Тое, што любыя заявы Аляксандра Лукашэнкі трэба пераправяраць, рабіць фактчэкінг, добра вядома ўсім незалежным журналістам, якія асьвятляюць беларускую палітыку. Здавалася б, у гэтым пляне ўжо цяжка чым-небудзь зьдзівіць. Аднак апошняе інтэрвію Лукашэнкі тэлеканалу «Россия 1» стала асабліва шчодрым на спрэчныя і сумнеўныя сьцьвярджэньні. Некаторыя зь іх Крэмль у тэрміновым парадку ўжо абверг.
Лукашэнка зноў спрабаваў як мага мацней напужаць Захад ядзернай зброяй. Вось ён кажа: «У нас ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі. Бомба ў тры разы больш магутная, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч імгненна загінула, 250 тысяч ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта, ну, я ня ведаю, пад мільён чалавек загіне адразу. Ня дай бог ужываць гэтую зброю».
Пакінем убаку колькасьць загінулых, пра якую кажа Лукашэнка. Бо тактычная ядзерная зброя яшчэ ніколі не прымянялася. Зьвернем увагу на фразу: «У нас ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі». То бок з гэтага вынікае, што ядзерная зброя ўжо завезеная ў Беларусь.
І тут жа ён сам сябе абвяргае: «Думаю, пройдзе некалькі дзён, і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш». То бок зброі яшчэ няма, яна зьявіцца толькі празь «некалькі дзён». І чаму верыць?
То ён апавядае, як без ваганьняў прыменіць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі, то тлумачыць, што пытаньне пра яе выкарыстаньне трэба будзе ўзгадняць з Пуціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўжо ёсьць ракеты і бомбы з Расеі: «Бомба ўтрая магутнейшая, чым у Хірасіме і Нагасакі»Ня будзем асабліва зьвяртаць увагу на пахвальбу, што ў Беларусі нібыта «сховішчаў ядзернай зброі — як сабак у вёсцы». Але калі Лукашэнка называе розныя лічбы, тут ужо пачынаецца свабодны, нічым не абмежаваны палёт фантазіі, без усялякіх межаў. Вось, напрыклад, ён апавядае пра страты ўкраінскага войска падчас контранаступу: «Украінцаў загінула каля 40 тысяч. Загінула. І больш за 100 [тысяч] ня вернуцца: параненыя. Разумееце, амаль 120–150 тысяч».
У гэты ж час Мінабароны РФ агучыла свае лічбы: «З 4 чэрвеня ўкраінскія Ўзброеныя сілы страцілі толькі на лініі баявога судакрананьня каля 7,5 тысячы чалавек забітымі і параненымі». Вядома, што ў вайну праціўнікі заўсёды перабольшваюць страты адзін аднаго. Але нават на фоне інфармацыі Мінабароны РФ лукашэнкаўскія лічбы выглядаюць палётам творчай фантазіі.
Яшчэ пра лічбы. Лукашэнка даводзіць, што ў Беларусі пражывае 10 млн чалавек. І дадае: «А расейцаў колькі тут? Яшчэ мільёны тры ўвесь час. Вось 13 мільёнаў, я за іх адказваю».
Па-першае, паводле апошніх афіцыйных статыстычных дадзеных, на 1 студзеня 2023 году ў Беларусі пражывала 9,2 млн чалавек. Па-другое, адкуль узяліся тры мільёны расейцаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку я прасіў Пуціна. Потым запатрабаваў...» Як Расея стала малодшым партнэрам ЛукашэнкіАдну з Лукашэнкавых сэнсацыяў быў вымушаны імгненна пракамэнтаваць нават Крэмль. Гаворачы пра перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, якія адбываліся на пачатку вайны, Лукашэнка кажа: «Пуцін мне перадае дакумэнт, які быў парафіраваны дэлегацыямі. Нармальны, нават па Крыме — арэнда там нейкая працяглая, па Данбасе, на ўсходзе... Нармальная дамова».
Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў абверг словы Лукашэнкі пра тое, што на перамовах Масквы і Кіева абмяркоўвалася арэнда Крыму. «Не, гэта ня так. Крым — гэта расейскі рэгіён, ён ня можа быць нікім арандаваны», — заявіў Пяскоў.
Было пытаньне пра сына. «Коля цяпер у Кітаі вучыцца, у Пэкінскім унівэрсытэце», — сказаў Лукашэнка. Паводле інфармацыі рэсурсу «Зеркало», Мікалай Лукашэнка знаходзіцца ў Пэкінскім унівэрсытэце на практыцы, якая працягнецца 1–2 месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, дзе вучыцца ягоны сын Мікалай і як той дапамагаў у перамовах з УкраінайІ яшчэ інфармацыя, якая прэтэндуе на сэнсацыю. Кіраўніцтва Ўкраіны нібыта прапанавала Беларусі перамовы. І яны адбываліся некалькі разоў у Львове на ўзроўні міністра замежных спраў — зь беларускага боку, і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыла Буданава — з украінскага боку. Вось як гэта адбывалася, паводле Лукашэнкі:
«Мы паехалі празь мяжу іхную, міністар замежных спраў паехаў туды (і цяперашні таксама), ня першы раз, селі ў Львове, вядзем перамовы. Нібы нармальна. Даведаліся амэрыканцы... Пайшлі нейкія непаразуменьні. Яны нам прапануюць: „Давайце наступны раз у Стамбуле“. Ды пайшлі вы на... Які Стамбул? Чаго мы ў Стамбул паедзем?»
Хацелася б, вядома, атрымаць наконт гэтага камэнтар з украінскага боку. Але перамовы падчас вайны аднаго з саюзьнікаў з ваенным праціўнікам называюцца сэпаратнымі. Ці былі яны насамрэч? Ці ведала пра іх Масква? Ці быў гэта легальны канал для зандаваньня пазыцый Расеі і Ўкраіны? (Гэта, дарэчы, патлумачыла б прахалоднае стаўленьне афіцыйнага Кіева да Офіса Сьвятланы Ціханоўскай). Пакуль што ўсе гэтыя пытаньні застаюцца без адказу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.