскі, актыўны член Славянскага сабору «Белая Русь», які выступаў супраць незалежнасьці Беларусі і за аб’яднаньне з Расеяй. «Відавочна, таму, што ў склад НРБ уваходзяць камуністы і Славянскі сабор», — адказаў Гайдукевіч. Але менавіта спалучэньне кампартыі і Славянскага сабору (як казалі тады, СС «Белая Русь») мы тады называлі камуна-фашызмам у Беларусі. Дарэчы, «Рэспубліка» была органам Савету міністраў; за ўсе гады існаваньня газэты ня памятаю, каб газэта зрабіла інтэрвію зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком ці дэпутатамі Апазыцыі БНФ.

Насамрэч, аб’ядноўвацца з Расеяй Гайдукевіч вельмі жадаў — да моманту, пакуль «чырвона-карычневыя» ў Маскве нарошчвалі энэргію наступу на Ельцына і ягоных рэфарматараў. Пацьверджаньне таму — шматлікія заявы арганізацыяў, якія ўваходзілі ў Народны рух Гайдукевіча. Але «прачнуўся мядзьведзь», як сказаў Барадулін — і запахла паразай, і Гайдукевіч вырашыў пачакаць, чыя возьме. Ну а праз тры гады, калі ўвосень 96-га Лукашэнка зламае Канстытуцыю, Гайдукевіч яго падтрымае, забыўшыся на свае словы пра «канстытуцыйныя нормы».

Між іншым, у тым жа самым нумары «Звязды» была зьмешчаная пастанова Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету за подпісам Станіслава Шушкевіча ў справе грашова-крэдытнай палітыкі, дзе ўхваляліся захады Саўміну і Нацыянальнага банку (ім кіраваў Станіслаў Багданкевіч) «па стварэньні рублёвай зоны новага тыпу і аб’яднаньні грашовай сыстэмы Расейскай Фэдэрацыі з грашовай сыстэмай Рэспублікі Беларусь». Так што працэс паступовага аб’яднаньня на ўзроўні «ўмераных» (у адрозьненьне ад радыкальных шавіністычных) палітыкаў працягваўся няўхільна.

Ельцын падаўляе пракамуністычны мяцеж

У кастрычніку ў Маскве пракамуністычныя, шавіністычныя сілы паспрабавалі захапіць уладу, адбыўся штурм тэлецэнтру. Вынікам быў абстрэл з танкавых гарматаў Белага дому, дзе забарыкадаваліся дэпутаты Вярхоўнага Савету. CNN ды іншыя сусьветныя тэлекампаніі вялі наўпроставую трансьляцыю з Масквы, а ў Менску ва ўладарных калідорах чакалі, хто пераможа. Перамог Ельцын.

Бадай, ёсьць патрэба патлумачыць сутнасьць маскоўскай падзеі і нашае да яе стаўленьне, паколькі вельмі часта яна інтэрпрэтуецца як расстрэл аўтарытарным прэзыдэнтам законнага парлямэнту. Адпаведна, тыя, хто выказаўся тады ў падтрымку Ельцына, падвяргаюцца крытыцы нават з боку, здавалася б, дэмакратычна настроеных палітыкаў, публіцыстаў і аўтараў біяграфічных дасьледаваньняў. Так, давялося чытаць гэткае адносна заявы пісьменьнікаў, прынятай у тыя дні (так званы «ліст сарака двух»).

«Няма ні жаданьня, ні неабходнасьці падрабязна камэнтаваць тое, што здарылася ў Маскве 3 кастрычніка, — пісалі аўтары. — Адбылося тое, што не магло не адбыцца з-за нашых з вамі бестурботнасьці і глупства, — фашысты ўзяліся за зброю, спрабуючы захапіць уладу. Дзякуй Богу, армія і праваахоўныя органы апынуліся з народам, не раскалоліся, не дазволілі перарасьці крывавай авантуры ў згубную грамадзянскую вайну, ну а калі б раптам?.. Нам не было б каго вінаваціць, акрамя саміх сябе. Мы “жаласьліва” прасілі пасьля жнівеньскага путчу (1991-га — С. Н.) ня “помсьціць”, не “караць”, не “забараняць”, не “закрываць”, не “займацца пошукамі вядзьмарак”. Нам вельмі хацелася быць добрымі, велікадушнымі, памяркоўнымі. Добрымі... Да каго? Да забойцаў? Памяркоўнымі... Да чаго? Да фашызму? І ведзьмы, а дакладней — чырвона-карычневыя пярэваратні, абклеілі на вачах міліцыі сьцены сваімі атрутнымі лісткамі, …тлумачачы, як менавіта яны будуць усіх нас вешаць... Мы не заклікаем ні да помсты, ні да жорсткасьці, хоць смутак аб новых нявінных ахвярах і гнеў да халаднакроўных іхных катаў перапаўняе нашы (як, напэўна, і вашы) сэрцы... Гісторыя яшчэ раз дала нам шанец зрабіць шырокі крок да дэмакратыі і цывілізаванасьці. Не выпусьцім жа такі шанец яшчэ раз, як гэта было ўжо не аднойчы!».

Аўтары ліста заклікалі расейскага прэзыдэнта забараніць пракамуністычныя і нацыяналістычныя партыі і пэрыядычныя выданьні, увесьці ў дзеяньне пакараньне за прапаганду фашызму і шавінізму, спыніць дзейнасьць Зьезду народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савету Расеі, а таксама Канстытуцыйнага суду (які фактычна стаў на бок Вярхоўнага Савету).

Падпісалі ліст, сярод іншых, Бэла Ахмадуліна, Марыета Чудакова, Віктар Астаф’еў, Грыгорый Бакланаў, Барыс Васільеў, Данііл Гранін, Юры Каракін, Юры Нагібін, Булат Акуджава, Анатоль Прыстаўкін, Роберт Раждзесьцьвенскі, акадэмік Дзьмітры Ліхачоў. З усіх літаратараў рэспублік былога СССР ліст падпісалі толькі двое — беларусы Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў; мяркую, паколькі Адамовіч жыў тады ў Маскве, ён і мог прапанаваць Быкаву паставіць подпіс (але, магчыма, гэта зрабіў сябра Быкава Валянцін Аскоцкі, чыё прозьвішча таксама стаіць у сьпісе падпісантаў).

Паўтаруся, што факт падпісаньня ліста сёньня (2018 год) збольшага асуджаецца нават у дэмакратычных колах расейскага грамадзтва, ня кажучы пра абразы і праклёны з боку пракрамлёўскіх адэптаў «русского мира». Для мяне гэта — дакладны індыкатар пераменаў, якія адбыліся ў расейскім грамадзтве, адыход некуды ў бок ад каштоўнасьцяў дэмакратыі. Тады, у кастрычніку 1993-га, подпісы пад зваротам толькі ўмацавалі ў маіх вачах аўтарытэт (у тым ліку — і маральны) маіх любімых аўтараў, кнігі якіх я чытаў у юнацтве і, дасьць Бог, буду чытаць у старасьці.

БНФ патрабуе пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў

Дэпутаты Апазыцыі БНФ, адразу выступілі ў падтрымку рашучых дзеяньняў Ельцына. Пасьля маскоўскіх драматычных падзеяў мы прынялі зварот, які лічу найбольш важным у 1993 годзе, нароўні з заявамі супраць уваходжаньня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі.

Заява дэпутатаў Апазыцыі БНФ, перададзеная галоўнаму рэдактару "Народнай газэты
Заява дэпутатаў Апазыцыі БНФ, перададзеная галоўнаму рэдактару "Народнай газэты

«Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь ухваляе рашучыя дзеяньні прэзыдэнта Расеі спадара Ельцына па ліквідацыі чарговага фашыстоўска-камуністычнага мяцяжу ў Маскве, распачатага экстрэмістамі 3 кастрычніка. Мы выказваем спачуваньні родным і блізкім нявінна забітых людзей у Расеі, асуджаем камуністычных і фашыстоўскіх забойцаў.

Апазыцыя БНФ лічыць, што злачынныя сілы разбою і вайны ў Расейскай Фэдэрацыі вялі падрыхтоўку да мяцяжу ў Маскве сумесна з камуністамі і пракамуністычнымі, праімпэрскімі арганізацыямі на Беларусі, зьвяртае ўвагу на сувязь дзеяньняў камуністаў Беларусі і Расеі. Грамадзкім выяўленьнем гэтай сувязі і падрыхтоўкі мяцяжу стаў так званы “Кангрэс народу Беларусі”, зьмест якога быў скіраваны на ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасьці і аднаўленьне таталітарнага СССР.

Грамадзтва Беларусі стала сьведкам здрады Радзіме часткі дэпутатаў пракамуністычнай большасьці Вярхоўнага Савету Беларусі, якія ўступілі ў злачынную змову са старшынём былога Вярхоўнага Савету Расеі і арганізатарам крывавага мяцяжу — Русланам Хасбулатавым і іншымі чырвона-карычневымі сіламі, узначальванымі сп. Зюганавым, Сьцерлігавым і інш. Усё гэта адбывалася пры спагадных адносінах пэўных структураў і асобаў ураду Беларусі (Г. Данілава, С. Гайдукевіча, В. Паўлава і інш.).

Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, настойваем на тэрміновым скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі. ФОТА 45А

Мы патрабуем ад Савету міністраў Беларусі тэрміновых захадаў. Менавіта:

Забясьпечыць бясьпеку тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад пранікненьня злачынных груповак і асобаў пасьля разгрому фашыстоўска-камуністычнага мяцяжу ў Расеі;

Тэрмінова ўвесьці дакумэнтальны і мытны кантроль на межах Беларусі з Расеяй, а ў бліжэйшым часе разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму;

Забараніць дзейнасьць камуністычных і праімпэрскіх партыяў і арганізацыяў на Беларусі (ПКБ-КПБ-КПСС, ДСПС, Саюз афіцэраў, Славянскі сабор “Белая Русь”).

Мы зьвяртаемся да Генэральнага пракурора сп. В. Шаладонава з патрабаваньнем прыступіць да расьсьледаваньня антыдзяржаўнай дзейнасьці гэтых арганізацыяў, ступені іх удзелу ў камуністычным мяцяжы ў Расеі і падрыхтоўцы гэтага мяцяжу.

Мы лічым неабходным паставіць пытаньне перад Вярхоўным Саветам аб пазбаўленьні дэпутацкіх паўнамоцтваў народных дэпутатаў Беларусі Генадзя Казлова, Мікалая Скарыніна, Аляксандра Лукашэнкі, Івана Трусава, Мікалая Грынёва, якія выступілі супраць незалежнасьці Беларусі. Мы ставім пытаньне аб расьсьледаваньні Генэральным пракурорам Беларусі іх магчымага ўдзелу ў падрыхтоўцы камуністычнага мяцяжу ў Расеі і ў дзеяньнях, накіраваных на ліквідацыю сувэрэнітэту і дзяржаўнасьці Беларусі, пра што большасьць зь іх неаднаразова публічна засьведчылі.

Мы патрабуем неадкладна спыніць распаўсюджаньне на Беларусі расейскіх камуністычных і фашыстоўскіх газэт (“Правда”, “Советская Россия”, “День” і г. д.).

Мы лічым недапушчальным знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі кіраўнікоў кампартыяў іншых краінаў (спсп. Буракявічуса, Шведа і інш.), якія прасьледуюцца ў гэтых краінах па закону за крымінальныя дзеяньні».

Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Навумчык, Галіна Сямдзянава, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Віктар Алампіеў, Сяргей Антончык, Уладзімер Новік, Юры Беленькі, Лявонці Зданевіч, Ігар Пырх, Леанід Тарасенка, Віталь Малашка, Ігар Гермянчук, Лявон Дзейка, Іван Герасюк, Алесь Шут, Павал Холад, Яўген Цумараў, Васіль Даўгалёў — пасьля апошняга прозьвішча ішло пазначэньне «член дэпутацкай групы «Згода».

Калі б тое, чаго мы патрабавалі, было зроблена — гісторыя Беларусі наступных дзесяцігодзьдзяў склалася б інакш. Хапіла б аднаго толькі пазбаўленьня дэпутацкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але для гэтага патрэбны быў зусім іншы ўзровень палітычнай адказнасьці і нацыянальнай сьвядомасьці большасьці дэпутатаў.

Карыкатура 1993-94 гг.
Карыкатура 1993-94 гг.

Тым ня менш, зварот меў эфэкт большы, чым шмат якія папярэднія нашыя заявы.

У мае функцыі як каардынатара Апазыцыі БНФ уваходзіла сувязь з прэсай, у тым ліку распаўсюд нашых заяваў. Найперш, я паслаў факсам тэкст у парлямэнцкую «Народную газэту», пазначыўшы, каб перадалі галоўнаму рэдактару Сярэдзічу для публікацыі ў найбліжэйшым нумары. Гэта, натуральна, была просьба, а ніякі не загад. Звычайна Сярэдзіч друкаваў нашы заявы, але часам патрэба паставіць на паласу нейкія апэратыўныя матэрыялы адцягвала публікацыю на некалькі дзён. Тут жа трэба было неадкладна, і таму я пазначыў на заяве — «Просьба надрукаваць у найбліжэйшым нумары».

Але гэтага аказалася дастаткова, каб пазьней, на сэсіі Вярхоўнага Савету, Лукашэнка абурана заявіў, што, маўляў, Навумчык дае ўказаньні Сярэдзічу («Народная газэта» надрукавала нашу заяву) Думаю, ён сам цудоўна разумеў, што ніякіх загадаў я рэдактару не даю, проста разьюшыла наша патрабаваньне пазбавіць яго дэпутацкіх паўнамоцтваў.

І яшчэ адно пасьляслоўе да падзеяў восені 1993-га ў Маскве, якія адгукнуліся ў Беларусі. У самы крытычны час прэзыдэнта Расеі Ельцына ягоны ўрад у Менску падтрымалі Станіслаў Шушкевіч, дэпутаты Апазыцыі БНФ, лідэры дэмакратычных партый. Кебіч і ягонае атачэньне і «примкнувший к ним» Лукашэнка былі на баку чырвона-карычневых апанэнтаў Ельцына.

Але зусім хутка, у студзені 1994-га, Ельцын і пальцам не паварухне, каб уратаваць ад адстаўкі Шушкевіча (дастаткова было аднаго тэлефоннага званка расейскага прэзыдэнта Кебічу), і ніколі, ніводнага разу за ўсе наступныя гады свайго прэзыдэнцтва ня выкажа падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі.

Ельцын са спакойным сэрцам успрыме зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у красавіку 1995-га, не адкажа на наш супольны да яго і амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана зварот з заклікам выказацца ў абарону дэмакратыі ў Беларусі (ад прэзыдэнта ЗША словы падтрымкі прагучаць), нарэшце, Ельцын будзе абдымацца-цалавацца з Лукашэнкам — у тым ліку і пры падпісаньні дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы».

Відавочна, расейскі дэмакрат канчаецца там, дзе пачынаюцца імпэрскія інтарэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG