«Мая бабуля была „крэйзі“ ў маладосьці, яна шмат чаго вышывала»
Воля — стваральніца праекту «Этыка», рамесьніца, дэкаратарка. Дзяўчына скончыла эканамічны факультэт БДУ. Была офіс-мэнэджаркай, прадавачкай у краме тавараў для творчасьці, SЕО-спэцыялісткай і некалькі гадоў працавала зь беларускімі дызайнэрамі ў шоў-румах, а таксама з брэндам ZIBRA.
Стваральніца праекту «Этыка» захапілася вышыўкай яшчэ ў дзяцінстве, калі прыяжджала да сваёй бабулі, якая і навучыла яе гэтаму майстэрству.
«Я памятаю, што я прыехала да бабулі ў вёску, а ў яе на падушках такія покрыўкі з кветкамі, усё такое рознакаляровае, і я такая: „Ух ты! Што, як, куды?“ І вось мне было гадоў пяць, мабыць, а яна мне дала нажніцы, іголку, паказала, што такое ніткі мулінэ, як з гэтым працаваць», — апавядае рамесьніца Воля «Этыка».
Таксама Волі вельмі падабалася матэматыка — так і атрымалася ідэальнае спалучэньне.
«А калі вышываеш, ты лічыш гэтыя крыжыкі. І я як пачала рабіць! Ух! Я закахалася ў гэтыя покрыўкі на падушках з гэтымі кветкамі. А потым яшчэ гэтыя абрусы. Мая бабуля была крэйзі ў маладосьці, яна шмат чаго вышывала. А цяпер у яе баляць рукі, таму яна не вышывае, але ўсё захавалася».
Таксама Воля дадае, што прайшло ўсяго два пакаленьні, як мы ня носім вышываных сарочак.
«Мая бабуля нават яшчэ насіла вышыванку. І ў нас гэты разрыў у адно пакаленьне — гэта ж нішто. Таму, калі мы надзяваем вышыванае адзеньне, мы кажам: „Невядома, што, але нешта адчуваецца“. Гэта ж беларускасьць! Яна нікуды не дзенецца».
«Максымальна экалягічная гісторыя з адзеньнем»
Воля кажа, што вышывала заўсёды, але стыхійна і пад настрой. Потым дэкаратарка пачала працаваць зь беларускімі дызайнэрамі, якія рабілі брэнд ZIBRА, дзе было шмат ручной вышыўкі на адзеньні.
«Потым вырашыла, што прыйшоў час нешта вышываць самой. І вось мы пачыналі разам з маёй сяброўкай-мастачкай Марынай, бо ў мяне няма ніякай мастацкай адукацыі, я ня ўмею маляваць увогуле, я вышываю чорным, чырвоным і белым, бо я не разумею, як астатнія колеры працуюць. Шмат людзей бяруць малюнкі з Pinterest, але мне гэта здаецца ня вельмі правільным. Таму мы так і пачалі: Марына малявала, я вышывала яе малюнкі».
Тое, што робіць цяпер Воля — гэта кастамізацыя. Гатовую рэч рамесьніца не зьмяняе, а дэкаруе, наносіць выўшыўку. Першапачатковая ідэя праекту «Этыка» была ў экалягічнай модзе, канцэпцыі паўторнага выкарыстаньня рэчаў з наданьнем ім новага функцыяналу і павелічэньня іх каштоўнасьці.
«У нейкі час я вельмі зацікавілася тэмай экалёгіі і ў мяне зьляцеў дах. Мне было вельмі цяжка. Я тады працавала зь ZIBRA і думала: „Мы робім адзеньне, мы забіваем плянэту, трэба нешта рабіць іншае“. Такім чынам, праца, якую я раней рабіла, не адпавядала маім новым думкам. І я вырашыла працаваць з тым адзеньнем, якое ёсьць. Бо навошта ствараць тое, што ўжо ёсьць у выдатнай якасьці? Навошта нейкім дурным чынам капіяваць? Амаль усе кашулі я знаходжу новымі, зь біркамі, але ў сэканд-хэндах. Навошта ж шыць такую кашулю, псаваць бавоўну?».
Воля выкарыстоўвае ніткі з бавоўны ці віскозы, а бісэр выключна шкляны — ніякага плястыку.
«Звычайна калі ты кажаш, што робіш экалягічную моду, людзі думаюць, што ты бярэш пакет, скотч і лепіш. І мне хацелася паказаць, што гэта можа быць прыгожа, вельмі эстэтычна, па-мастацку».
Нейкія рэчы Воля купляе ў сэканд-хэндах, на барахолках, а нешта людзі прыносяць самі.
«Можна прынесьці сваю рэч, абмеркаваць, якую менавіта вышыўку ты хочаш, дзе і як. Гэта бывае вельмі інтымны працэс. Мне гэта падабаецца нават больш, калі людзі самі прыносяць рэч. Бо мне ня трэба шукаць гэтую рэч і гэта максымальна экалягічная гісторыя з адзеньнем — ты яе некаторы час аднасіў і вырашыў нешта зрабіць зь ёй. І рэч становіцца іншай, і тваё адчуваньне ад яе».
Таксама Воля прыдумала цікавую ідэю са скрыняй. Можна заказаць такую скрыню з кашуляй, на якой намаляваная схема арнамэнту, ёсьць усё неабходнае, каб чалавек мог сам зрабіць сабе вышыўку на рукавах ці сьпераду. Можна выбраць свой арнамэнт з гатовых схемаў.
«Я ня ведаю, чаму вышыўку дэманізавалі і кажуць: „Гэта так складана, так складана“. Гэта вельмі проста. Вядома, твой мозг першыя некалькі гадзін не разумее, што ты зь ім робіш. Я адпраўляю відэа, падрабязныя інструкцыі, як вышываць. І я думала, што будзе шмат пытаньняў, але ніводнага! Людзі бяруць гэтую скрыню, глядзяць відэа і потым скідваюць фота: „Глядзі, усё гатова“. І заўжды так прыгожа атрымліваецца, так акуратненька. Ну гэта ж жаночы род беларускі, рукі самі ўсё робяць», — усьміхаецца Воля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы жывём у часы дзікага паляваньня». Халезін, Хадановіч, Сільчукоў і Падгайская пра бэстсэлер Караткевіча ў лёнданскім тэатры«Гэта вельмі моцная энэргія, калі некалькі дзяўчат вышываюць разам»
Праца рамесьніцы над адной рэччу займае мінімум поўныя 3 дні. Воля кажа, што раней спрабавала сумяшчаць праект «Этыка» разам зь іншымі, але няма такой аддачы.
«Гэта маё асноўнае месца працы, любіменькае, нічога іншага не хачу рабіць. Увогуле, калі ты працуеш сам на сябе, у цябе ёсьць вялікі пляцдарм, каб прыдумаць, як зарабляць грошы. У мяне эканамічная адукацыя, я мэнэджарка, і вось у мяне матэматыка ў галаве: „Ну глядзі, ты вышываеш 3-4 кашулі за месяц, ты ня зможаш жыць так. Давай прыдумаем скрыначку, каб чалавек сам вышываў. Крута. Я зрабіла творчыя сустрэчы, усім спадабалася“. І вось яно ўсё так чапляецца. І калі ты кайфуеш ад гэтага, людзі таксама кайфуюць».
На Воліных майстар-клясах удзельніцы робяць вышыўку на маленькіх палотнах — разэткі зь беларускага касьцюма.
«Мне заўжды вельмі падабаюцца майстар-клясы, бо ўсе прыходзяць з думкамі: „Я ня ўмею вышываць“. Я кажу: „Забудзься на ўсё, што табе казалі ў школе, расслабся і атрымай асалоду“. У мяне бывала, што майстар-кляса скончылася, а людзі знаходзілі месца і працягвалі вышываць. Гэта транс. Гэта вельмі моцная энэргія, калі некалькі дзяўчат займаюцца вышыўкай разам. У мяне энэргетыка на майстар-клясе, каб кайфаваць, вышываць, браць аўтэнтычную вышыўку і ўводзіць у сапраўднае жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастацтвазнаўца з Канады Зіна Гімпелевіч: «Няхай ангельскамоўныя ведаюць, што беларусы ня лыкам шытыя»«Для мяне вышыўка — гэта пра стан»
Воля апавядае цікавыя моманты пра вышываныя кашулі. Напрыклад, раней вышыванку насілі, каб засьцерагаць цела ад пранікненьня злых духаў, ад усяго дрэннага, кажа рамесьніца. Вышыўку наносілі не па ўсёй паверхні адзеньня, а толькі ў некаторых месцах, і было шмат сэнсаў, чаму менавіта ў гэтым месцы і менавіта такі арнамэнт.
«Цікава, што вышыўка крыжыкам папраўдзе ня нашая. Нашая — гэта вышыўка процягам, якая імітавала ткацтва. Кветачкі вышытыя называюцца „бракараўская вышыўка“. Дзядзька з прозьвішчам Бракар, які рабіў мыла, думаў, як яго прадаць сялянам. І ён пачаў у абгортку ад мыльных брускоў класьці схемы з вышыўкай крыжыкам. І там пачалося шаленства! Гэтае мыла скуплялі, каб толькі займець гэтыя схемы! Іх пачалі перадаваць, дзяліцца імі, пачалі неяк перамалёўваць. Беларуская аўтэнтычная вышыўка — гэта ж геамэтрычныя фігуры, квадраты, ромбы, а там дзе кветкі — там Бракар пабываў», — тлумачыць Воля.
Ёсьць і цікавы аспэкт з вываратам вышыванкі. Нават ёсьць пэўнае правіла, як ён мусіць выглядаць.
«Дзяўчына вышывала сабе пасаг, а перад вясельлем яго вывешвалі дома ў жаніха, усе суседзі прыходзілі і глядзелі, як зробленая вышыўка, які выварат у яе. І калі там усё было ідэальна, значыць, і нявеста добрая, можна браць. І таму ёсьць акадэмічныя правілы вышыўкі, што мусяць ззаду быць рысачкі — і нічога болей. Я ніколі не прытрымліваюся гэтага правіла, гэта мой фэміністычны пратэст, — сьмяецца Воля. — Бо праўда, навошта? Трэба і так рэгуляваць „твар“ вышыўкі, нашто яшчэ выварат?».
Воля прызнаецца, што свае вышыўкі робіць акуратна, але не па правілах.
«Я пакідаю ўсе сэнсы, але раблю вышыўку больш проста. А ёсьць дзяўчаты, якія аўтэнтыку робяць: без канвы на льне вышываюць і выварат ідэальны. Але для мяне вышыўка — гэта пра стан, як ты адчуваеш сябе ў працэсе».
Рамесьніца прызнаецца, што закахалася ў беларускі касьцюм у музэі ў Раўбічах.
«Я не магла адвесьці вачэй! Вось калі ты глядзіш на вышыванку, а яна проста „зносіць“ цябе энэргіяй. А потым у кнізе Вольгі Лабачэўскай я прачытала, што амаль уся вышыўка рабілася дзяўчатамі да шлюбу, на пасаг. І калі маладыя дзяўчаты вышывалі, яны марылі пра будучае жыцьцё, пра дзяцей, пра сям’ю, і таму ўся вышыўка пранізаная маладой энэргіяй. І яна адчуваецца, нават калі ты ня ведаеш усяго гэтага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі праз культуру мы можам зноў адрадзіцца». Рэпартаж з выставы мастачкі, якая стварае вобразы нажніцамі і фарбамі«Гэта былі аб’юзіўныя стасункі зь Беларусьсю»
Воля пераехала зь Беларусі некалькі тыдняў таму. Дзяўчыну затрымлівалі ў канцы 2020-га, і Новы год яна правяла на Акрэсьціна. Перад рэфэрэндумам у 2022-м у дом Волі прыходзілі сілавікі.
«Мае добрыя суседзі сказалі: „Воля, цябе шукалі, мы сказалі, што ты тут не жывеш“. Кожны дзень ты шугаесься кожнага гуку, баісься ня тое слова сказаць, робіш нейкі рэпост — і чалавек дзесяць пішуць: „Воля, гэта экстрэмісцкае, трэба выдаліць, цябе могуць затрымаць“. Страшна. Я садзілася неяк вышываць і думала: трэба хутчэй, бо калі мяне затрымаюць, я не пасьпею. Якая можа быць творчасьць, калі ты ў пэрманэнтным страху знаходзісься? І ўжо гэта былі аб’юзіўныя стасункі зь Беларусьсю: ты яе любіш, але да цябе адносяцца ня так, як трэба».
Так Воля вырашыла выехаць на нейкі час у Варшаву.
«Усе людзі, зь якімі хацелася разам працаваць, выехалі. Ні СМІ, нічога; ты стаіш і носам дакранаесься да сьцяны. Моды ў Беларусі цяпер няма. Там ёсьць некалькі чалавек, якія засталіся і намагаюцца яе рабіць, але ў такім маштабным сэнсе няма».
Яшчэ адна вельмі важная прычына пераезду — немагчымасьць прывыкнуць да таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі.
«Калі ў цябе ёсьць хоць трошкі эмпатыі, то ты сёньня ня можаш прагуляцца па Нямізе бяз думак: а што там зараз на Валадарцы? Каго і як там катуюць? І гэта вельмі балюча. Вельмі балюча заставацца ў Беларусі».
У Варшаве працуецца нашмат лягчэй, бо ёсьць татальнае адчуваньне бясьпекі, прызнаецца дзяўчына.
«У маю галаву тут залятае столькі ідэй: што можна зрабіць, як зрабіць, як вышыць. Я сустракалася ўжо з калегамі, мастакамі рознымі, і такое адчуваньне, што вось гэты пік болю прайшоў, і яны зараз, як кветачкі, усе пачынаюць патроху раскрывацца. Такі ўсеагульны вайб новага жыцьця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Праскай галерэі адкрылася экспазыцыя беларускай мастачкі Руфіны Базловай, прысьвечаная палітвязьням«Захаваць усю гэтую прыгажосьць, дастаць з музэяў і засунуць у кожную шафу, каб у кожнага беларуса была вышыванка»
Чаму важна цяпер рабіць беларускае?
«Гэта мая апора. Я адчуваю, што калі я вышываю беларускія арнамэнты, я такая супэрвумэн, такая моцная, мне вельмі падабаецца гэтае пачуцьцё. Мабыць, бо гэта бабулі мае рабілі, гэта адтуль прыйшло, і быццам яны побач знаходзяцца, калі я гэта раблю. Я кайфую, я адчуваю сябе ўсёмагутнай. Сам працэс дае вельмі шмат моцы, сілаў фундамэнтальных. І яшчэ адна вельмі важная прычына — мне вельмі хочацца захаваць усю гэтую прыгажосьць, дастаць з музэяў і засунуць у кожную шафу, каб у кожнага беларуса была вышыванка».