Ва Ўкраіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі, які нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласьці, паводле падазрэньня аб перадачы інфармацыі пра перамяшчэньне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыяй.
Як адзначаецца ў апублікаваным у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны судовым рашэньні, раней ён ужо быў засуджаны за апраўданьне і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны перадаваў па тэлефоне іншаму грамадзяніну Беларусі інфармацыю, якая адсутнічала ў адкрытых крыніцах, аб падрыхтоўцы да абароны ўкраінскага памежжа на выпадак новага ўварваньня зь беларускай тэрыторыі.
Сьледзтву таксама вядома імя таго беларускага грамадзяніна, якому затрыманы перадаваў усю інфармацыю, пачынаючы з красавіка 2023 году. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны аб абароне канфідэнцыйнай і пэрсанальнай інфармацыі, прозьвішчы абодвух фігурантаў справы не называюцца.
Справу расьсьледуюць паводле часткі 2 артыкулу 114-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. За распаўсюджваньне ва ўмовах ваеннага становішча інфармацыі аб перамяшчэньні, руху або разьмяшчэньні Ўзброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фарміраваньняў, якая адсутнічае ў адкрытых рэсурсах, прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня выкрылі звыш 600 расейскіх агентаў і шпіёнаў, у тым ліку беларусаРасея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году. Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
Пасьля дэакупацыі Кіеўскай, Харкаўскай і часткі Херсонскай вобласьці ў інфармацыйным полі пэрыядычна абмяркоўваецца магчымае паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі.