«У сьвятле нядаўніх дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі Польшча была вымушаная ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Беларусі, і я буду хадайнічаць аб іх узмацненьні таксама ў Радзе Эўропы», — заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі 1 чэрвеня падчас візыту ў Нідэрлянды, піша Polskieradio 24.
«У Эўрапейскай радзе я таксама буду хадайнічаць аб узмацненьні санкцый у дачыненьні да Беларусі, бо мы выразна бачым, як моцна Беларусь залежыць ад Расеі. Мы адчуваем гэта ў тым штучным міграцыйным нападзе, ад якога мы абараніліся», — заявіў Маравецкі на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэмʼерам Нідэрляндаў Маркам Рутэ.
Маравецкі зазначыў, што Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй для абыходу санкцый.
«Таму Польшча імкнецца вельмі скрупулёзна ня толькі выконваць гэтыя санкцыі, але і ўмацоўваць іх, устараняць шчыліны. Гэта важна, каб Расея як мага глыбей адчувала ўплыў санкцый на яе эканоміку — а пакуль што адчувае занадта слаба».
У сувязі з гэтым, зазначыў Маравецкі, Польшча і яшчэ некалькі краін вядуць перамовы аб узмацненьні санкцый супраць Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кампаніі і так страцілі частку рынку». Што значыць для Беларусі закрыцьцё мяжы для фур з боку Польшчы30 траўня МУС Польшчы абʼявіла аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
Ад 1 чэрвеня Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фураў зь беларускімі і расейскімі нумарамі.
Раней Польшча ўжо закрыла памежны пераход у Баброўніках. Такім чынам, апошнія чатыры месяцы фуры маглі перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі праз пункт пропуску Казловічы — Кукурыкі.
Рашэньне Польшчы працягваць ціск на беларускі рэжым зьвязана з жорсткім прысудам журналісту Андрэю Пачобуту, якога асудзілі на 8 гадоў калёніі ў лютым. Тады ж Польшча паступова пачала ўводзіць абмежаваньні на рух фураў празь мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад увядзеньнем санкцыяў Польшча тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненьне — той адмовіўся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адрэагавалі на ўведзеную Польшчай забарону на ўезд цягачоў зь беларускай рэгістрацыяй