У МЗС Беларусі пракамэнтавалі ўведзеныя Польшчай новыя санкцыі і абмежаваньні на беларуска-польскай мяжы. З заявай выступіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
«На гэтыя захады ў абавязковым парадку рушыць усьлед асымэтрычны адказ. Пры гэтым намі будуць у максымальна магчымай ступені ўлічаныя інтарэсы простых палякаў, вымушаных пакутаваць з-за валюнтарызму свайго ўраду, і ў максымальнай — інтарэсы нашых грамадзян.
Беларускі бок зьяўляецца адказным гульцом у сваім рэгіёне. Мы ня маем намеру паддавацца на правакацыі, якія падкідаюцца нам, а будзем рэагаваць спакойна, плянамерна і з годнасьцю.
Беларускі бок гатовы да ўзаемапаважлівага дыялёгу з польскім бокам без ультыматумаў і папярэдніх умоў і разгледзіць рэальныя прапановы, накіраваныя на дээскаляцыю і ўзаемавыгаднае вырашэньне надзённых пытаньняў», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адрэагавалі на ўведзеную Польшчай забарону на ўезд цягачоў зь беларускай рэгістрацыяй- 30 траўня МУС Польшчы абвясьціла аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
- Ад 1 чэрвеня Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фураў зь беларускімі і расейскімі нумарамі.
- Раней Польшча ўжо закрыла памежны пераход у Баброўніках. Такім чынам, апошнія чатыры месяцы фуры маглі перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі праз пункт пропуску Казловічы — Кукурыкі.
- Рашэньне Польшчы працягваць ціск на беларускі рэжым зьвязана з жорсткім прысудам журналісту Андрэю Пачобуту, якога асудзілі на 8 гадоў калёніі ў лютым. Тады ж Польшча паступова пачала ўводзіць абмежаваньні на рух фураў празь мяжу.
- Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі 1 чэрвеня заявіў, што будзе хадайнічаць аб узмацненьні санкцый ЭЗ супраць Беларусі.