Пагрозы ня зьніклі. У Ровенскай вобласьці Ўкраіны далей умацоўваюць мяжу зь Беларусьсю

Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль. Архіўнае фота

Агульная працягласьць мяжы зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці складае 229 кілямэтраў, 90 зь іх — непраходныя балоты.

Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль заявіў, што жыхары памежных зь Беларусьсю населеных пунктаў Ровеншчыны добраахвотна дзяжураць на блёк-пастах паблізу мяжы.

«Людзі, якія там жывуць, дэманструюць сапраўднае адзінства. Разам з вайскоўцамі актыўна будуюць інжынэрныя і фартыфікацыйныя збудаваньні. Дапамагаюць капаць акопы для вайскоўцаў. Толькі ў адзін дзень прыйшлі больш як 150 добраахвотнікаў. У памежных грамадах, пачынаючы з 24 лютага, мясцовыя добраахвотніцкія фармаваньні тэрытарыяльных грамад штодзень дзяжураць на блёк-пастах, не атрымліваючы за гэта грошай», — сказаў Віталь Коваль у інтэрвію ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

Кіраўнік Ровеншчыны ўдакладніў, што агульная працягласьць мяжы зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці складае 229 кілямэтраў, 90 зь іх — непраходныя балоты.

«Мяжа зь Беларусьсю, безумоўна, галоўны фактар, які ўплывае на сытуацыю па бясьпецы ў вобласьці. Цяпер усе 229 кілямэтраў — гэта спалучэньне фартыфікацыйных збудаваньняў і прыродных асаблівасьцяў. Балоты, рэчкі, лясы складаюць 70% мяжы і зьяўляюцца непраходнымі для любой тэхнікі», — патлумачыў ён.

«Разумеючы патэнцыйную пагрозу зь Беларусі, мы працягваем умацоўваць паўночныя межы, ствараем супрацьтанкавыя равы, усталёўваем камэры назіраньня, набываем квадракоптэры і аўтамабілі павялічанай праходнасьці. Таксама аднаўляем тэхніку з зоны баявых дзеяньняў, забясьпечваем патрэбы вайсковых частак», — адзначыў кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба прызнаць Беларусь акупаванай», — украінскі дэпутат, які прапанаваў абвясьціць Беларусь краінай-агрэсарам

Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.

Цяпер Беларусь на ўзор Украіны спрабуе сфармаваць мясцовую самаабарону. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 15 чэрвеня ў другім чытаньні прыняла праект закону «Аб народным апалчэньні». Цяпер ён мае паступіць для галасаваньня ў Савет Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла праект закону «Аб народным апалчэньні». Апалчэнцам дазволяць трымаць зброю дома

31 траўня, прадстаўляючы праект закону, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што пры распрацоўцы законапраекту за аснову быў узяты сучасны досьвед стварэньня добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрытарыяльных грамад Украіны ў 2022 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: пад Жабінкай пачалі будаваць сыстэму акопаў, траншэй і бліндажоў