Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Эўфрасіньні Полацкай разьмясьціў у тэлеграм-канале запрашэньне прайсьці навучаньне ў Белгарадзе, які знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
«Не прапусьці свой шанец прайсьці навучаньне ў Белгарадзе!» — заклікае студэнтаў ўнівэрсытэцкі канал і суправаджае паведамленьне знакам «агонь».
Аб’яву заўважыла выданьне «Наша ніва».
Прайсьці навучаньне ў Белгарадзкім дзяржаўным нацыянальным дасьледчым унівэрсытэце запрашаюць студэнтаў 2 і 3 курсаў юрыдычнага, гуманітарнага, фінансава-эканамічнага факультэтаў, факультэтаў інфармацыйных тэхналёгій і кампутарных навук і электронікі.
Вучоба разьлічана на восеньскі сэмэстар 2023/2024 навучальнага года, пішуць у канале Полацкага ўнівэрсытэту.
- Белгарадзкая вобласьць цяпер знаходзіцца пад рэгулярнымі абстрэламі, горад Шабекіна ўлады рыхтуюць да эвакуацыі.