Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адрэагавалі на ўведзеную Польшчай забарону на ўезд цягачоў зь беларускай рэгістрацыяй


Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

На думку Мытнага камітэту Беларусі, гэта нібыта «яшчэ больш пагоршыць стан спраў эўрапейскага бізнэсу». Польшча з 1 чэрвеня ўводзіць забарону на ўезд зь беларускай тэрыторыі грузавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі і Расеі.

Уведзеная Польшчай забарона на ўезд цягачоў зь беларускай і расейскай рэгістрацыяй «яшчэ больш пагоршыць стан спраў эўрапейскага бізнэсу», гаворыцца ў заяве на афіцыйнай старонцы Дзяржаўнага мытнага камітэту ў тэлеграме.

У ведамстве адзначылі, што новаўвядзеньне «захавае актуальнасьць перагрузкі тавараў», але гэта стане «больш затратна па часовых і фінансавых крытэрыях».

Мытны камітэт згадаў, што «ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу цягачоў зь Беларусі і Расеі забаронены яшчэ з красавіка 2022 году».

«Беларусьсю прынятыя захады ў адказ, якія забараняюць уезд на тэрыторыю краіны цягачоў, зарэгістраваных у Эўразьвязе, але якая дазволіла захаваць разьвіцьцё змежнаэканамічнай дзейнасьці шляхам ажыцьцяўленьня перачэпліваньня і пераладоўваньня», — адзначылі ў ведамстве.

Беларуская мытня «працягне прымаць усе магчымыя захады ў разьвіцьці замнежнаэканамічнай дзейнасьці, максымальнага афармленьня транспарту, эфэктыўнага правядзеньня мытнага кантролю».

Польшча з 1 чэрвеня закрывае мяжу для грузавікоў зь Беларусі

29 траўня стала вядома, што Польшча з 1 чэрвеня прыпыніць перавозкі для грузавікоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расеі, празь мяжу Польшчы. Пастанову падпісаў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі. Дакумэнт будзе дзейнічаць да «асаблівага распараджэньня».

«Польшча з 1 чэрвеня прыпыніць грузавы рух для зарэгістраваных у Расеі і Беларусі грузавікоў і трэйлераў, якія спрабуюць перасекчы мяжу зь Беларусьсю», — прыводзіць Bloomberg вытрымкі з заявы МУС.

Раней у панядзелак Варшава ўвяла санкцыі супраць 365 беларускіх фізычных асоб. Прозьвішчы не называюцца. Ухвалілі таксама рашэньне аб замарожваньні сродкаў 20 арганізацый і 16 іншых асоб, зьвязаных пераважна з расейскім капіталам.

Рашэньне выклікана тым, што ў Беларусі пакінулі ў сіле «драконаўскі прысуд Анджэю Пачобуту». Яно закране тых прадстаўнікоў уладаў, якія «адказныя за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць палякаў, якія жывуць у Беларусі», гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG