Расея зрабіла свой погляд на гісторыю зброяй. Расейскія мэдыя перапоўненыя гістарычнымі аргумэнтамі, якія часта маюць мала агульнага з рэальнасьцю. Адпаведна, узрастае роля папулярызацыі праўдзівай гісторыі і праўдзівых гістарычных фактаў.
Як да гісторыі ставяцца беларусы? Якія праблемы і тэмы цікавяць іх у першую чаргу? Як да іх можна данесьці гістарычную праўду?
Пра гэта мы сёньня пагаворым з гісторыкам і журналістам Цімафеем Акудовічам.
0:00 — чаму сярод беларусаў шмат прыхільнікаў тэрмінаў «Літва» і «літвін»
3:14 — чаму беларусы ня хочуць у слове «Беларусь» бачыць слова «Русь»
4:24 — што для беларусаў азначае паўстаньне 1863–1864 гадоў
7:34 — як суадносіцца памяць пра Другую Сусьветную вайну з памяцьцю пра Вялікае Княства Літоўскае
10:58 — ці шмат у Беларусі тых, хто хоча перайменаваць Беларусь, і ці варта гэта рабіць
13:01 — як лепш дастаўляць беларусам гістарычныя веды ва ўмовах ідэалягічнага кантролю з боку рэжыму
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі зь Цімафеем Акудовічам:
— Вы якраз займаецеся папулярызацыяй гісторыі, і таму вельмі цікава паслухаць вашы высновы пра, так бы мовіць, гістарычныя густы і перавагі беларусаў. Пачнём, відаць, зь Літвы і Русі. У мяне самога складаецца ўражаньне, што прынамсі ў інтэрнэце, прынамсі аўтары камэнтароў пад гістарычнымі матэрыяламі — ярыя прыхільнікі тэрміну і назвы «Літва», «літвіны». «Беларусь» ім вельмі не падабаецца. Ці так гэта і чаму?
— Мне падаецца, такая тэндэнцыя ёсьць. Я яе назіраў ня толькі ў камэнтарах у інтэрнэце, але і калі працаваў «на зямлі», экскурсаводам. Тады я значна часьцей сустракаў прыхільнікаў «ліцьвінскай» тэорыі, чым «рускага міру». Я думаю, гэта тлумачыцца досыць проста. «Ліцьвінская» тэорыя, канцэпцыя — гераічная. А нам вельмі не хапае гераізму ў нашай гісторыі. Гэтая тэорыя зразумелая і кампактна зьбітая. Там усё ясна: ёсьць Вялікае Княства Літоўскае, наша дзяржава, і трэба яе адрадзіць. І яна шмат у чым праўдзівая. Гэта частка нашай гісторыі, якую доўгі час ад нас хавалі, і трэба цяпер з гэтым разьбірацца.
Усё разам гэта стварае запыт на гэтую канцэпцыю, якую многія людзі максымалізуюць і ператвараюць у вельмі важную псыхалягічна тэму, на якой яны адыгрываюцца, маўляў, тады вось мы зажывем. Таму гэтая тэма так гучыць.
— А як беларусы ставяцца да «Русі»? Няўжо ёсьць такія, хто назвы «Беларусь» саромеецца? Як вы адчуваеце, ці шмат людзей хочуць перайменаваць краіну?
— Прыхільнікі перайменаваньня Беларусі ў Літву сустракаюцца, але ня часта. Гэта вельмі радыкальная пазыцыя. Мне падаецца, большасьць беларусаў цудоўна ставяцца да назвы «Беларусь». Іншая праблема палягае ў тым, што беларусы ня хочуць у слове Беларусь бачыць слова «Русь». Для іх Беларусь — гэта новая зьява, зьвязаная хутчэй са словам «Літва», зь Вялікім Княствам Літоўскім, чым са словам «Русь». Відавочна, што мяняць назву Беларусь масава ніхто ня хоча.
— Вось вам малавядомы факт. У канцы 1990-х гадоў, ужо будучы ў эміграцыі, перайменаваць Беларусь прапаноўваў Зянон Пазьняк. Ён прапаноўваў варыянт «Вялікае Княства Літоўскае — Беларусь».
— Перайменаваньне народу, думаю, усе гэта разумеюць, гэта вялікі злом. Гэта сама па сабе вельмі вялікая задача. Я думаю, што большасьць людзей не гатовыя гэта разглядаць хаця б таму, што гэта непад’ёмная задача. Страшна сабе ўявіць, колькі ўсяго трэба мяняць унутры нас і звонку.
Зь іншага боку, людзям не хапае слова «Літва» ў нашай назьве. Таму што мы вядзем сябе ад Вялікага Княства Літоўскага, слова «Русь» у нашай назьве ёсьць, слова «Літва» няма, і атрымліваецца, што праз назву нас цягне магнітам на ўсход.
Так што адчуваньне гэтай праблемы прысутнічае. І ёсьць дзьве крайнасьці: мяняць нельга, бо хіба мы дарэмна сто гадоў укладаліся ў гэтую назву? А зь іншага боку, адчуваньне нейкага недахопу прысутнічае таксама.
— Многія заходнія гісторыкі зьвяртаюць увагу на вялікую ўкаранёнасьць у беларусах падзеяў Другой сусьветнай вайны, якую ў Беларусі ўсё яшчэ называюць Вялікай Айчыннай. Нават Тымаці Снайдэр 20 гадоў таму пісаў, што новай беларускай нацыі, калі такая ўзьнікне, трэба будзе неяк палагоджваць Вялікае Княства Літоўскае з культам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
— Цалкам пагаджуся са Снайдэрам. Калі мы глядзім на гісторыю як на суму псыхалягічных праблем нацыі (а ёсьць такі момант), то ў беларусаў напраўду дзьве такія вялікія псыхалягічныя праблемы, зьвязаныя з гісторыяй,— гэта «Літва» і вайна.
Тэма знаходжаньня сябе ў раньнім Вялікім Княстве Літоўскім — ключавы момант гісторыі. Бо само Вялікае Княства Літоўскае, яго 500-гадовая гісторыя — яна наша. Ня «толькі наша», а наша, з гэтым ніхто не спрачаецца. А вось ключавы эпізод заснаваньня Княства — ці гэта мы яго засноўвалі, ці літоўцы, ці мы там ёсьць, ці няма — ён вельмі дыскусійны, вельмі гарачы, і добра відаць, што як толькі кранаеш гэтую тэму — адразу процьма эмоцый, адразу прыскокваюць людзі, які пачынаюць даказваць нейкую сваю праўду. Ясна, што гэта вельмі кранае. Нам важна, каб мы былі ў Вялікім Княстве Літоўскім ад самага пачатку і да канца. І калі нейкі сумнеў, то псыхалягічна паехалі...
І тое самае вакол вайны. Там іншая праблема. Па-першае, сама зьява, па гістарычных мерках, была адносна нядаўна, і яна адносна маламаштабная. Па-другое, нам яе падавалі ў аднабаковым выглядзе на працягу 70 гадоў. А па сутнасьці, і да гэтага часу падаюць. З прычыны гэтага там утварылася шмат комплексаў, якія нам яшчэ разблытваць і разблытваць. Напрыклад, як ставіцца да гераічнага народу, які ваяваў на баку тырана? Або як ставіцца да партызанскага руху, дзе былі нашы дзяды, але і пытаньняў да яго шмат? Або колькі беларусаў было забіта? І так далей, так далей, так далей...
Гэтая апошняя тэма вельмі і рэальна палітызаваная, бо дзяржаве хочацца, каб гэта была як мага большая лічба, а гісторыкі кажуць, што гэта ня так. І зноў мы маем тут народна-псыхалягічную праблему.
І вось я разумею, што Тымаці Снайдэр казаў пра пласт гісторыі больш заходні і пра пласт больш усходні, бээсэсэраўскі. Іх сумяшчэньне, асабліва цяпер, падчас вайны ва Ўкраіне, будзе праблемай.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.