Пра гэта размаўляем з былым палітвязьнем, блогерам Аляксандрам Кабанавым, які адбываў пакараньне ў той жа наваполацкай калёніі, дзе да шпіталізацыі знаходзіўся Віктар Бабарыка.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
Сьцісла
- Вярхушка МУС і КДБ, сілавікі ведаюць, які стан Бабарыкі і што адбылося насамрэч.
- Я перакананы, што Бабарыка раскажа пра тое, што зь ім адбылося. Гэта і прычына, чаму да яго не пускаюць, бо там злачынства ў злачынстве, у квадраце.
- Турэмнікі больш за ўсё баяцца публічнасьці. Таксама яны баяцца, што іх пашлюць на вайну.
- Наколькі я ведаю, Віктара перавезьлі назад у калёнію і зноў закрылі ў ПКТ. Другі варыянт, калі стан яго здароўя ня вельмі. Тады ён можа быць у турэмным мэдычным цэнтры, калі яго дабудавалі разам з новай турмой у Калодзішчах.
— Мы ня маем дакладнай інфармацыі, дзе былы прэтэндэнт на кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, у якім ён стане. Толькі ўскосныя сьведчаньні, меркаваньні, якія немагчыма праверыць: што яго нібы зьбілі, што яму нібы зламалі рэбры, што ў яго нібыта адбыўся інсульт — гэта апошняе сьведчаньне ад палітвязьняў наваполацкай калёніі, якое абнародавала «Наша Ніва». Нічога немагчыма спраўдзіць. Вы былы вязень наваполацкай калёніі. Як вы мяркуеце, што магло там адбыцца зь Віктарам Бабарыкам?
— Здарыцца там можа ўсё што заўгодна. У гэтай калёніі зьбіцьцё — нармальная практыка. Спробы самагубства — нармальная практыка, суіцыды — не скажу, што нармальная практыка, але здараюцца. Калі адбываюцца рэчы, зьвязаныя са сьмерцю людзей, ніякія праверкі нічога не выяўляюць, і вінаватыя як былі, так і застаюцца ў гэтай калёніі. Па маіх зьвестках, яго там зьбілі супрацоўнікі калёніі. Мне перадавалі інфармацыю, што ў яго было зламанае рабро і яно ўвайшло ў лёгкае. На жаль, дакладную інфармацыю мы можам даведацца толькі ад яго самога ці ад адваката.
— У выпадку з Марыяй Калесьнікавай, калі яна трапіла ў рэанімацыю, а потым была тэрмінова праапэраваная, улады далі бацьку пабачыць дачку, зьявілася нават яе фота на адным з прапагандысцкіх каналаў. Чаму гэтага не адбываецца ў выпадку з Бабарыкам?
— З Калесьнікавай шпіталізацыя здарылася праз хваробу, таму і далі магчымасьць пабачыцца з бацькам. З Бабарыкам усё ж быў факт гвалту, зьбіцьцё, таму цяпер да яго нікога ня пусьцяць. І я ня ведаю, калі пра яго зьявіцца хоць якая інфармацыя. Я перакананы, што ён раскажа пра тое, што зь ім адбылося. Няважна каму — адвакату ці роднаму. Гэтая інфармацыя ўсё роўна выйдзе, рана ці позна. Гэта і прычына, чаму да яго не пускаюць, бо там злачынства ў злачынстве, у квадраце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: Вязьні наваполацкай калёніі думаюць, што ў Віктара Бабарыкі інсульт— Сын Віктара Бабарыкі за кратамі, дачка за мяжой. Ці ёсьць блізкія людзі ў Беларусі, родныя, сваякі, якія могуць патрабаваць інфармацыі, спатканьняў і гэтак далей, што магчыма толькі для членаў сям’і? Што вам вядома пра гэта?
— Права на спатканьне, нават на званок, нават на ліст маюць толькі блізкія родныя. Гэта жонка, сын, бацькі. Больш ніхто. Стрыечныя браты і сёстры — ня маюць права паводле беларускага заканадаўства. Адзіны чалавек, які мог бы трапіць, гэта адвакат. Гэтая сыстэма так прыдуманая. Каб нікога не пускаць, існуе ШЫЗА і ПКТ. Калі чалавек трапляе ў штрафны ізалятар ці памяшканьне камэрнага тыпу, яму забароненыя сустрэчы з усімі, і ўлады гэтым вельмі актыўна карыстаюцца.
— З таго, што вам вядома са свайго зьняволеньня, з расказаў іншых былых палітвязьняў, як вы думаеце, ці маюць турэмныя ўлады дакладную ўстаноўку на максымальна жорсткае абыходжаньне са знакавымі палітвязьнямі, на катаваньні, на давядзеньне да сьмерці? Гэта загад зьверху ці сьвядомы выбар кіраўнікоў пэнітэнцыярных установаў?
— Я думаю, што ўсё ідзе з самага верху. Думаю, што непасрэдна ад Лукашэнкі ідзе. Што тычыцца такіх фігураў, як Барарыка, Ціханоўскі, Калесьнікава, ды многіх іншых вядомых палітвязьняў, гэта ўсё пад яго кантролем і ўсё зь ім абмяркоўваецца. Больш жорсткае абыходжаньне — з усімі палітвязьнямі, прызнанымі, непрызнанымі, гэта так званы «дзясяты прафулік» (азначае, што схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці ў калёніі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады адчуваюць, што ён небясьпечны для іх». Нобэлеўская ляўрэатка і валянтэрка штабу — пра Віктара Бабарыку, які за кратамі тры гады— Чаго найбольш баяцца турэмнікі? Ці ёсьць нейкія рэчы, якія могуць на іх уплываць?
— Больш за ўсё яны баяцца публічнасьці. А таксама яны баяцца, што іх пашлюць на вайну. Калі зьяўляюцца ў СМІ, у сеціве фатаздымкі іх і іх родных, дзе яны жывуць, факты біяграфіі. А таксама калі зьяўляюцца людзі, якія гатовыя гаварыць пра іх, пра тое, што яны ўчыняюць. Гэтага яны вельмі баяцца, яны ўвесь час палохаюць, папярэджваюць, што ня дай бог ты выйдзеш і хаця б што пра мяне скажаш, то будуць праблемы ў цябе і тваіх родных. А так больш не баяцца нічога. Начальства іх прыкрывае, і яны адчуваюць сябе ў бясьпецы.
— Як шмат людзей ведае, што з Бабарыкам і дзе ён? У турэмнай сыстэме, мэдычным асяродзьдзі? Як доўга здолеюць улады трымаць гэтую інфармацыю ў таямніцы?
— Думаю, што ў адміністрацыі калёніі ведаюць усе, вярхушка дакладна. У калёніі ведаюць усе, акрамя вязьняў. Можа нехта зь вязьняў таксама ведае, бо там адбываюцца нефармальныя кантакты. Калі я паспрабаваў нешта высьветліць праз свае кантакты, мне сказалі, што гэтая тэма цалкам цяпер закрытая, мы табе нічога сказаць ня зможам, бо калі пачнем спрабаваць нешта даведацца, нас адразу вылічаць, што з табой сувязь. Пра гэта ведае вярхушка МУС і КДБ, сілавікі ведаюць, які стан і што адбылося насамрэч. Думаю, што ў шпіталі ў Наваполацку людзі, якія прымалі Віктара Бабарыку, калі яго прывезьлі з калёніі, ведаюць толькі мэдычны стан, характар траўмаў, але наўрад ці ведаюць, што непасрэдна адбылося. Ня думаю, што ў прысутнасьці кантралёраў Бабарыка мог расказаць мэдыкам, што зь ім адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: «Увесь сьвет павінен запатрабаваць ад дыктатара адказу: дзе Віктар Бабарыка?»— Дзе цяпер можа знаходзіцца Віктар Бабарыка?
— Усё залежыць ад стану яго здароўя. Там два варыянты. Наколькі я ведаю, яго перавезьлі назад у калёнію і зноў закрылі ў ПКТ. Другі варыянт, калі стан яго здароўя ня вельмі. Шпіталь на тэрыторыі калёніі да катэгорыі шпіталя аднесьці нельга, а існуе ў Беларусі мэдычны турэмны цэнтар. Раней ён быў у СІЗА № 1 на Валадарскага, туды звозілі людзей у крытычным стане. Наколькі я ведаю, будавалі новую турму пад Менскам у Калодзішчах, і туды зьбіраліся перанесьці турэмны мэдычны цэнтар. Ня ведаю, ці адкрылі яго. У любым разе, калі яго павязуць, то туды.
Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.