Украінскія суды сама меней у сямі абласьцях канфіскоўваюць або спыняюць права ўласнасьці грамадзян Беларусі на зямельныя ўчасткі, якія яны раней купілі або атрымалі ў спадчыну ад сваіх памерлых сваякоў.
З такімі позвамі ў мясцовыя суды зьвяртаюцца органы пракуратуры ў інтарэсах Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў пытаньнях геадэзіі, картаграфіі і кадастру, якая вядзе зямельны кадастар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ва Ўкраіне запусьцілі праект «Трыбунал», яго мэта — збор доказаў злачынстваў рэжыму ЛукашэнкіАдметна, што зямельныя ўчасткі канфіскуюць і ў грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства ва Ўкраіне. Свабода вызначыла прозьвішчы мінімум чатырох такіх беларускіх уласьнікаў украінскай зямлі і зьвярнулася да іх па камэнтар.
Як высьветліла Свабода, мясцовыя ўлады канфіскоўваюць у беларусаў толькі тыя землі, якія маюць сельскагаспадарчае прызначэньне. Гэта зьвязана з новай нормай Зямельнага кодэксу Ўкраіны, які абавязвае іншаземцаў, што набылі права ўласнасьці на сельскагаспадарчую зямлю шляхам куплі або атрыманьня спадчыны, цягам году добраахвотна яе адчужыць, бо заканадаўства забараняе валоданьне сельгасзямлёй іншаземнымі грамадзянамі.
Суды спыняюць права ўласнасьці і канфіскуюць зямельныя ўчасткі і адначасова абавязваюць гэтых грамадзян сплаціць судовы збор у памеры да 10 тысяч грыўняў (прыблізна 270 даляраў у эквіваленце. — РС). У кожным такім выпадку беларускія грамадзяне мелі ва ўласнасьці два і больш гектараў зямлі сельскагаспадарчага прызначэньня, большасьць зь іх знаходзілася ў выкарыстаньні мясцовых фэрмэрскіх гаспадарак. Пасьля канфіскацыі землі перададуць у дзяржаўную ўласнасьць, а пасьля змогуць рэалізаваць на конкурсах.
У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях геадэзіі, картаграфіі і кадастру паведамілі, што з 1 ліпеня 2021 году зафіксавалі 180 708 дамоваў аб адчужэньні зямельных участкаў сельскагаспадарчага прызначэньня (купля, продаж, дарэньне, пажыцьцёвае ўтрыманьне), аднак колькасьці канфіскаваных зямель пакуль не ўдакладняюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветны банк і ўрад Украіны падлічылі шкоду эканоміцы і сацыяльнаму сэктару за год расейскай агрэсіі