Што адбылося
Цэнтралізаваны экзамэн выпускнікі школ сёлета здавалі ўпершыню. Першапачатковы падлік спарадзіў скандал: бацькі пісалі пэтыцыю за пералік, езьдзілі ў рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, таму вынікі ўсё ж пералічылі. Адбылося гэта толькі пасьля выказваньняў Лукашэнкі, хоць Мінадукацыі і ўрад нават цяпер працягваюць сьцьвярджаць, што «ўсё было правільна».
Прычына незадавальненьня — мэтодыка падлікаў, пра якую не папярэдзілі. Выпускнікі чакалі, што падлікі будуць такія самыя, як і на рэпэтыцыйным тэставаньні, якое яны здавалі раней. Але балы атрымаліся значна ніжэйшыя.
Як расказалі Свабодзе спэцыялісты, абазнаныя ў тэме, балы пералічылі, як таго і хацелі выпускнікі і іх бацькі, па мэтодыцы, якую прымянялі на рэпэтыцыйным тэставаньні. Пасьля гэтага балы вырасьлі.
«За кожнае заданьне, якое выконвае вучань, налічваецца 0 балаў — калі яно няправільнае, 1 бал — калі часткова правільнае і 2 балы — калі правільнае. Можна атрымаць ад 0 да 80 першасных балаў, якія потым пералічваюцца ў канчатковыя праз каэфіцыент. Прычына скандалу, што гэты каэфіцыент зрабілі меншым і не папярэдзілі пра гэта. Напрыклад, вучань чакаў, што атрымае 89 балаў, а атрымаў толькі 75 балаў. Пасьля пратэстаў і новага пераліку гэта ўсё ж атрымаліся 89 балаў», — расказваюць спэцыялісты.
Пасьля пераліку 86 балаў сталі 96 баламі, 78 — 90 баламі, 75 — 89 баламі.
Якая рэакцыя выпускнікоў і іх бацькоў
У выніку пераліку балы вырасьлі, таму абітурыенты і іх бацькі задаволеныя. Гэта Свабодзе пацьвердзілі адразу некалькі бацькоў абітурыентаў.
«У выніку пераліку верхнія балы павысіліся. Вядома, усе задаволеныя, але балы павысіліся ва ўсіх канкурэнтаў таксама. Праблема была яшчэ і ў тым, што сёлета могуць паступаць выпускнікі мінулага году. Летась у заданьнях была яшчэ адна частка — заданьне павышанай складанасьці, а сёлета іх прыбралі. То бок набраць шмат балаў сёлета стала прасьцей», — расказваюць бацькі адной з выпускніц.
Занепакоенасьць бацькоў цяпер выклікае хіба абяцаньне чыноўнікаў «выпрацаваць канчатковае рашэньне па ўступнай кампаніі». Раптам зьменяць яшчэ нешта?
«Заявілі, што пачнуць маніторынг у сыстэме адукацыі і выпрацуюць ідэальную формулу. Не зразумела, што рабілі перад гэтым, дагэтуль якраз займаліся сыстэмай паступленьня. Пры гэтым падкрэсьлілі, што ўсё было правільна. А навошта тады было пералічваць, калі ўсё правільна?» — разважаюць бацькі.
14 чэрвеня віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка заявіў, што праблема зь першапачатковым падлікам была ў нясвоечасовай інфармацыі пра мэтодыку. Праз гэта, маўляў, і было столькі скаргаў.
Вынікі сёлетняй кампаніі, па словах чыноўнікаў, будзе аналізаваць маніторынгавая камісія, а пасьля прымуць «канчатковае рашэньне па ўступнай кампаніі».
Што цяпер будзе з паступленьнем
Сёлета на выдатны вынік у 100 балаў ЦЭ здало нашмат больш выпускнікоў, чым у мінулыя гады. Па беларускай мове выдатны вынік набралі 413 чалавек (летась на ЦТ — 67 чалавек), па расейскай — 482 (летась на ЦТ — 43 чалавекі). То бок стабальнікаў па розных прадметах сёлета ў 10 разоў болей, чым летась. Пры гэтым паступаць могуць і выпускнікі мінулага году з вынікамі па леташнім ЦТ. Без экзамэнаў таксама могуць паступаць алімпіяднікі, выпускнікі ліцэя БДУ (толькі ў БДУ), па асобным конкурсе ідуць мэтавікі (хто атрымаў накіраваньне ад уладаў свайго раёну).
Напрыклад, на папулярны факультэт з традыцыйна высокімі прахаднымі баламі — міжнародных адносінаў — сёлета плянуюць узяць на бюджэт 70 чалавек. Туды могуць падавацца і алімпіяднікі (могуць не здаваць ЦЭ і ЦТ), і выпускнікі ліцэю БДУ (паступаюць без экзамэнаў у БДУ), і мэтавікі (ідуць асобным конкурсам). І ў тым жа конкурсе будуць удзельнічаць разам зь імі і астатнія абітурыенты.
У спэцыялістаў выклікае пытаньне, як зараз будуць дзяліць месцы ва ўнівэрсытэтах паміж выпускнікамі розных катэгорый, бо няясна, па якіх правілах будзе праходзіць паступленьне. Тое ж тычыцца і іншых папулярных факультэтаў.