Пра тое, што ў недалёкай будучыні Беларусь можа чакаць стварэньне новай «жалезнай заслоны», Лукашэнка амаль адкрыта заявіў 8 чэрвеня 2023 года, выступаючы перад кіраўнікамі саветаў бясьпекі краін АДКБ:
«З досьведу Савецкага Саюзу вы памятаеце: мы пад прыгнётам былі, ніхто нас не вітаў, нас спрабавалі задушыць. Але мы, у нейкіх адносінах замкнёныя ў сваіх межах, цудоўна працавалі, былі самадастатковымі. Трэба разумець, што і Беларусь, і Расея — мы павінны гэту прастору выбудаваць, стварыць пляны, каб мы маглі быць самадастатковымі, каб нас праз даляр, яшчэ нейкую валюту ня ставілі пастаянна на калені».
Тады ж Лукашэнка паведаміў генэралам, што зьбіраецца прапанаваць Пуціну «своеасаблівы плян унутранага разьвіцьця тэрыторый». Можна меркаваць, менавіта пра гэта ішла размова падчас іхных наступных размоў на курорце ў Сочы 9 чэрвеня.
Прынамсі, на тых кадрах афіцыйных здымак, якія трапілі ў эфір, Лукашэнка зноў паўтарыў ідэю сумеснага пляну і апоры на ўласныя сілы:
«Спадзявацца на тое, што санкцыі адменяць, яшчэ штосьці, — нам пра гэта нават гаварыць ня трэба. Нам трэба арыентавацца на свае сілы і на сябе».
Гаворыць ён нібыта пра самадастатковасьць, пра «арыентацыю на ўласныя сілы і на сябе», але мае на ўвазе — адасабленьне, адгароджваньне ад сьвету, тое, што ў гісторыі даўно вядома як палітыка аўтаркіі, самаізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква можа атруціць Лукашэнку». Марк Фейгін — пра сыход дыктатара і хаос у Менску, якому паспрыяюць Захад, Украіна і полк КаліноўскагаКраіна за калючым дротам, у якой «усё сваё»
Для Лукашэнкі адзіны блізкі і зразумелы досьвед «апоры на ўласныя сілы» — гэта позьнесавецкі пэрыяд. Брэжнеўскі СССР быў у значнай ступені ізаляваны ад астатняга сьвету. Савецкія грамадзяне былі пазбаўленыя права свабодна выяжджаць за рубяжы сацыялістычнай Айчыны. Нелегальнае перасячэньне мяжы і ўцёкі на Захад прыраўноўваліся да дзяржаўнай здрады: многіх за гэта нават расстрэльвалі.
Увесь пэрымэтар СССР быў абнесены калючым дротам — нават там, дзе Савецкі Саюз межаваў нібыта зь сябрамі з «сацыялістычнага лягера»: веры не было нікому. За захоўваньне даляраў ці іншай замежнай валюты савецкаму чалавеку пагражаў вялізны турэмны тэрмін. Усе (ці амаль усе) тавары СССР імкнуўся вырабляць самастойна, і ў гэтым мала залежаў ад вонкавага сьвету. Што гэта былі за тавары, якой былі іх якасьць, сабекошт і цана для савецкага чалавека, — тэма асобнай вялікай размовы.
У 20-30-гадовым узросьце Лукашэнка не належаў да партыйнай ці савецкай намэнклятуры, ня меў доступу да «спэцразьмеркавальнікаў», а таму, без сумневу, добра памятае, чаго каштавала звычайнаму савецкаму чалавеку «здабыць» імпартныя чаравікі, джынсы, тэлевізар ці магнітафон. Савецкія «аналягі» на паліцах нібыта былі, але якасьць гэтых тавараў, вырабленых айчыннай прамысловасьцю на айчынным жа абсталяваньні, была такой, што спараджала хіба што кпіны, анэкдоты, насьмешкі. Ці вось такія сьмелыя па тых часах вершы, як вось гэты, аўтарства Яўгенія Яўтушэнкі:
На плечи Лондон вы надели,
впихнули ноги в Рим рожком
и даже запонки из Дели...
А как же быть с родным Торжком?
Производители уродства,
захламливатели земли,
вы проявите благородство —
носите, что произвели!
Савецкая намэнклятура і праўда старалася не насіць таго, што вырабляла айчынная прамысловасьць( бо мела з чым параўноўваць і выдатна ведала якасьць таго, што сама ж вырабляла). У яе былі спэцкрамы («спэцразьмеркавальнікі») з таварамі з Захаду.
А малады Аляксандар Лукашэнка (як і амаль усе ягоныя равесьнікі) у 70-я гады, каб купіць модныя індыйскія джынсы альбо чэскія красоўкі, напэўна ж, гадзінамі душыўся ў чэргах у магілёўскім ГУМе ці шклоўскім сельпо. Ці ўтрая пераплочваў спэкулянтам (за джынсы трэба было аддаць тры месячныя студэнцкія стыпэндыі). І першая замежная паездка ў яго здарылася наўрад ці раней за 90-я гады. Мець замежны пашпарт за камуністамі і выяжджаць за межы сацыялістычнай радзімы было такой жа рэдкай прывілеяй, як і быць замацаваным за «спэцкрамай» ці «спэцпаліклінікай».
І вось тыя рэаліі, якія сам Лукашэнка, без сумневу, добра памятае, ён цяпер называе пэрыядам, калі «замкнёныя ў сваіх межах, мы цудоўна працавалі, былі самадастатковымі»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бункер для дыктатара. Аўтарытарныя лідэры гатовыя кіраваць нават з-пад зямліТам, дзе перамаглі ідэі «чучхэ»
Звычайна лічыцца, што ідэя поўнай аўтаркіі ў сучасным сьвеце недасягальная, утапічная. Краіны, якія спрабавалі яе ажыцьцявіць, ня здолелі выбудаваць паўнавартасную эканоміку і выбрацца з галечы. Найчасьцей у якасьці такога прыкладу прыводзяць Паўночную Карэю з ідэямі «чучхэ», прыдуманымі першым камуністычным правадыром і пачынальнікам дыктатарскай дынастыі Кім Ір Сэнам. Аснова «чучхэ» — стратэгія апоры на ўласныя сілы (але ў дадатак яшчэ — і бязьмежная асабістая ўлада правадыра, і мілітарызм, і асуджэньне «любога нізкапаклонства перад вялікімі краінамі»). Увесь гэты набор ідэй надзвычай прывабны для любога дыктатара, бо тэарэтычна абгрунтоўвае ягоную пажыцьцёвую ўладу і прыгнечаны стан грамадзтва, пазбаўленага большасьці дэмакратычных правоў.
Кім Ір Сэн заўзята будаваў свой агароджаны калючым дротам сацыялізм «з апорай на ўласнай сілы», аж пакуль не давёў краіну да маштабнага голаду 1994–1999 гадоў. Схаваць яго было цяжка: ад недаяданьня загінулі, паводле розных ацэнак, ад 10 000 да 3 000 000 чалавек. Афіцыйнай прапагандзе гэты пэрыяд было загадана называць «цяжкім паходам», а ягоная неабходнасьць абгрунтоўвалася «часовымі эканамічнымі цяжкасьцямі» і «несправядлівымі санкцыямі супраць КНДР». Пасьля 1994 года, што праўда, спадкаемцы пачынальніка дынастыі (ягоныя сын Кім Чхен Ір і ўнук Кім Чэн Ын) да рэалізацыі ідэй «чучхэ» ставіліся значна больш асьцярожна. Вонкавы гандаль з навакольным сьветам спрабавалі і спрабуюць разьвіваць, хоць і безь вялікага плёну.
Самаізаляцыя, «апора на ўласныя сілы» ў спалучэньні з жорсткай дыктатурай, апантанай мілітарызацыяй і адсутнасьцю элемэнтарных грамадзянскіх свабод прывялі да таго, што краіна і народ па-ранейшаму патанаюць у галечы. Тым часам як на поўдзень ад 38-й паралелі, у Паўднёвай Карэі, адна з самых разьвітых эканомік сьвету з заможным і свабодным грамадзтвам. Зь цяжкасьцю верыцца ў тое, што па абодва бакі калючага дроту — адзін народ, у жыцьці якога 70 гадоў таму не было абсалютна ніякіх адрозьненьняў. Наўрад ці знойдзецца лепшая ілюстрацыя таго, куды здольная прывесьці таталітарная сыстэма ўлады нават самае працавітае і паслухмянае грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Манаполія на ўладу. У чым падабенства і розьніца Югаславіі пры Ціта і Беларусі пры Лукашэнку700 тысяч бункераў для абароны дыктатуры
Іншы падобны прыклад — альбанскі камуністычны дыктатар Энвэр Ходжа. Адрозна ад Кім Ір Сэна, ён уласнай ідэалёгіі прыдумляць не спрабаваў, пасьлядоўна вёў краіну шляхам Сталіна і Мао Цзэдуна. Хоць на практыцы рэалізоўваў практычна тыя ж пастуляты, што і карэйскі дыктатар.
Напалоханы хрушчоўскімі рэформамі і лібэральным курсам Ёсіпа Броз Ціта ў суседняй Югаславіі, абвесьціў і аднаго, і другога, і іхных пасьлядоўнікаў зь іншых сацыялістычных краін «рэвізіяністамі», «трацкістамі», «здраднікамі». І заклікаў уласны народ «жыць, працаваць і змагацца як у варожым атачэньні». З пачатку 70-х гадоў у Альбаніі ўсё было падпарадкавана блякаднаму жыцьцю. Эканоміка, выбудаваная «з апорай на ўласныя сілы», няспынна знаходзілася ў пераддэфолтным стане. З усімі суседзямі варагаваў. Людзі жылі ў галечы. Каб апраўдаць такі лад жыцьця, дыктатарскі рэжым абвесьціў многія прадметы побыту (асабісты аўтамабіль, лецішча, відэамагнітафон, раяль) «буржуазнай раскошай», а таму мець іх у асабістым карыстаньні ў сацыялістычнай Альбаніі было забаронена. Спроба выехаць ці ўцячы з краіны лічылася асабліва небясьпечным дзяржаўным злачынствам.
Пры гэтым дыктатар панічна баяўся вонкавай агрэсіі і зрынаньня свайго рэжыму з дапамогай варожага ўварваньня. Найлепшай засьцярогай ад гэтага ён лічыў будаўніцтва бэтонных бункераў. За чатыры дзесяцігодзьдзі дыктатуры Ходжы такіх бункераў у Альбаніі было ўзьведзена 700 тысяч — па адным на кожныя чатыры альбанцы, ці 24 на кожны квадратны кілямэтар. Іх і сёньня паўсюль можна ўбачыць у Альбаніі — нават у дварах шматпавярховікаў.
Што адметна, і ў паўночнакарэйскіх Кімаў, і ў Лукашэнкі — такая ж яўная апантаная боязь вонкавага ўварваньня. Толькі яны пры гэтым стаўку робяць не на бэтонныя бункеры, а на ядзерныя ракеты. (У Ходжы такой магчымасьці не было).
І пералік спонсараў усіх трох дыктатур, нягледзячы на розьніцу гістарычных эпох, што цікава, той жа. І Энвэр Ходжа, і Кім Ір Сэн са сваёй дынастыяй, і Лукашэнка, ізалюючы свае рэжымы ад свабоднага сьвету, разьлічваюць галоўным чынам на ўтрыманьне з Масквы. А калі Расея зь якіх-небудзь прычынаў кармленьне спыняе ці абмяжоўвае, пераключаюцца на Кітай. Да дабрабыту і эканамічнага росквіту ніводную з краін гэта не прыводзіла, але ратавацца ад канчатковай галечы і голаду дапамагала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восень дыктатара. Як Лукашэнка будзе ратаваць свой рэжым ад непазьбежных пераменЗа мяжу — «атрымліваць інструкцыі» і «прамываць мазгі»
Цяжка ўявіць, каб у дыктатуры, якая спрабуе адгарадзіцца ад цывілізаванага сьвету, вынішчае іншадумцаў унутры краіны і ўсяляк абмяжоўвае «варожыя ўплывы», заставаўся свабодны выезд за мяжу.
Пачынаючы зь 2020 года, Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся пра тых, хто езьдзіць на Захад:
9 жніўня 2021: «Мы прымем меры да тых, хто зьехаў туды (за мяжу. — РС) дзеля навучаньня, прамываньня мазгоў... Я даручыў міністру адукацыі, знаходзяцца самыя жорсткія рашэньні. Раз пайшлі на зачыстку — будзем чысьціць усё. ЭГУ скончыў — ну і працуй у Літве. Працуй, мы абыдземся, нічога страшнага... Там адзінкі выехалі, атрымалі адукацыю — ну там і жывіце».
24 жніўня 2021: «Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, там і заставайцеся. Таму што там ня столькі навучаюць (ім далёка да нашай адукацыі, паверце, далёка), яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца. Яны ўжо цяжкаперавыхавальныя».
26 кастрычніка 2021: «Нам падкідваюць ідэю: «Завязіце Pfizer, „Джонсан і Джонсан“, „Мадэрну“ ды іншае. Для чаго? Каб [людзі] маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх! Ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць! Вось для чаго ім гэта трэба!»
Сёньня сьпіс пагрозаў для Лукашэнкі толькі гэтым («атрыманьнем інструкцый» і «прамываньнем мазгоў» тых, хто езьдзіць за мяжу) не абмяжоўваецца. Калі сапраўды справа дойдзе да выбудоўваньня «самадастатковай эканомікі» і змаганьня з далярам, то вельмі хутка паўстане шэраг іншых пытаньняў. Як утрымаць унутры краіны працоўную сілу? Як спыніць «адток мазгоў»? Адкуль браць студэнтаў у наствараныя ВНУ, калі моладзь імкнецца вучыцца за мяжой? Як кампэнсаваць нястачу прызыўнікоў ва ўмовах рэзкага падзеньня нараджальнасьці і ўцёкаў моладзі на Захад? І самы просты адказ амаль на ўсе гэтыя пытаньні адзін: закрыць межы.
Зусім магчыма, што Лукашэнка даўно ўжо гэта зрабіў бы, калі б не параўнальна празрыстая расейская мяжа. Калі закрываць межы, то па ўсім пэрымэтры «саюзнай дзяржавы», ад Берасьця да Ўладзівастока. Ці пойдзе на гэта Пуцін? Нейкі час здавалася, наўрад ці. Карумпаваная расейская эліта ў цэлым была і застаецца празаходняй (апроч хіба што вузкага кола «сілавікоў» вакол Пуціна). Амаль ва ўсіх расейскіх алігархаў, высокіх чыноўнікаў, генэралаў і прапагандыстаў на Захадзе — банкаўскія рахункі, асабнякі, вілы, яхты, дзеці, каханкі, сем’і... Навошта гэтым людзям новая «жалезная заслона»?
Але вайна многае памяняла ў гэтай справе. Кардынальна перагледжана стаўленьне Захаду да расейскіх нуварышаў, іхных капіталаў і маёмасьці. У цяжкапераадольную праблему для расейскіх грамадзянаў ператварылася працэдура атрыманьня візаў заходніх краін. Амаль спыніліся авіяцыйныя і чыгуначныя кантакты Захаду з Расеяй. Адначасова з гэтым усё больш абмежаваньняў на выезд уводзіць для сваіх грамадзянаў сама Расея. Адзін з апошніх законаў, падпісаных Пуціным, абавязвае прызваных на вайсковую службу здаваць уладам свае замежныя пашпарты. Раней былі ўведзены падобныя абмежаваньні для многіх «сілавікоў», носьбітаў дзяржаўных сакрэтаў, даўжнікоў перад бюджэтам... Іншымі словамі, глеба для поўнага закрыцьця межаў добра ўгноеная і цалкам падрыхтаваная для канчатковага рашэньня. І калі раптам выявіцца, што свабоднага выезду з Расеі больш не існуе, гэта, здаецца, ня стане для расейскага народанасельніцтва надта ўжо вялікай неспадзяванкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабаўце кожнаму зь „неверагодных“ яшчэ пару гадоў турмы». У Беларусі завяршаецца транзыт у таталітарызмВарыянты будучыні
Будучыня Беларусі на многія наступныя дзесяцігодзьдзі вызначаецца зараз далёка ад беларускіх межаў — пад Бахмутам і Данецкам, у прычарнаморскіх стэпах Херсоншчыны і ля марыюпальскага ўзьбярэжжа Азоўскага мора. Пераможны бліц-крыг, які плянаваў Пуцін у лютым 2022-га, праваліўся, гэта ўжо відавочна. Але і маштабны ўкраінскі контранаступ і пляны імклівага разгрому пуцінскай акупацыйнай арміі могуць аказацца зусім не такімі пасьпяховымі і лёгкадасяжнымі, як на тое многія разьлічвалі. Напэўна, найгоршы для Беларусі сцэнар, калі ўкраінскія атакі захліснуцца, вайна зацягнецца на доўгія гады, а часовая лінія фронту ператворыцца ў фактычную лінію супрацьстаяньня і падзелу — як захоўваецца ўжо больш як паўстагодзьдзя дэмаркацыйная лінія між дзьвюма Карэямі. Ні вайны, ні міру — і вечныя варожасьць, напружанасьць і недавер. У гэтым выпадку Пуцін і створаная ім сыстэма з высокай імавернасьцю захаваюцца і працягнуць сваё гніеньне, а значыць, захаваецца і Лукашэнка зь ягонай дыктатурай. Вось тады і можа распачацца выбудоўваньне новай цывілізацыйнай сьцяны. Беларусь разам з Расеяй апынуцца па той бок новай «жалезнай заслоны» — менавіта да гэтага моманту Лукашэнка зараз і рыхтуецца, складаючы пляны «самадастатковага існаваньня».
Неверагодным такі сцэнар зусім не выглядае. Асабліва на тле ня надта імклівага і ня надта трыюмфальнага чэрвеньскага наступу ўкраінскай арміі. Што можа перашкодзіць гэтым плянам? Найперш — посьпехі Украіны на фронце і як вынік іх — дэстабілізацыя ўнутры самой Расеі. А яшчэ — узрост гэтых двух кампаньёнаў, якія на схіле веку раптам узяліся пераўладкоўваць сьвет на свой савецкі капыл. Усё ж, каб павярнуць гэты цяжкі імпэрскі воз аглоблямі ў мінуўшчыну і аднаўляць даўно разбураныя межы, сьцены і калючыя агароджы, патрэбны і воля, і здароўе, і імпэт — немалыя жыцьцёвыя сілы. І ў аднаго, і ў другога яны на зыходзе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.