Першую частку дакладу пра незаконны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь перадалі ў Міжнародны крымінальны суд

Ілюстрацыйнае фота. Дзеці з акупаванай Расеяй Данецкай вобласьці Ўкраіны наведваюць брыгаду спэцназу МУС у Менску

Першую частку падрыхтаванага дас’е па фактах злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, 12 чэрвеня перадалі пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе Карыму Хану.

Пра гэта заявіў 14 чэрвеня намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўнік «НАУ» Павал Латушка на закрыцьці форуму грамадзянскіх ініцыятываў «Яднайся».

За першай часткай дас’е будзе другая, якую, паводле Латушкі, ужо таксама часткова перадалі ў пракуратуру Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей

Таксама дэмакратычныя сілы з дапамогай юрыстаў падрыхтавалі адпаведную справаздачу супраць Аляксандра Лукашэнкі, з дапамогай якіх яго можна будзе прыцягнуць да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасці, адзначыў ён.

«Яна абсалютна адназначна даказвае, што на тэрыторыі Беларусі сыстэматычна, масава, маштабна зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці. І толькі па адной катэгорыі злачынстваў — прымусовай дэпартацыі беларусаў — на жаль, мы з вамі, фактычна многія з нас зьяўляюцца прымусова дэпартаванымі — мы маем права патрабаваць распачаць крымінальную справу ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе», — заявіў Павал Латушка.

Ён выказаў спадзяваньне, што гэтыя матэрыялы таксама бліжэйшым часам перададуць у Міжнародны трыбунал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі, што маюць пацьверджаньне ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей
  • У красавіку паведамлялася, што Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне зьбірае дакумэнты, якія могуць даказаць дачыненьне прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да вывазу дзяцей з акупаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны.
  • У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна ў сувязі з падазрэньнямі ў ягонай датычнасьці да незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею.
  • У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, панесьці адказнасьць.
  • Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) кваліфікавала вываз украінскіх дзяцей як ваеннае злачынства. У траўні СМІ паведамлялі, што Ўкраіна расьсьледуе меркаваную ролю Беларусі ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне аб датычнасьці Беларусі да перасяленьня ўкраінскіх дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для абвінавачаньняў супраць Лукашэнкі дастаткова доказаў», — амэрыканскі расьсьледнік пра вываз дзяцей з Украіны ў Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў расьсьледуе ролю Менску ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з Украіны