Паводле інфармацыі крыніцы, рэктар ПДУ Юры Раманоўскі падпісаў загады аб звальненьні сакратара дэканата гісторыка-філялягічнага факультэта Кацярыны Шаўлюга, выкладчыка катэдры сусьветнай літаратуры і замежных моваў Анастасіі Мазго, старшага выкладчыка катэдры замежных моваў Сьвятланы Панімашчанка, сакратара катэдры фізычнага выхаваньня і спорту Тацяны Чаркасавай.
«Адразу за Чаркасавай заяву на звальненьне падала спэцыяліст па суправаджэньні навучальнага працэсу катэдры фізычнай культуры і спорту Сьвятлана Ніколіна», — сьцьвярджае ён.
Раней BPN паведамляла, што «на падставе дамовы бакоў» звольнілі дацэнта катэдры гісторыі і турызму Віктара Чараўко і дацэнта катэдры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіраваньня Сяргея Глазырына. 23 траўня іх затрымалі і асудзілі на 15 і 13 дзён адміністрацыйнага арышту адпаведна паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацкім унівэрсытэце пасьля затрыманьняў «за палітыку» звольнілі 3 выкладчыкаў, яшчэ 6 напісалі заявы «з салідарнасьці»Акрамя таго, паводле інфармацыі выданьня, звольнены дацэнт катэдры гісторыі і турызму, намесьнік дэкана інжынэрна-будаўнічага факультэта, кандыдат гістарычных навук Юры Кежа, які, як сьцьвярджаецца, перасылаў грошы ў «экстрэмісцкія фонды». Калі пра гэта стала вядома сілавікам, навуковец «кампэнсаваў шкоду і застаўся на волі».
«Пасьля затрыманьняў і звальненьняў выкладчыкаў іх калегі праяўляюць салідарнасьць. Нехта падумвае пра звальненьне, нехта моўчкі спачувае, бо публічна выказацца, [усё] адно [што] сесьці. 15 чэрвеня, пасьля таго як інфармацыя пра заявы загадчыкаў катэдраў трапіла ў СМІ, кіраўніцтва склікала нараду. Невядома, пра што там размаўлялі, магчыма, угаворвалі адклікаць заявы аб пераводзе [загадчыкаў катэдраў аб пераводзе на звычайную выкладчыцкую працу], — сьцьвярджае крыніца.
Паводле суразмоўцы BPN, калі затрыманьні і звальненьні працягнуцца, «унівэрсытэт можна будзе закрываць».
«Звальняюць дасьведчаных адмыслоўцаў з навуковымі ступенямі. На катэдрах проста не застанецца „аступененых“ людзей. Для таго, каб існавала катэдра, патрэбныя два кандыдаты навук. Для факультэта — доктар [навук]. Калі звальняць такімі ж тэмпамі, можна ў прынцыпе закрываць ПДУ», — робіць выснову крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масавыя аблавы вядуць ПДУ да разбурэньня». Што адбываецца ў Полацкім унівэрсытэце- Паводле інфармацыі BPN, 13 чэрвеня шэсьць загадчыкаў катэдраў ВНУ напісалі заявы аб пераводзе на звычайную выкладчыцкую працу празь «нежаданьне мець дачыненьне да палітычных перасьледаў калег».
- 23 траўня ў ПДУ прайшла хваля затрыманьняў, пад якую трапіла каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў. Большасьць тых, па кім вядомыя вынікі суда, арыштавалі, мінімум адзін чалавек аштрафаваны.
- 29 і 30 сакавіка прайшлі затрыманьні супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, частку зь іх арыштавалі, некаторых — некалькі разоў запар.