Старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», бізнэсовец і экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Сяргей Чэрачэнь заявіў «Народнай волі», што гатовы вылучыць сваю кандыдатуру і на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
«Асабіста ў мяне захоўваюцца жаданьне і сілы вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Я і мая каманда шмат часу і сілаў патрацілі на тое, каб прадстаўляць інтарэсы нашых выбарнікаў на палітычным полі, — сказаў Чэрачэнь.
Чэрачань заявіў, што гатовы ўдзельнічаць і ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія чакаюцца ў наступным годзе і ў прэзыдэнцкіх у 2025-м:
«Мы засталіся працаваць у Беларусі, таму, незалежна ад таго, будзе ў нас юрыдычнае абгрунтаваньне вылучаць кандыдатаў або пойдзем праз агульны збор подпісаў, у любым выпадку ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны будзем».
Ён паведаміў, што «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» падала ў Мінюст дакумэнты на перарэгістрацыю партыі ў пачатку чэрвеня.
«Але падалі ва ўсечанай форме — без пайменнага сьпісу сяброў партыі. Мы разумеем, што гэта вялікая рызыка для людзей, калі іхныя пэрсанальныя зьвесткі апынуцца ў руках уладаў. Акрамя таго, калі пісалі ліст у Міністэрства юстыцыі, то папрасілі даць нам магчымасьць дарасьціць нашыя рэгіянальныя структуры да 43, што прадугледжана новым Законам аб партыях і грамадзкіх арганізацыях. На гэты момант гэтага парамэтару з новай нормы заканадаўства мы не вытрымліваем. Але выправіць сытуацыю абавязаліся на працягу года», — расказаў палітык.
Выбары прэзыдэнта 2020 году, паводле апазыцыі і міжнароднай супольнасьці, былі сфальшаваныя на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, пасьля іх разгарнулася кампанія масавых рэпрэсій, якія закранулі тысячы людзей, у тым ліку лідэраў апазыцыйных партый, праваабаронцаў, назіральнікаў на выбарах. Тысячы людзей прайшлі праз суды і турмы, каля 1500 чалавек на сёньня маюць статус палітвязьняў, дзясяткі тысяч беларусаў эмігравала, сотні грамадзкіх арганізацый былі закрытыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўдзельнічаць у выбарах 2024 году, вынікі якіх ужо агучыў Лукашэнка? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сварацца, бо няма веры ў блізкую перамогу, — палітоляг Рудкоўскі пра канфлікты ў дэмакратычным асяродзьдзі