Даўжэй за ўсіх трымаў абарону Курапатаў; пачуваўся не на месцы ва ўтульным Кіеве; узяў хаскі з прытулку. Якім быў Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў, каляж

Год таму, 26 чэрвеня 2022 году, пад Лісічанскам Луганскай вобласьці Ўкраіны загінуў беларускі добраахвотнік палку Каліноўскага Васіль Парфянкоў. Яму было 38 гадоў.

У ягоным жыцьці былі абарона Курапатаў у 2001–2002 гадах, затрыманьні на розных акцыях пратэсту, прысуд за Плошчу-2010 і яшчэ некалькі палітычна матываваных турэмных тэрмінаў, пераезд ва Ўкраіну, удзел у батальёне Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і змаганьне за вольную Ўкраіну ў шэрагах палку Каліноўскага падчас вайны Расеі супраць Украіны. Па Васілю засталіся дзевяцігадовы сын Мілан і пяцігадовая дачка Саламея, удава Алена. Да гадавіны гібелі Васіля Парфянкова мы сабралі ўспаміны блізкіх яму людзей зь Беларусі і Ўкраіны.

Журналістка Любоў Лунёва: Што ў самога чалавека засталося ад Радзімы? Сьляды на целе ад Курапацкай вахты?

Журналістка Любоў Лунёва ведала Васіля Парфянкова больш за 20 гадоў, пачынаючы з кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах.

Красавік 2002 году. Курапаты.

— Да вайны Вася Парфянкоў асацыяваўся ў мяне з Курапатамі. Я памятаю, як тады, падчас будаўніцтва кальцавой дарогі, людзі дзяжурылі там і днём і ноччу. А Вася быў увесь час. Ён жыў у намёце. Начамі было холадна. І ў адну такую ноч у палатцы пачаўся пажар ад сьвечкі (паводле іншай вэрсіі намёт падпалілі невядомыя — РС) Вася тады атрымаў апёкі і быў дастаўлены ў шпіталь. Ён потым доўга яшчэ пасьля выпіскі хадзіў на перавязкі. Былі нейкія ўскладненьні. Пры ўсім пры тым ён ніколі ня скардзіўся, не даказваў нешта камусьці. Быў такі крыху з выгляду марудлівы, маўклівы і заўсёды з лагоднай усьмешкай. Мы часта зь ім перасякаліся то на нейкіх акцыях, то ў судах. І я сама сабе задаю пытаньне: «Што засталося ад чалавека на яго Радзіме? Выпіскі з пратаколаў за ўдзел у акцыях, пастановы судоў у крымінальных справах?.. А што ў самога чалавека засталося ад Радзімы? Сьляды на целе ад Курапацкай вахты?..»

Калі пачалася новая фаза вайны Расеі супраць Украіны Любоў Лунёва часта перапісвалася з Васілём Парфянковым у Фэйсбуку.

— Мяне ўразіла зьнешняя перамена, якая зь ім адбылася. Ён ажаніўся, зьявіліся дзеці. Было бачна, што ён шчасьлівы. Усё той жа спакойны твар зь яго няхітрай дабрадушнай усьмешкай, але са сьлядамі стомленасьці і сталеньня. Вася выстаўляў фота на сваёй старонцы з ваенных будняў як бы жартам — то кацяняты на руках, то ён смажыць шашлык, то нават ікру намазвае на бутэрброд. Хацеў паказаць, што нічога страшнага там, на так званым нулі, няма.

— А тым часам у яго дома ў Беларусі разгортвалася сапраўдная трагедыя. Сілавікі ўчынілі ператрус. Прымушалі на камэру маці адмовіцца ад сына публічна, асудзіць яго за ўдзел у вайне на баку Ўкраіны. Тая адмаўлялася. Тады яе разам з дачкой кінулі на Акрэсьціна. Выбівалі відэа ўвесь час. Урэшце яно зьявілася. Змучаная маці гаворыць з экрана ўсе тыя словы, якія яе прымусілі вымавіць. Ці ведала яна, што сын гэта ўбачыць? Што яна пры гэтым адчувала?.. Калі Васю паказалі гэта, то ён толькі сказаў, што даўно страціў сувязь са сваякамі. А што ён сам адчуваў? Як яму яму было? Не паверу, што ён махнуў рукой. Ён жа ня проста так выставіў відэа з гранатай у якасьці адказу беларускім сілавікам, якія патрабавалі яго яўкі на допыт. Суправадзіў ён відэа словамі, што чакае іх і ў яго нават ёсьць для іх прэзэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе плакалі і прасілі, каб ня „шылі“ таго, чаго не было». Стала вядома, як судзілі маці і сястру загінулага каліноўца Парфянкова

Журналістка ня можа забыцца пра гэта і таму, што пазьней стрыечны брат Васіля запісаў на свой мабільны маму, каб пераслаць брату ва Ўкраіну.

— На відэа маці плача і кажа: «Ты прабач мяне, сынок». Кажа, што зрабіла гэта, каб уратаваць і сябе, і Васеву сястру. Сказала, што Вася малайчына і што яна ганарыцца ім. «Ты там трымайся, Васька», — гэта былі яе апошнія словы сыну. У мяне да гэтага часу стаіць перад вачыма гэтае відэа. Яшчэ і таму, што Вася, хутчэй за ўсё, не пасьпеў яго паглядзець. Брат яго сказаў, што пераслаў, але Вася, здаецца, быў ужо бяз сувязі...

Лунёва напісала тады Васілю па-ўкраінску: «Вяртайся жывым».

— Мне падавалася, што так і будзе. Таму паверыць у яго гібель было цяжка і балюча. Пасьля Васевай сьмерці падумала, што мы, як цяпер модна казаць, старая апазыцыя, нават не ўяўляем сабе, наколькі насамрэч прывязаныя адзін да аднаго. Мы, сустракаючыся ў замежжы, можам проста кіўнуць пры сустрэчы, усьміхнуцца, сказаць нейкія дзяжурныя фразы, але толькі пасьля сьмерці чалавека, якога ведалі шмат гадоў, але не былі блізкімі сябрамі, разумеем, што страцілі блізкага чалавека. А калі ён яшчэ і загінуў, абараняючы ў тым ліку і нас, то гэта перажываецца зусім ня проста. Так, героі і праўда не паміраюць.

Абаронца Курапатаў: «Красавіцкай ноччу 2002-га Васіль выратаваў Алеся Поклада з падпаленага невядомымі намёта абаронцаў Курапатаў»

Абаронца Курапатаў Пятро пазнаёміўся з Васілём Парфянковым падчас курапацкай варты 2001–2002 гадоў, у лістападзе 2001 году. Успамінае, што спачатку не зьвярнуў асаблівай увагі на чарговага юнака, які зьявіўся ў лягеры абаронцаў.

— Але па кароткім часе Васіль сваімі паводзінамі і стаўленьнем да выкананьня штодзённых справаў (папілаваць-пасекчы дровы, адбыць начное дзяжурства ды нават проста прыбрацца ў намёце) змусіў зірнуць на яго іншымі вачыма. Тады і склаліся між намі калі не сяброўскія, то добрыя таварыскія стасункі. Напрыклад, зьяжджаючы дадому, каб памыцца й трохі адпачыць, я заўсёды быў упэўнены, што калі ў Курапатах Васіль, то ў лягеры будуць парадак і належная дысцыпліна, а абаронцы не застануцца галодныя. І неабходна дадаць, што я ні разу не памыліўся. Больш за тое, акурат Васіль выратаваў красавіцкай ноччу 2002-га з падпаленага невядомымі намёта абаронцаў Алеся Поклада...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доля Васіля Парфянкова

Пазьней Пятро і Васіль сустрэліся зноў ужо ва Ўкраіне, у адным з кіеўскіх прэс-цэнтраў.

2014 год. Васіль ва Ўкраіне.

— Васіль жа прыехаў, каб далучыцца да добраахвотніцкага батальёну Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Напэўна, сёньня мае ўспаміны ў пэўнай меры скажаюцца патасам, але нібыта разумею імгненьні той адасобленасьці, якія апаноўвалі яго падчас гэтых сустрэч. Здаецца, ён адчуваў сябе не на месцы ва ўтульным, бясьпечным Кіеве. Ці ня гэтым тлумачыцца і паказное зухвальства, што калі-нікалі вырывалася зь яго ў мірным горадзе? Але магу засьведчыць бязь цьмяных разваг — Васіль заўсёды падкрэсьліваў сваю адданасьць Беларусі і беларушчыне. Пра гэта ён гаварыў і ў сваім ці не апошнім відэа з фронту...

Апошнія гады Пятро і Васіль кантактавалі толькі праз сацсеткі — віншаваліся, дзяліліся навінамі пра сябе й агульных знаёмых, абмяркоўвалі падзеі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Пятро зьвяртае ўвагу, што Васіль, як яму здаецца, так і не прабачыў Ціханоўскай за ейныя словы пра Пуціна як «мудрого руководителя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзіла дзяцей на могілкі, каб бачылі, якія далей будуць стасункі з татам». Шчыры маналёг удавы загінулага добраахвотніка Васіля Парфянкова

Абаронца Курапатаў: «Веру, што замест вуліцы Ваўпшасава ў Менску калісьці зьявіцца вуліца імя Васіля Парфянкова»


Васілю было 18 гадоў, калі ён далучыўся да кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах, якая доўжылася больш за восем месяцаў. Парфянкоў быў адным з тых, хто правёў найбольш часу ў валянтэрскім лягеры на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пра яго згадвае адзін з былых валянтэраў Алесь.

— З Васілём мы пазнаёміліся на абароне Курапатаў у 2001 годзе. Памятаю, як ён уважліва слухаў сьведчаньні відавочцы пра тое, што ў Курапатах бульдозэры пачынаюць зносіць крыжы. А потым безапэляцыйна заявіў: «Мы мусім быць там, каб абараніць гэтае месца». І не адступіўся ані разу ад сваіх словаў, пратрымаўшыся ў складаных умовах увесь курапацкі чын, даўжэй за ўсіх, ад пачатку і да канца. Ягоная сіла духу вельмі ўражвала. Там, дзе іншыя не вытрымлівалі стрэсу і прэсінгу, Васіль заставаўся сабой. Ён быў вельмі спакойны, ураўнаважаны, упэўнены ў тым, што рабіў. І дакладна ведаў, дзеля чаго ён гэта робіць.

Для мяне было вельмі дзіўным, як юны хлопец (Васю толькі-толькі споўнілася 18 на той момант), з простай сям’і, аўтасьлесар, можа мысьліць такімі ўзьнёслымі, высокімі вобразамі пра Беларусь, пра наш абавязак перад ёю. Ужо тады было зразумела, што Бог уклаў у ягоную душу вельмі багата сьвятла. Я вельмі ганаруся знаёмствам з Васілём. Ён сапраўдны змагар, Воін Сьвятла, герой. Памяць пра яго аніколі ня згасьне, нягледзячы на складанасьці часу, у якім мы жывём. І я веру, што замест вуліцы Ваўпшасава ў Менску калісьці зьявіцца вуліца імя Васіля Парфянкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаў


Удава Васіля Парфянкова Алена Гергель: «Калі прыехаў ва Ўкраіну, ён разумеў, што ў Беларусі ўжо нічога ня зможа зрабіць»

Жалобны мітынг на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве 12 чэрвеня 2016 году, на які людзі прыйшлі, каб ушанаваць памяць загінулых у зоне АТА. Васіль Парфянкоў і Алена Гергель.

У гэтыя дні ў Варшаве праходзіць выстава памяці загінулых беларускіх добраахвотнікаў. Удава Васіля Парфянкова Алена Гергель шмат робіць для таго, каб ва Ўкраіне і ў сьвеце ведалі пра Васіля і іншых беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну. Алена добра памятае дзень на пачатку студзеня 2015 году, калі яны пазнаёміліся: тады Васіль прыехаў ва Ўкраіну пасьля вызваленьня зь вязьніцы.

— Гэта адбылося ў клюбе «Купідон», дзе зьбіраліся валянтэры. Туды прыходзілі і вайскоўцы, а мы зь дзяўчатамі рабілі тады для іх абярэгі — бранзалеты з паракорду і лялькі-мотанкі. Прыйшла мая знаёмая Таня і кажа: «Знаёмцеся, гэта беларус, прыехаў ваяваць за нас». Ён сядзеў ціха ў куточку, амаль ні з кім не кантактаваў, бо нікога ня ведаў. Я падышла, мы пачалі гаварыць, я падаравала яму бранзалет і мотанку. Потым пайшлі гуляць па Храшчаціку, па Майдану, хадзілі, мерзьлі і гаварылі да паўночы. Амаль год мы перасякаліся; ён тэлефанаваў, калі прыяжджаў на ратацыі. Да яго раненьня ў верасьні мы проста сябравалі, а пасьля раненьня сталі жыць разам, а пазьней пабраліся шлюбам.

Васіль моцна сумаваў па Беларусі, сьведчыць Алена.

— Яму часта Менск сьніўся. Расказваў пра свой раён. Гісторыя Беларусі была ягонай улюбёнай тэмай. Расказваў пра бітву пад Воршай ды іншыя важныя бітвы. Сьмяяўся зь мітаў пра Беларусь, казаў, што Беларусь — гэта ня толькі балоты і партызаны...

Васілю ва Ўкраіну часта званіла маці зь Беларусі. Сілавікі прымусілі яе запісаць відэа з асуджэньнем сына. Алена Гергель кажа, што Васіль ад пачатку сказаў маці: «Што б яны ад вас ні хацелі, рабіце, каб яны вас не чапалі толькі». Пасьля таго відэа маці тэлефанавала, плакала, выбачалася, што яна гэта зрабіла, і Васіль яе супакойваў.

Як пражылі гэты год дзеці бяз бацькі? Алена кажа, што было вельмі цяжка.

Васіль Парфянкоў з жонкай і дзецьмі. Архіўнае фота.

— Дачцэ было трошкі лягчэй, бо яна меншая, але дагэтуль на ўсе сьвяты кажа, што трэба тату прывітаць. Мілан яшчэ ў сябе не прыйшоў, працуе з псыхолягамі ўвесь час. Ён моцна зьмяніўся, падрос і ўжо ня будзе такім, як быў раней.

Сумуе па Васілю і белая хаскі Джавэліна, якая зьявілася ў сям’і неўзабаве пасьля пачатку вайны.

Фота зь сямейнага архіву.

— Мы заўжды вельмі хацелі сабаку, але, пакуль дзеці былі малыя, ня бралі. Гэты сабака ў нас зьявіўся, калі Васіль быў пад Мікалаевам. Сабака быў з акупаванай тады Кіеўшчыны, хворы, пакусаны кляшчамі. Нехта пра яго паведаміў валянтэрам, сабаку забралі, пралячылі і далі абвестку пра пошук гаспадара. Дзеці вельмі захацелі, і мы забралі сабаку. Адразу напісалі Васілю, што ў нас папаўненьне ў сямʼі. «А я заўжды казаў, што трэба хаскі браць», — адказаў ён. Прыехаў... Ужо а 5-й раніцы стаяў ля дзьвярэй, каб выгуляць сабаку. Баяўся, што я павяду, хацеў першым...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылася выстава пра беларускіх добраахвотнікаў. На вайне ва Ўкраіне загінулі больш за 40 беларусаў. ФОТА

Алена Гергель ня ўпэўненая, што ва Ўкраіне мае зьявіцца вуліца імя Васіля Парфянкова.

— Магчыма, калі-небудзь у Лісічанску. Для мяне будзе добра, калі вуліца ў гонар Васіля зьявіцца ў Менску. Я ніколі не была ў Беларусі, але калі-небудзь абавязкова прыеду — у вольную Беларусь.

Удава Васіля Парфянкова займаецца тактычнай мэдыцынай, вялікую частку яе жыцьця займае грамадзкая дзейнасьць, прысьвечаная беларусам.

— Для мяне важны ня толькі Васіль, але і ўсе хлопцы. Гэта цяпер адна з асноўных задач майго жыцьця — прасоўваць гэтую тэму, каб беларускія героі ва Ўкраіне былі ня толькі не забытыя, а каб пра іх шмат людзей ведалі. Калі Васіль ішоў бараніць Украіну, ягонай канчатковай мэтай была вольная Беларусь. У нас дома на сьцяне, яшчэ да таго, як рабілі рамонт, было напісана ягонай рукой «Стоп Лука», вісеў сьцяг, «Пагоня». На той момант, калі прыехаў ва Ўкраіну, ён разумеў, што ў Беларусі ўжо нічога ня зможа зрабіць. І бачыў шлях праз Украіну: бо калі будзе вольная Ўкраіна, то з часам будзе і вольная Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парфянкоў: Не магу сказаць, што мы выйшлі на волю
  • Васіль Парфянкоў нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску. Скончыў 9 клясаў школы № 163, працаваў аўтасьлесарам. Быў сябрам незарэгістраванай Партыі свабоды. У 2001-2002 гадах браў удзел у абароне Курапатаў. Менавіта Парфянкоў быў на дзяжурстве ва ўрочышчы, калі 19 красавіка там хтосьці падпаліў намёт з валянтэрамі. Сам Васіль тады не пацярпеў, але дапамог хлопцу і дзяўчыне ўратавацца ад агню. Ён правёў ва ўрочышчы амаль усе восем месяцаў абароны. Васіля неаднаразова затрымлівалі на розных акцыях пратэсту, ён сядзеў на «сутках». Езьдзіў на Майдан у 2004 годзе, тады ўступіў у шэрагі УНА-УНСО. У 2010-м далучыўся да «Гавары праўду».
  • На пачатку 2011 году Парфянкоў быў сярод затрыманых за падзеі Плошчы-2010. Яго трымалі ў СІЗА на Валадарскага, а потым асудзілі на 4 гады калёніі строгага рэжыму. Адбываў тэрмін у Воршы. На волю выйшаў праз памілаваньне Лукашэнкі ў жніўні 2011 году. Васіль пісаў прашэньне аб памілаваньні, але ў ім не прызнаў сябе вінаватым.
  • У 2012 годзе Парфянкова зноў асудзілі на шэсьць месяцаў калёніі за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду. Яшчэ праз год Васіля зноў хацелі судзіць за тое самае, але накіравалі на год на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Потым Васіль яшчэ год адбыў у калёніі ў Горках, там амаль увесь час праводзіў у адзіночных камэрах і ШЫЗА, яго пазбаўлялі перадач і спатканьняў. Праваабаронцы ўсе разы прызнавалі Парфянкова палітвязьнем.
  • Праз пару тыдняў пасьля вызваленьня ў сьнежні 2014 году Парфянкоў выехаў ва Ўкраіну. На пачатку студзеня 2015 году Васіль быў на фронце. Ён увайшоў у батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, быў там адзіным беларусам.
  • Спачатку Васіль быў стралком, а потым яго перавялі ў дывэрсійна-выведную групу. У верасьні 2015 году быў паранены, але хутка пайшоў на папраўку. Некалькі разоў трапляў у праблемныя сытуацыі ў Кіеве — быў затрыманы пасьля таго, як удзельнічаў у пагроме расейскага «Альфа-банку». Знаходзіўся пад хатнім арыштам.
  • З пачаткам вайны ў 2022 годзе Парфянкоў «Сябро» далучыўся да батальёну Каліноўскага. Загінуў 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам.
  • Ляўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека Хартыі’97 за 2014 год.
  • 24 лістапада 2022 году быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрыечнага брата Васіля Парфянкова пасадзілі на 15 сутак
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Парфянкова памёр бацька, але сын ня можа прыехаць на пахаваньне
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве затрымалі беларусаў Аўчыньнікава і Парфянкова за беспарадкі ў судзе
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Парфянкоў пад хатнім арыштам у Кіеве абавязаны насіць электронны бранзалет