Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне аб датычнасьці Беларусі да перасяленьня ўкраінскіх дзяцей


Украінскія дзеці. Архіўнае фота
Украінскія дзеці. Архіўнае фота

Пацярпелымі ўжо прызналі 100 чалавек. Больш за 360 уцекачоў, якія прыбылі з Украіны ў Літву, апыталі ў якасьці сьведак.

На падставе зьвестак аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене адкрыла дасудовае расьсьледаваньне паводле арт. 102 і 1002 КК (дэпартацыя, перасяленьне мірных жыхароў і разлучэньне дзяцей), паведаміла прэс-служба нагляднага органу Літвы.

Пракуратура Літвы прыняла такое рашэньне, ацаніўшы інфармацыю «аб магчымым незаконным перасяленьні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і ролі прадстаўнікоў беларускіх уладаў у садзейнічаньні гэтым злачынным дзеяньням».

9 чэрвеня літоўскае замежнапалітычнае ведамства паведаміла, што міністар Габрыелюс Ландсбергіс перадаў Генпракуратуры адпаведныя зьвесткі, раней атрыманыя ад беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай.

У дакумэнтах, якія кіраўнік МЗС прыклаў да ліста генпракурору, гаворыцца, што з пачатку вайны «больш за 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў лягеры ў Беларусі», імаверна, «па ўказаньні беларускага рэжыму ці зь яго згоды».

«Незаконная дэпартацыя або перасяленьне цывільных асоб кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, — зазначыў Ландсбергіс. — Гэтыя дзеяньні караюцца як у адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі, так і ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. Трэба ацаніць ня толькі дзеяньні Расеі, але і патэнцыйны саўдзел прадстаўнікоў беларускіх уладаў (у тым ліку вышэйшых службовых асоб) і кантраляваных імі суб’ектаў ва ўчыненьні ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і супраць украінскіх жыхароў».

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.

3 чэрвеня дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрый Мезенцаў заявіў, што ў «аздараўленчых лягерах Менскай вобласьці» пабывала больш за 2 тыс. дзяцей з так званых «данецкай і луганскай народных рэспублік» — раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія не кантралююцца Кіевам. Ён сьцьвярджае, што ў Беларусь іх адпраўлялі нібыта на законных падставах.

Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Украіны распачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.

  • Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць даказаць удзел рэжыму Лукашэнкі ў такім жа самым злачынстве, каб прыцягнуць яго да адказнасьці.
  • У пачатку траўня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» на сустрэчах з кіраўніцтвам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту прадставіла справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
  • Паводле кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, дакумэнт зьмяшчае «больш за 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG