Што адбылося
Міжнaродная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю наконт Беларусі на падставе 33 артыкула свайго статуту. У артыкуле гаворыцца:
«Калі які-небудзь сябра Арганізацыі не падпарадкуецца ў прызначаны час рэкамэндацыям, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе камісіі па расьсьледаваньні або ў рашэньні Міжнароднага Суду, то Адміністрацыйная Рада можа рэкамэндаваць Канфэрэнцыі такія дзеяньні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забесьпячэньня выкананьня гэтых рэкамэндацый».
Гэта адбылося на 111-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве 13 чэрвеня. Рашэньне — адказ на ігнараваньне міжнародных рэкамэндацый аб спыненьні рэпрэсій і ўзнаўленьні правоў працоўных.
Сярод рэкамэндацый МАП краінам-сябрам быў заклік перагледзець адносіны з урадам Беларусі, а таксама «ў выпадку неабходнасьці як мага хутчэй спыніць любую дзейнасьць, якая можа наўпрост ці ўскосна апраўдаць адсутнасьць дзеяньняў па выпраўленьні сытуацыі, зьвязанай з невыкананьнем правоў прафсаюзаў у краіне». За рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі беларускіх уладаў прагаласаваў 301 дэлегат, супраць — 54.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя працы ўхваліла рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі ўладаў БеларусіЯкія наступствы такога рашэньня
Рэзалюцыі Міжнароднай арганізацыі працы носяць рэкамэндацыйны характар, аднак звычайна краіны-сябры іх выконваюць. Напрыклад, калі падобную рэзалюцыю прынялі ў адносінах да М’янмы, то многія краіны, асабліва краіны Эўропы, прыпынілі зь ёю супрацоўніцтва.
«Цяпер бізнэс-аб’яднаньні і ўрады краін, калі будуць прымаць свае рашэньні пра санкцыі ці абмежаваньні, будуць зважаць на гэтую рэзалюцыю. Асабліва хутка пад ўвагу такія рэзалюцыі бяруцца краінамі ЭЗ», — кажа прадстаўнік «Рабочага руху» Юры Рававы, які прысутнічае на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы.
У рэзалюцыі рэкамэндавана «перагледзець адносіны зь Беларусьсю». Цяпер кожная краіна, якая ўваходзіць у Міжнародную арганізацыю працы, будзе вызначаць, якія дзеяньні могуць быць прынятыя.
«Ідэя была ў тым, каб забясьпечыць у рэзалюцыі магчымасьць шырокага спэктру дзеяньняў. Павінна быць нагода, каб дзейнічаць. Гэта новая нагода для дзеяньняў, як пасадка самалёта, напрыклад. Аднак як гэта менавіта зрабіць, яшчэ будзе вызначацца», — кажа Юры Рававы.
Ён дадае, што прынятыя меры не павінны закрануць звычайных людзей у Беларусі.
«Прынятыя рашэньні павінны біць па „гаманцах Лукашэнкі“, але не павінны закранаць простых беларусаў, працоўныя месцы, бо арганізацыя выступае за лепшыя ўмовы для людзей», — дадае Юры Рававы.
Прасьцей кажучы, пасьля прыняцьця такой рэзалюцыі краіны-сябры Міжнароднай арганізацыі працы і прафсаюзы могуць прымаць чарговыя абмежаваньні ў адносінах да Беларусі — гэта могуць быць санкцыі, эмбарга на нейкія тавары, забарона на супрацу ды інш.
Што яшчэ ў рэзалюцыі
Таксама ў рэзалюцыі прапісаны «настойлівы заклік» да ўладаў Беларусі тэрмінова прыняць місію Міжнароднай арганізацыі працы, каб адсачыць выкананьне рэкамэндацый, а таксама дапусьціць місію да зьняволеных актывістаў прафсаюзаў і рабочага руху.
Краінам-сябрам арганізацыі таксама рэкамэндавана забясьпечыць прынцып невыдварэньня, то бок каб актывістаў не выдавалі ўладам Беларусі.
Што такое Міжнародная арганізацыя працы
Спэцыялізаваная ўстанова ААН, якая займаецца пытаньнямі рэгуляваньня працоўных адносінаў. На сёньня ў арганізацыю ўваходзяць 187 краін. Фактычна арганізацыя забясьпечвае дыялёг паміж працадаўцамі, найбуйнейшымі аб’яднаньнямі і ўрадамі краін, якія ўваходзяць у арганізацыю.
Што было, калі падобнае рашэньне прынялі ў адносінах да М’янмы
У чэрвені 2000 году Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю з заклікам спыніць любыя адносіны з краінамі, якія спрыяюць выкарыстаньню прымусовай працы ў М’янме. Тады многія краіны спынілі эканамічнае супрацоўніцтва з М’янмай. Вайсковая хунта перастала кіраваць М’янмай у 2011 годзе, у 2015 годзе прайшлі выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 9 гадоў калёніі. Вынесьлі прысуды лідэрам прафсаюзу РЭП Арэшку, Берасьневу, ФядынічуШто з прафсаюзамі ў Беларусі
Пасьля пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе беларускія ўлады паступова ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы і аб’яднаньні рабочых. Суды папрысуджалі прафсаюзным актывістам вялізныя тэрміны зьняволеньня.
Старшыню прафсаюзу РЭП Васіля Берасьнева асудзілі на 9 гадоў калёніі, шматгадовага лідэра гэтага аб’яднаньня Генадзя Фядыніча — таксама на 9 гадоў калёніі, актывіста Вячаслава Арэшку — на 8 гадоў калёніі.
26 сьнежня таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім.
Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды:
- Аляксандар Ярашук — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- Сяргей Антусевіч — 2 гады;
- Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.