Маскоўскі гарадзкі суд пачаў разгляд новай крымінальнай справы ў дачыненьні да апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Паседжаньне праходзіць ва Ўладзімірскай вобласьці, у калёніі № 6, дзе палітык адбывае пакараньне.
Прэсу ў залю не дапусьцілі. Журналістам выдзелілі спэцыяльнае памяшканьне, куды паставілі экран з трансляцыяй пасяджэньня. Карэспандэнты скардзяцца на дрэнную якасьць гуку, відэатрансляцыя перарываецца. Бацькоў апазыцыянэра таксама не пусьцілі ў залю пасяджэньняў.
Навальны і ягоныя адвакаты папрасілі аб адводзе судзьдзі Андрэя Суворава, але ім адмовілі. Пракуратура настойвае на поўным закрыцьці працэсу над палітыкам.
Навальнага абвінавачваюць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу РФ. Самы цяжкі з гэтых артыкулаў — аб стварэньні экстрэмісцкай супольнасьці. Такімі расейскія ўлады лічаць Фонд барацьбы з карупцыяй і штабы Навальнага. Па гэтым артыкуле можа пагражаць пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Оскар» для «Навальнага». Суцяшальны прыз расейскай апазыцыі
Іншыя артыкулы — заклікі да экстрэмізму, стварэньне арганізацыі, якая замахваецца на правы грамадзян, фінансаваньне экстрэмізму, уцягваньне непаўналетніх у небясьпечныя дзеяньні і рэабілітацыя нацызму. У асобнае вядзеньне выдзелены эпізод паводле артыкулу аб тэрарызьме.
Навальны і яго паплечнікі сцьвярджаюць, што паодлев выстаўленых абвінавачаньняў яму пагражае да 30 гадоў пазбаўленьня волі. Сваёй віны ён не прызнае. Крымінальны перасьлед апазыцыянэр лічыць палітычным.