Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе»: Чаму Беларусь — краіна руінаў і ці ўсе помнікі трэба аднаўляць


Фотакаляж. Касьцёл сьвятой Вэранікі ў Селішчы Вушацкага раёну, Сьцяпан Стурэйка
Фотакаляж. Касьцёл сьвятой Вэранікі ў Селішчы Вушацкага раёну, Сьцяпан Стурэйка

Ці ўсе помнікі гісторыі ў Беларусі беларускія? Ці ўсе зь іх трэба ахоўваць, захоўваць і аднаўляць? І ці можа краіна існаваць бяз помнікаў гісторыі і культуры?

Пра гэта і пра іншае на Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» разважае дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, экспэрт Міжнароднай рады па захаваньні помнікаў і памятных мясьцін Сьцяпан Стурэйка.

0:00 — самае цікавае

1:10 — чаму ў Беларусі разбураюцца помнікі, чаго не хапае ўладам — грошай ці культуры?

2:41 — у чым сыстэмная праблема аховы помнікаў

4:24 — не хапае законаў ці культуры выкананьня законаў

6:36 — ці вырашыць праблемы запуск рэформаў у сфэры аховы помнікаў

7:24 — ці ўсе помнікі гісторыі ў Беларусі беларускія

9:18 — ці ўсе з наяўных помнікаў трэба ахоўваць і захоўваць

10:54 — ці можа краіна нармальна, пасьпяхова існаваць бяз помнікаў гісторыі і культуры

12:02 — ці мае сэнс з нуля аднаўляць страчаныя гістарычныя цэнтры гарадоў

16:16 — навошта немцы і палякі рэгенэруюць свае старыя гарады

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі зь Сьцяпанам Стурэйкам:

— Пагаварыць пра помнікі мы вырашылі пасьля таго, як стала вядома пра абвал сьцяны ў бэрнардынскім кляштары XVIII стагодзьдзя ў Селішчы Вушацкага раёну. Яшчэ раней улады пачалі разьбіраць руіну касьцёла ў Зэмбіне. Як вы лічыце, гэта выпадковасьць ці сыстэмная праблема? Гэта недахоп грошай ці нежаданьне ўладаў укладацца ў аднаўленьне помнікаў?

— Гэта, безумоўна, сыстэмная праблема. Канкрэтны выпадак канкрэтнага помніка — вядома, зьбег акалічнасьцяў. Але разважаючы пра сытуацыю з захаваньнем каштоўных сьведчаньняў даўніны ў Беларусі агулам, трэба сказаць, што Беларусь, безумоўна, — гэта краіна руінаў. Больш-менш разабраліся з замкамі, але калі мы палічым колькасьць руйнаваных сядзібаў, касьцёлаў, цэркваў, сынагогаў, водных млыноў, то прыйдзем у жах.

Насамрэч далёка ня ўсе яны ахоўваюцца. І гэта сыстэмная праблема, якая перадусім зьвязаная зь нізкай якасьцю кіраваньня ўсім аб’ёмам культурнай спадчыны, якую мы маем сёньня. Гэта і адсутнасьць спробаў рэформаў і пошуку новых сродкаў. Відавочна, што і ў дзяржавы нестае сродкаў.

У прынцыпе, гэта нармальная сытуацыя для нашага рэгіёну Эўропы. У ніводнай дзяржаве Ўсходняй ці Цэнтральнай Эўропы не хапае грошай, каб закрыць усе патрэбы ў рэстаўрацыі.

Але тут можна працаваць зь бізнэсам, з грамадзкімі арганізацыямі, зь міжнароднымі фондамі. Ёсьць вельмі добры прыклад, як літоўскія, латвійскія і эстонскія калегі (гэта таксама постсавецкія краіны) рэалізуюць свае праграмы і праекты, прысьвечаныя аднаўленьню абсалютна закінутых помнікаў і мясьцін.

— Ці дастаткова дасканалае заканадаўства ў Беларусі для аховы помнікаў? Ці праблема ў культуры, у тым ліку ў культуры выкананьня законаў?

— Сытуацыя з захаваньнем помнікаў культурнай спадчыны цалкам адпавядае таму стану, у якім знаходзіцца ўсё наша грамадзтва.

Цяпер мала хто ў Беларусі думае пра разьвіцьцё. Дзяржаўны апарат зацікаўлены ў захаваньні тых практык, якія ўжо ёсьць. І новыя спробы рэфармаваньня Кодэксу аб культуры сьведчаць пра тое ж самае — ня ўводзіцца нічога новага, што б магло сьведчыць пра пошук выйсьця або хаця б пра прызнаньне праблемы.

Таму можна з упэўненасьцю сказаць, што сфэра захаваньня культурнай спадчыны патрабуе перамен і сур’ёзнага рэфармаваньня заканадаўства, а таксама падрыхтоўкі новых мэнэджараў, якія думаюць інакш, па-новаму.

А ў прынцыпе рэсурсы для падрыхтоўкі такіх людзей ёсьць, ёсьць ідэі, мэтадычныя напрацоўкі, ёсьць вопыт калег зь іншых краін. Не хапае палітычнай волі не баяцца запускаць гэтыя працэсы.

Але зусім ня факт, што запуск працэсаў рэфармаваньня вырашыць праблемы. Гэта вельмі цяжкі шлях, на якім абавязкова яшчэ будуць страты архітэктурных каштоўнасьцяў. Мы іх яшчэ пабачым, шмат. Але гэта не азначае, што ня трэба шукаць выйсьця. Паўтаруся, супраца зь бізнэсам, зь міжнароднымі фондамі і грамадзкімі ініцыятывамі — гэта той шлях, ідучы па якім, можна ўратаваць шмат якія помнікі, што стаяць сёньня ў руінах.

— Як бы вы адказалі на не зусім звычайнае пытаньне: ці ўсе помнікі гісторыі ў Беларусі беларускія? Нехта можа сказаць, што некаторыя зь іх, напрыклад, будавалі «польскія прыгнятальнікі беларускага народу»?

— Ну, а некаторыя помнікі будавалі прыгнятальнікі з усходу... Я лічу, што ўсе помнікі ў Беларусі належаць народу Беларусі, яны ўсе беларускія. Нават тыя, што зусім не беларускія, яны ўсё роўна вельмі нават беларускія.

Бо што такое культурная спадчына? Спадчына — гэта перадусім каштоўнасьці. А носьбіты гэтых каштоўнасьцяў — людзі. Адпаведна, праца са спадчынай — гэта праца з гэтымі каштоўнасьцямі, а значыць, праца з гэтымі людзьмі. 80 ці нават 90 адсоткаў працы ў сфэры культурнай спадчыны — гэта праца зь людзьмі: з супольнасьцямі, з творцамі, з аўдыторыяй. І праца гэтая вядзецца на тым матэрыяле, што ёсьць.

Бо інакш можна сказаць, што палова шараговай забудовы ў беларускіх гарадах — гэта габрэйская забудова, ці польская, ці належыць пэрыяду Расейскай імпэрыі. Ну і што? Гэта рэчы, якія сёньня фармуюць наш культурны ляндшафт. І я думаю, што з павагі да гэтага ляндшафту пачынаецца любая праца ў сфэры аховы культурнай спадчыны.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG