Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы, якія ўводзяць забарону на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі з Расеі, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны.
«Лічу закон правільным», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Украінскі прэзыдэнт патлумачыў затрымку з падпісаньнем закону тым, што яго адпраўлялі інстытуцыям Эўразьвязу для дадатковай ацэнкі, каб высьветліць, ці могуць гэтыя абмежаваньні расцэньвацца як парушэньні абавязаньняў Украіны ў выкананьні правоў нацыянальных меншасьцяў у межах працэсу інтэграцыі краіны ў Эўрапейскі зьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі расейскую музыку і ўвоз кніг, выдадзеных па-расейску ў БеларусіЛетась у чэрвені Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы, якія ўводзяць забарону на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі з Расеі, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны.
Сёлета ўпершыню беларускія кнігі ня будуць прадстаўляцца на «Кніжным арсэнале» ў Кіеве. Беларускія выдаўцы ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемства з 2008 году. Каля стэндаў зь імі заўжды зьбіраліся вялікія чэргі, на беларускія выданьні меўся вялікі попыт украінскіх чытачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму ўпершыню за апошнія 8 гадоў на «Кніжным арсэнале» ня будзе беларускіх кнігДырэктарка ХІ Міжнароднага фэстывалю «Кніжны арсэнал» Юлія Казлавец патлумачыла гэта рэпрэсіямі ўладаў Беларусі да беларускіх выдаўцоў. «Нашыя сталыя ўдзельнікі „Кніжных арсэналаў“ апошніх гадоў, якія прадстаўлялі стэнды беларускай кнігі, цяпер частка зь іх знаходзіцца пад арыштам у Беларусі, іх арыштавалі і іхны лёс пад вялікім пытаньнем. Частка зь іх змаглі эвакуавацца і цяпер знаходзяцца ў Эўропе. Мы ня мелі такой мэты — запрашаць людзей у такіх умовах да ўдзелу. Беларускай кнігі сёлета ня будзе», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё выдавецтваў, прызнаньне кніг экстрэмісцкімі, рэлякацыя — дасьледчыкі распыталі незалежных беларускіх кнігавыдаўцоў аб іх працы