Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што «праз найбольшыя за цэлае пакаленьне пагрозы эўраатлянтычнай бясьпецы» Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) мусіў павялічыць свае сілы абароны.
«Пакуль што ў нас больш як 40 тысяч вайскоўцаў пад непасрэдным камандаваньнем NATO. Шмат іншых у стане павялічанай баявой гатоўнасьці. Усе яны забясьпечаныя значнымі паветранымі і марскімі сродкамі. І мы ўдвая павялічылі колькасьць шматнацыянальных баявых групаў ад Балтыі да Чорнага мора», — заявіў Енс Столтэнбэрг 16 чэрвеня, адкрываючы двухдзённую сустрэчу міністраў абароны краін NATO у Брусэлі.
Генэральны сакратар NATO дадаў, што на пасяджэньні 16 чэрвеня міністры падрыхтуюць праекты рашэньняў для саміту лідэраў краін альянсу ў Вільні «аб далейшым узмацненьні стрыманьня і абароны».
«Мы перагледзім нашы абноўленыя пляны абароны Эўропы, будзем рабіць захады, каб наша прамысловая база змагла задаволіць высокі попыт, і вызначым новую, больш амбітную мяжу выдаткаў у абарону — як я чакаю, прынамсі 2% ВУП», — удакладніў Енс Столтэнбэрг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў NATO пачаць працэс прыняцьця Ўкраіны ў Альянс пасьля завяршэньня вайныСаміт NATO адбудзецца ў Вільні 11–12 ліпеня. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі генэрал Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.
Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Папярэдне гэта абмяркуюць 16 чэрвеня, у другой палавіне дня, на пасяджэньні групы ядзернага плянаваньня. Пасяджэньне групы будзе закрытае для журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO адрэагаваў на заявы Лукашэнкі аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі