Столтэнбэрг: «NATO абсалютна сур’ёзна ставіцца да заяў Расеі аб плянах разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі»

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, Брусэль, 16 чэрвеня 2023

Пасьля заяў Лукашэнкі ў NATO не фіксуюць зьмены ядзерных пазыцый Расеі, працягваюць сачыць за сытуацыяй у Беларусі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Расея ў вайне з Украінай працягвае сваю «безразважную ядзерную рыторыку» і што Паўночнаатлянтычны альянс «абсалютна сур’ёзна ставіцца да заяў Расеі аб плянах разьмясьціць ядзерную тактычную зброю ў Беларусі».

«Мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца. Гэта частка ядзернай рыторыкі Расеі, якую мы ўжо пэўны час назіралі, назіралі некалькі гадоў. Расея мадэрнізавала сваю ядзерную зброю, разгортвала яе на крайняй Поўначы, і цяпер упершыню яна разгортвае ядзерную зброю ў Беларусі», — сказаў Енс Столтэнбэрг 16 чэрвеня ў Брусэлі (Бэльгія) пасьля завяршэньня сустрэчы міністраў абароны краін NATO.

У той жа час генэральны сакратар NATO падкрэсьліў, што пакуль «няма ніякіх зьменаў у ядзерных пазыцыях Расеі», якія б патрабавалі адпаведных зьменаў з боку альянсу.

«Але мы будзем стала праводзіць маніторынг, і гэта мы абмяркоўвалі на пасяджэньні групы ядзернага плянаваньня», — удакладніў ён.

Енс Столтэнбэрг дадаў, што Расея ў вайне з Украінай працягвае сваю «безразважную ядзерную рыторыку».

«Расея спыніла рэалізацыю новага дагавору аб СНВ і абвясьціла аб намерах разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі. Іран і Паўночная Карэя працягваюць распрацоўку сваіх ядзерных ракетных праграм. У той жа час Кітай працягвае сваю імклівую і непразрыстую ядзерную экспансію. Гэтыя выклікі выклікаюць у NATO вялікую заклапочанасьць, і мы працягваем адаптоўваць наша ядзернае стрымліваньне ў зьменлівай сытуацыі ў сфэры бясьпекі», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Раніцай 16 чэрвеня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што «праз найбольшыя за цэлае пакаленьне пагрозы эўраатлянтычнай бясьпецы» Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) мусіў павялічыць свае сілы абароны.

«Пакуль што ў нас больш як 40 тысяч вайскоўцаў пад непасрэдным камандаваньнем NATO. Шмат іншых у стане павялічанай баявой гатоўнасьці. Усе яны забясьпечаныя значнымі паветранымі і марскімі сродкамі. І мы ўдвая павялічылі колькасьць шматнацыянальных баявых групаў ад Балтыі да Чорнага мора», — заявіў Енс Столтэнбэрг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг: пад непасрэдным камандаваньнем NATO ў Эўропе больш за 40 тысяч вайскоўцаў

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Менскую вобласьць 13 чэрвеня даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікае, што частка ядзернай зброі ўжо нібыта дастаўленая з Расеі ў Беларусь.

«У нас ракеты і бомбы, мы атрымалі ад Расеі, — сказаў ён. — Бомба ў тры разы магутнейшая, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч [чалавек] імгненна загінула, 250... ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта... Ну, я ня ведаю... пад мільён чалавек загіне адразу. Ня дай Бог ужываць гэтую зброю. Але гэта ўсё ж такі абмежаваная тэрыторыя».

На ўдакладняльнае пытаньне, ці сапраўды Беларусь ужо атрымала гэтыя «бомбы і ракеты», Лукашэнка адказаў: «Ну, ня ўсе. Паціху».

Да інтэрвію ён заявіў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А ядзерных сховішчаў у нас — як сабак у вёсцы...» Лукашэнка хваліцца — Крэмль абвяргае

На сустрэчы з Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін сказаў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7–8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў» (у канцы сакавіка ён сьцьвярджаў, што будаўніцтва спэцсховішча ў Беларусі завершыцца да 1 ліпеня).

25 траўня міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцсховішчы на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны РФ заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

У той жа дзень Лукашэнка ў кулюарах паседжаньня Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады няўпэўнена заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося. Пацьвярджэньняў гэтай інфармацыі не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН адрэагавалі на заявы аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі

Дэмакратычныя сілы рэзка крытыкуюць усе працэсы, зьвязаныя з патэнцыйным разьмяшчэньнем расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, заклікаюць іншыя краіны дапамагчы ня даць гэтаму адбыцца.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.