Беларусь у адказ на рашэньне Польшчы забараняе праезд прычэпаў з польскай рэгістрацыяй

Фуры на трасе. Ілюстрацыйнае фота

Забарона таксама будзе распаўсюджвацца на легкавыя аўтамабілі з польскай рэгістрацыяй, калі яны займаюцца грузаперавозкамі.

Адпаведная пастанова Савета Міністраў Беларусі зьявілася 22 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц праз 10 дзён пасьля апублікаваньня.

Дакумэнтам унесены зьмяненьні ў пастанову нумар 247 ад 22.04.2022 «Аб перамяшчэньні транспартных сродкаў». Раней згодна зь ёй забаранялася перамяшчэньне па тэрыторыі Беларусі грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у дзяржавах ЭЗ, то цяпер забарона вызначана на перамяшчэньне:

  • грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у дзяржавах – сябрах Эўразьвязу;
  • прычэпаў (паўпрычэпаў), зарэгістраваных у Рэспубліцы Польшча;
  • легкавых аўтамабіляў, якія зарэгістраваны ў Рэспубліцы Польшча і ажыцьцяўляюць міжнародную перавозку ў адпаведнасьці з індывідуальнымі накладнымі або міжнароднымі таварна-транспартнымі накладнымі «CMR».
  • Пры гэтым, як і ў выпадку з забаронай на перамяшчэньне грузавых аўтамабіляў і цягачоў, прычэпам/паўпрычэпам можна будзе прытрымлівацца ў пунктах перагрузкі/перачэпкі. Легкавым аўтамабілям, згаданым вышэй, можна будуць рухацца толькі праз пункты пропуску на беларуска-польскім участку мяжы.

Таксама дакумэнтам скарэктаваны пералік месцаў перагрузкі/перачэпкі, адпаведных ім пунктаў пропуску і АЗС, на якіх дазволена запраўляць замежныя транспартныя сродкі. Удакладняецца таксама парадак устаноўкі навігацыйных плёмб пры перавозках па тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адрэагавалі на ўведзеную Польшчай забарону на ўезд цягачоў зь беларускай рэгістрацыяй

Першага чэрвеня Польшча ўвяла забарону на ўезд зь беларускай тэрыторыі грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў, і аўтацягнікоў зарэгістраваных у Беларусі і Расеі.

Раней Варшава ўвяла санкцыі супраць 365 беларускіх фізычных асоб. Прозьвішчы не называюцца. Ухвалілі таксама рашэньне аб замарожваньні сродкаў 20 арганізацый і 16 іншых асоб, зьвязаных пераважна з расейскім капіталам.

Рашэньне выклікана тым, што ў Беларусі пакінулі ў сіле «драконаўскі прысуд Анджэю Пачобуту». Яно закране тых прадстаўнікоў уладаў, якія «адказныя за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць палякаў, якія жывуць у Беларусі», гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча з 1 чэрвеня закрывае мяжу для грузавікоў зь Беларусі

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.