У Менскім гарадзкім судзе 20 чэрвеня вынесьлі прысуд праваабаронцы Насьце Лойцы. Прысуд абвяшчалі ў адкрытым пасяджэньні, але сам працэс праходзіў у закрытым фармаце, як і большасьць судоў апошняга часу над вядомымі асобамі.
Лойку абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці). Ёй пагражала да 12 гадоў турмы.
Як стала вядома Свабодзе, Насту Лойку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня агульнага рэжыму. Пракуроркай на працэсе была Вольга Дзіндзялевіч.
Наста заявіла ў судзе, што будзе абскарджваць вырак; паводле назіральнікаў, яна трымалася на працэсе добра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асабістая помста ГУБАЗіКа за праваабарончую дзейнасьць». Эніра Браніцкая аб прысудзе Насьце ЛойцыПадставай для крымінальнай справы стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі (2017 – жнівень 2018 году)». У ім даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.
Справу разглядала судзьдзя Алена Шылько. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Невядомыя падрабязнасьці справы і пазыцыя самой Насты. Усяго адбылося два пасяджэньні.
Насту Лойку ўтрымліюць у менскім СІЗА-1 паўгода. Да гэтага яе трымалі працяглы час на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць праваабаронцу Насту Лойку, ёй пагражае да 12 гадоў зьняволеньняПерасьлед Насты Лойкі
Некалькі запар адміністрацыйных арыштаў тэрмінам па 15 дзён Лойка адбыла ў турме на Акрэсьціна.
Паводле інфармацыі Human Constanta, падчас адміністрацыйнага арышту Насту двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.
Пазьней Насту Лойку перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і выставілі ёй абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК), і ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).
На гэта момант вядома, што праваабронцы ставяць у віну толькі артыкул 130 КК. Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархісцкай супольнасьці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.
Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна вэганка і таму ня можа есьці тое, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі празь перадачы і што можна купіць у турэмнай краме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла акцыя ў падтрымку Бяляцкага, Лабковіча і Стэфановіча, якія ўжо 700 дзён у няволі. ФОТАТаксама Насьце Лойцы трэба палячыць зубы, аднак і тут узьнікла праблема. Стаматоляга, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусьціў Сьледчы камітэт.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, у якой працавала Наста Лойка, працягвае змагацца за яе вызваленьне. Аб справе Насты Лойкі праінфармавалі ААН. Зьвярнуліся і ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі, адказу пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады працы беларускіх судоў: справаў за палітыку ў шэсьць разоў больш, чым за хабарніцтва