Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што ў выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы ў Днепрапятроўскай вобласьці без вады застаюцца 167 тысяч грамадзян.
Паводле яго, у пацярпелыя раёны арганізаваны падвоз пітной і тэхнічнай вады.
Міністар паведаміў, што ў выніку падтапленьняў загінулі сама меней 17 грамадзян. «Зь іх 13 — ад утапленьня, яшчэ 4 атрымалі несумяшчальныя з жыцьцём раненьні ў часе эвакуацыі, 31 зьнік бязь зьвестак», — удакладніў Ігар Кліменка ў сваім тэлеграм-канале.
Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што ўзровень вады ў рэгіёне працягвае зьніжацца. Цяпер ён складае 80 сантымэтраў.
Усё яшчэ падтопленымі застаюцца 5 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.
Згодна з вынікамі маніторынгу, у вадзе Дняпра зафіксавалі перавышэньне жалеза ў два разы. Нафтапрадуктаў ня выявілі.
Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны працягвае заклікаць грамадзян не выкарыстоўваць у якасці пітной ваду з адкрытых крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адмовіла гуманітарнай місіі ААН у доступе на акупаваныя ёй падтопленыя тэрыторыі. У Крамлі патлумачылі, чамуРазбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС, якое адбылося 6 чэрвеня, пацягнула затапленьне значных тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Дзясяткі населеных пунктаў затопленыя.
Калі на кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыі рэгіёну эвакуацыя вядзецца пры пасярэдніцтве ратавальнікаў, паліцыі, вайскоўцаў і валянтэраў, дык на акупаваных тэрыторыях сытуацыя складаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі аб катастрафічным забруджаньні паверхневых водаў у басэйне ДняпраУ Генштабе Узброеных сіл Украіны 12 чэрвеня паведамілі, што ў затопленай Голай Прыстані Херсонскай вобласьці расейскія акупанты дазваляюць эвакуацыю грамадзян Украіны толькі пасьля «атрыманьня хабару», пры гэтым зьнішчаюць пашпарты і пасьведчаньні аб нараджэньні і іншыя дакумэнты ўкраінскага ўзору. Вайскоўцы кажуць, што мясцовых жыхароў перасяляюць у акупаваны Крым і расейскі Краснадар. Праверыць гэтыя зьвесткі зь незалежных крыніц немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Wargaming пералічыла грошы Ўкраіне на падтрымку пацярпелых ад зьнішчэньня Кахоўскай дамбы