Прадстаўнікі Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці прааналізавалі адкрытыя і закрытыя крыніцы і знайшлі супярэчнасьці ў афіцыйных лічбах за 2019— 2022 гады. Пра рэальную сытуацыю з мэдычнымі кадрамі гаворым з адной з аўтараў расьсьледаваньня, прадстаўніцай Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзіяй Тарасенкай.
Як улады маніпулююць лічбамі. Вынікі расьсьледаваньня
Фонд мэдычнай салідарнасьці, ініцыятывы «Белыя халаты» і Zubr прааналізавалі афіцыйныя лічбы Міністэрства аховы здароўя, Белстату і Сусьветнай арганізацыі здароўя за 2019–2022 гады.
5 кастрычніка 2022 году Міністэрства здароўя паведаміла, што ў Беларусі працуюць больш як 48 тысяч дактароў-спэцыялістаў і 112,5 тысячы сярэдніх мэдработнікаў. Гэта 55,2 мэдыка на 10 тысяч насельніцтва.
Апошнія дадзеныя пра Беларусь, якія можна знайсьці на сайце Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, тычацца 2019 году. Там іншая лічба — крыху больш за 44 лекары на 10 000 насельніцтва.
Ці сапраўды колькасьць дактароў у Беларусі істотна павялічылася за апошнія тры гады? Расьсьледнікі выказваюць сумнеў і прыводзяць дадзеныя Белстату, якія супярэчаць лічбам Міністэрства аховы здароўя: у 2022 годзе ў Беларусі было 52,2 доктара на 10 000 насельніцтва.
Расьсьледнікі заўважылі, што ў статыстычных даведніках ад Нацыянальнага статыстычнага камітэту за 2021 і 2023 гады лічбы дактароў і мэдычных установаў за адны і тыя ж гады істотна адрозьніваюцца:
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага камітэту, якія ён апублікаваў у 2021 годзе, у 2020 годзе ў Беларусі было 38,8 тысячы лекараў.
А ў 2023-м Белстат паведаміў, што ў тым жа 2020 годзе было 48,5 тысячы лекараў (на 10 тысяч больш!).
Гэтак жа адрозьніваюцца лічбы і за іншыя гады.
Тая ж самая нестыкоўка зь колькасьцю паліклінік і шпіталяў. 11 красавіка 2022 году Белстат паведамляў пра 1388 паліклінічна-амбуляторных установаў і пра 582 шпіталі ў 2021 годзе, а праз два месяцы, 6.06.2022, паведаміў ужо пра 2378 паліклінічна-амбуляторных установаў і 593 шпіталі ў тым жа годзе. Атрымліваецца, што за 2 месяцы 2021 году ў краіне «зьявілася» 990 паліклінік і 11 лякарняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ўтойвае Мінздароўя і што можа зьмяніць грамадзянскі маніторынг ад «Белых халатаў» і Фонду мэдсалідарнасьціЛідзія Тарасенка: «А колькі нас увогуле засталося?»
Пра рэальную сытуацыю з мэдычнымі кадрамі гаворым з адной з аўтараў расьсьледаваньня, прадстаўніцай Беларускага фонду фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзіяй Тарасенкай.
Тут відэа размовы цалкам
Прапануем фрагмэнты размовы
— Як праводзіўся грамадзкі маніторынг сыстэмы аховы здароўя і якія яго асноўныя высновы?
— Месяц таму пачалі сыстэматычна ацэньваць сытуацыю, каб сабраць факталягічную базу і, наколькі магчыма, максымальна поўна адлюстраваць сытуацыю ў ахове здароўя краіны. Мы ўсе ведаем, што мэдыкаў бракуе. Мы бачым колькасьць вакансій, якая расьце, але нам хацелася б гаварыць аб гэтым больш навуковай, факталягічнай мовай. Мне здаецца, гэта ўдалося. Вынікам нашай працы стала справаздача. Ёсьць дзьве вэрсіі яе — адна з матэматычнымі выкладкамі і разьлікамі, якую мы зьбіраемся падаваць у міжнародныя арганізацыі, каб прадстаўляць інтарэсы беларускай мэдычнай супольнасьці. Другая кароткая, больш зразумелая, якую мы распаўсюджваем у СМІ, дзе мы з дапамогай скрыншотаў, таймлайну тлумачым, што, напрыклад, у чэрвені 2022 году Міністэрства аховы здароўя заяўляла пра 2378 лячэбных установаў у краіне ў 2021 годзе, а за два месяцы да таго, у красавіку, гаварыла, што 1388. За два месяцы амаль удвая памыліліся?
Нам трэба прыцягваць увагу грамадзтва, каб людзі памяталі, што старонка не перагорнутая, што ў Мінздароўя сядзяць усе тыя ж самыя людзі, якія нясуць адказнасьць за тое, што адбывалася падчас ковіду, і за іншыя рэчы.
З другога боку, наша задача — прадстаўляць інтарэсы беларускага грамадзтва ў міжнародных арганізацыях. Як паказала практыка апошніх гадоў, мы разумеем, што інтарэсы Беларусі ні для кога не зьяўляюцца прыярытэтам, і калі беларусы ня хочуць абараняць свае правы, то міжнародныя арганізацыі будуць працаваць з тым, што ёсьць, зь лічбамі афіцыйных уладаў.
— Калі ацэньваць узровень мэдычнай дапамогі, то колькі спэцыялістаў мае быць у краіне паводле сусьветных стандартаў і як тут выглядае Беларусь?
— Колькасьць мэдыкаў на 10 тысяч чалавек — важны інтэгральны паказьнік якасьці мэдыцыны ў краіне. З аднаго боку, ня варта захапляцца лічбамі ў адрыве ад кантэксту, таму што тады страчваем сувязь з рэальнасьцю і спрабуем гнацца за лічбамі, замест таго, каб глядзець на сытуацыю. Але лічбы даюць добры базіс, каб прымаць мэнэджарскія, фінансавыя ды іншыя рашэньні. Паводле колькасьці дактароў на душу насельніцтва Беларусь глядзіцца ня вельмі кепска ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі. Нават калі мы арыентуемся на лічбы міністэрства, то гэта не такі дрэнны паказчык паводле сярэднеэўрапейскіх мерак. Ня варта забывацца, што доктар у Беларусі і доктар ва ўмоўнай Польшчы выконвае розную працу, на іх ляжыць розная нагрузка. У Беларусі няма парамэдыкаў, значна менш мэдычных рэгістратараў, дактары вельмі часта выконваюць працу мэдычнага рэгістратара, вядуць журнал запісу на прыём да сябе самастойна. Шмат іншых рэчаў, функцыянальных абавязкаў, якія ляжаць у Беларусі на плячах дактароў, няма ў іншых краінах. Таму гэты паказьнік важны, але да яго крытычна трэба падыходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абельская стане міністаркай? Што стаіць за «стэндапам» Лукашэнкі і як унутры сыстэмы спрабуюць спыніць катастрофу ў мэдыцыне«Нам думаецца, што рэальная колькасьць дактароў у Беларусі можа быць парадку 38 тысяч»
— Якія афіцыйныя лічбы вас непакояць, маюць непакоіць беларусаў?
— У гэтым канкрэтным выпадку мы паглядзелі на колькасьць дактароў. А колькі нас увогуле засталося? Варта прызнаць, што мы ня можам аб’ектыўна палічыць рэальную лічбу. Калі мы скажам, што ведаем, колькі ў краіне лекараў, то гэта будзе крывадушшам. Калі мы жорстка прытрымліваемся навуковага падыходу і матэматычных мэтадаў, то можам гаварыць толькі пра тэндэнцыі, якія дакладна нам даюць зразумець, што Мінздароўя хлусіць. Можна гаварыць пра тэндэнцыю зьніжэньня колькасьці дактароў у краіне. Мы таксама «падлавілі» прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя на хлусьні. Гэта вельмі важна, бо з хлусамі ня вельмі хочуць супрацоўнічаць.
Нам думаецца, што рэальная колькасьць дактароў у Беларусі можа быць парадку 38 тысяч. Гэта лічба з памылкай ня больш за 15%. Нас стала меней. Зразумела, што калі зьмяншаецца колькасьць дактароў, то і колькасьць людзей у краіне зьмяншаецца. Мы ня можам давяраць афіцыйным лічбам, якія агучаныя Белстатам і міністэрствам. Там хлусяць сьвядома. Гэта не памылка і не выпадковасьць, гэта іх намер. Мы бачым, што статыстыку ўсё больш закрываюць. На момант публікацыі нашай справаздачы мы бачым, што ня ўсе крыніцы, якімі мы карысталіся, цяпер ёсьць у адкрытым доступе.
Мы зыходзім з таго, што больш-менш аб’ектыўныя лічбы апошні раз мы атрымлівалі за 2019 год. У 2020 годзе ўжо не было абʼектыўнай статыстыкі. Што адбывалася з мэдыцынай у краіне пасьля гэтага, можна толькі здагадвацца. Калі арыентавацца на даведнік «Асноўныя паказьнікі аховы здароўя», то ў 2019 годзе было каля 43 тысяч дактароў.
— Што стаіць за гэтымі лічбамі? У якіх мэдычных галінах найбольшы дэфіцыт мэдыкаў? І як гэта адбіваецца на жыхарах Беларусі ў цэнтры і ў рэгіёнах?
— Натуральна, што ў раёнах дактароў не хапае болей, чым у буйных гарадах. Як правіла, там працуюць тэрапэўт і хірург, няма вузкіх спэцыялістаў. Да афтальмоляга, артапэда можна трапіць у буйнейшых населеных пунктах. Так заўсёды было, асабліва на пэрыфэрыі. Дактароў бракуе ва ўсіх галінах. З пункту гледжаньня пацыента, які прыходзіць на прыём, бракуе найбольш тэрапэўтаў, пэдыятраў, вузкіх спэцыялістаў. Пацыент не заўважыць, што няма эпідэміёляга, бо ён увогуле ніколі ня бачыць гэтага спэцыяліста. Але зь імі праблема, як і з усімі астатнімі спэцыялістамі. Проста больш складана пабачыць іх адсутнасьць, а яна вельмі моцна адбіваецца на якасьці мэдычнай дапамогі. Бракуе ўсіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да лекараў унутры Беларусі будзе зьвяртацца ў скрайніх сытуацыях». Доктар пра здароўе Лукашэнкі і арышты мэдыкаў за зьвесткі пра Бабарыку