Беларусь вяртае ва Ўкраіну без выкананьня ўсе даручэньні ўкраінскіх судоў, якія накіроўваліся па дыпляматычных каналах у справах за пазовамі ўкраінскіх кампаній аб вяртаньні грошай за непастаўленыя прадукцыю і паслугі з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня з 24 лютага 2022 году.
Раней, згодна з працэдурай разгляду заяў украінскіх кампаній, усе судовыя дакумэнты накіроўваліся пазванаму ў справе па пошце. Акцыянэрнае таварыства «Укрпошта» з 25 лютага 2022 году спыніла абмен карэспандэнцыяй зь Беларусьсю. Апроч таго, Украіна выйшла з усіх пагадненьняў і дамоў, паводле якіх краіны ажыцьцяўлялі прававую супрацу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны паведаміў, да якога тэрміну будзе дзейнічаць забарона на разьлікі зь беларускімі кампаніяміЦяпер украінскія суды вымушаны кіравацца Гааскай канвэнцыяй аб уручэньні за мяжой судовых або пазасудовых дакумэнтаў у цывільных або камэрцыйных справах ад 15 лістапада 1965 году, удзельніцай якой зьяўляецца і Беларусь. Гэты дакумэнт прадугледжвае магчымасьць накіраваньня судовых дакумэнтаў праз дыпляматычныя каналы.
«Беларускі бок вярнуў без выкананьня даручэньне ўкраінскіх судоў, якія адпраўляліся па дыпляматычных каналах, і паінфармаваў, што згодна з палажэньнямі артыкулу 2 Канвэнцыі ад 1965 году кампэтэнтны орган адпраўляе даручэньне аб уручэньні дакумэнтаў непасрэдна цэнтральнаму органу дзяржавы, якім у Беларусі вызначана Міністэрства юстыцыі. Разам зь лістом вярнулі экзэмпляры (судовых) рашэньняў і позвы», — адзначаецца ў судовым рашэньні ў справе супраць беларускай кампаніі «Сучасныя агароднінныя тэхналёгіі», якая вінаватая ўкраінскай кампаніі больш як 20 тысяч эўра, бо ня выканала кантракту.
Суд працягне слухаць справу, але без уліку пазыцыі беларускай кампаніі. Але нават калі суд ухваліць рашэньне аб спагнаньні запазычанасьці, ажыцьцявіць яго будзе складана, бо пакуль спыненыя міжбанкаўскія дачыненьні, а таксама кантакты між міністэрствамі юстыцыі. Такі працэс можа зацягнуцца на гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія кампаніі зьвяртаюцца ў суды, каб вярнуць грошы за сарваныя вайной беларускія кантрактыУкраінскія кампаніі пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала Беларусь, пачалі зьвяртацца ва ўкраінскія суды па вяртаньне пералічаных раней грошай за пастаўку прадукцыі ці паслуг. Сярод пазваных як прыватныя беларускія кампаніі, так і вялікія дзяржаўныя — Менскія аўтамабільны і трактарны завод, «Белаўтадор» і іншыя. Памер іхнай запазычанасьці перад украінскімі партнэрскімі арганізацыямі вагаецца ад некалькіх дзясяткаў да мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ня будуць ляцець ракеты». Кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны расказаў пра гандаль зь Беларусьсю і ўкраінскіх беларусаўКіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.