Старшыня КДБ патлумачыў узмоцнены кантроль і праверку тэлефонаў на межах Беларусі

Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль

Іван Тэртэль зазначыў, што дадатковы кантроль рэалізуюць па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы.

Старшыня КДБ пракамэнтаваў праверкі на межах Беларусі, падчас якіх у людзей правяраюць тэлефоны і дапытваюць:

«Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы. Яна накіравана на своечасовае выяўленьне і лякалізацыю дзейнасьці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненьні ў адносінах да Беларусі», — сказаў старшыня КДБ.

Паводле яго, КДБ «атрымлівае інфармацыю аб наяўнасьці рэальных плянаў сярод асоб з баявых груп, сфармаваных на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб учыненьні тэрактаў у Беларусі»:

«Вось гэты бар’ер — гэта толькі адзін са складнікаў, які дазваляе нам ажыцьцяўляць пэўную фільтрацыю гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю», — заявіў шэф КДБ.

Таксама ён заявіў, што апазыцыя нібыта запрасіла ў «заходніх спонсараў» $250 млн на «падрыўную дзейнасьць».

Ніякіх доказаў сваім словам ён не прывёў.

У апошні час узмоцненыя праверкі аднавіліся на мяжы Беларусі зь Літвой і Польшчай. Сілавікі сталі выбарачна правяраць мэсэнджары і сацсеткі на тэлефонах. У тых, хто ўяжджае ў краіну, цікавяцца паездкамі за мяжу за апошнія некалькі гадоў, удзелам у пратэстах у Беларусі і ў акцыях беларускай дыяспары за мяжой. Таксама задаюць пытаньні аб вайне ва Ўкраіне, наяўнасьці сваякоў у арміі Ўкраіны і магчымых кантактах з замежнымі спэцслужбамі.

Адначасова зьмяніўся фармат праверак беларусаў, якія выяжджаюць у ЭЗ бязь візаў. Іх выбарачна просяць паказваць дазволы на жыхарства.

5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расеяй. У тых, хто ўяжджае ў краіну на аўтамабілях, пачалі правяраць дакумэнты і багажнікі машын.

  • Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году.
  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кампаніі і так страцілі частку рынку». Што значыць для Беларусі закрыцьцё мяжы для фур з боку Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Польшчы, Літве і Ўкраіне нібыта рыхтуюць сілавы пераварот у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах інваліда адправілі ў калёнію на 4,5 года за карыкатуры на Лукашэнку