Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў аб пагаршэньні ў Беларусі сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека.
«Увядзеньне сьмяротнай кары за тэрарыстычныя акты стала булавой таталітарнага кантролю над грамадзтвам. Абавязак міжнароднай супольнасьці, у тым ліку і Літвы, ізаляваць беларускі рэжым і выкарыстаць строгія міжнародныя санкцыі», — заявіў Гітанас Наўседа 20 чэрвеня ў часе выступу ў Сейме Літвы з штогадовым зваротам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва рыхтуе сьпіс тавараў, якія забароняць правозіць транзытам у Беларусь і РасеюЯк паведаміла LRT, Гітанас Наўседа нагадаў, што ў Беларусі працягваюцца арышты прадстаўнікоў апазыцыі, перасьледуюць партыйную дзейнасьць, зьнішчаюць СМІ і актыўныя грамадзкія арганізацыі.
«Мы павінны дабівацца вызваленьня і рэабілітацыі палітычных зьняволеных у гэтай краіне, а таксама правядзеньня празрыстых і дэмакратычных выбараў», — дадаў прэзыдэнт Літвы.
Гітанас Наўседа лічыць, што рэжым у Беларусі «загнаў сябе ў павуціньне залежнасьці ад Расеі і цяпер дазваляе ёй сябе ператравіць».
«Адначасова зьнікае і Беларусь. Гэта ўжо прывяло і да будаўніцтва небясьпечнай Беларускай АЭС у Астраўцы, і да злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Бучы і Ірпяні, куды зь Беларусі прыяжджалі забойцы ў форме расейскага войска», — заявіў прэзыдэнт Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва пачала будаваць патрульную дарогу ўздоўж Беларусі для лепшага кантролю мяжы