Пра гэта і пра іншае на Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы пагаворым з журналістам і гісторыкам Сяргеем Абламейкам.
0:00 — калі пачалося беларускае адраджэньне 1980-х гадоў
5:17 — каго можна назваць пачынальнікамі адраджэньня 1980-х — старэйшае пакаленьне ці малодшае
6:14 — як пасьля Другой сусьветнай вайны беларусы кожнае дзесяцігодзьдзе спрабавалі ўзьняць галаву
9:03 — што пачалося ў 1988 годзе са стварэньнем БНФ
10:48 — чаму беларускае адраджэньне цягнецца стагодзьдзямі
12:53 — ці маюць рацыю тыя, хто кажа, што без Гарбачова не было б ні нефармалаў, ні БНФ
15:12 — ці можна досьвед беларускіх суполак 1950–1980-х гадоў выкарыстаць сёньня
18:03 — калі беларускае адраджэньне закончыцца
Фрагмэнт размовы вядоўцы Дзьмітрыя Гурневіча зь Сяргеем Абламейкам:
— Хто можа лічыцца пачынальнікам беларускага адраджэньня 1980-х гадоў — Зянон Пазьняк з паплечнікамі ці Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Алесь Суша, Сяржук Вітушка і іншыя прадстаўнікі нефармальнай моладзі таго часу?
— Ні тыя і ні тыя. Гэта быў агульны парыў, агульны стрэл нашага грамадзтва, яго найлепшых прадстаўнікоў. Гэта была праява беларускага нацыянальнага этасу як усёй сукупнасьці культурнай, навуковай і грамадзкай энэргіі нашага народу.
Тое, што адбывалася ў 1980-я гады, было толькі працягам таго, што адбывалася ў папярэднія гады і дзесяцігодзьдзі. Калі мы возьмем толькі пэрыяд пасьля Другой сусьветнай вайны, то спробы беларускага народу ўзьняць галаву адбываліся пэрыядычна, у кожнае дзесяцігодзьдзе.
Вось, напрыклад, на пачатку 1956 году адбыўся ХХ зьезд КПСС, на якім быў разьвянчаны культ асобы Сталіна. І ў Беларусі адразу пачынаюцца неверагодныя падзеі. І адразу ставіцца нацыянальнае пытаньне. Пачынаюцца публікацыі гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. Пачалі пісаць пра тое, што беларусы раней за расейцаў займелі сваю друкаваную кнігу, а Міхась Ларчанка, тагачасны дэкан філфаку БДУ, наогул пачаў тады адмаўляць станоўчы ўплыў расейскай культуры на культуру беларускую. Ставіцца пытаньне пра рэабілітацыю дзеячоў нашаніўскай пары, пра рэабілітацыю ўдзельнікаў літаратурных аб'яднаньняў 1920-х — 1930-х гадоў. Вельмі востра ставіцца пытаньне пра ахову помнікаў па ўсёй Беларусі, і найперш у Менску. І гэта канчаецца разгромам. На пачатку 1957 году звальняюць рэдкалегію газэты «Літаратура і мастацтва» разам з галоўным рэдактарам Васілём Віткам, бо менавіта ў «ЛіМе» зьявілася большасьць тых публікацый.
Але ўжо праз тры гады, у 1959 годзе, пытаньне беларускай мовы ўздымаюць студэнты, сярод якіх быў будучы пісьменьнік Барыс Сачанка.
У 1960-я гады сотні людзей падпісалі арганізаваны студэнтамі філфаку БДУ Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам і Львом Барташам ліст у ЦК КПБ у абарону выкладаньня на беларускай мове.
Пасьля ідуць бурлівыя ў навуковым і культурным сэнсе 70-я гады. У пачатку дзесяцігодзьдзя ўлады знаходзяць цэлую групу нацыяналістаў у Акадэміі навук, адбываюцца звальненьні. Але іншыя навукоўцы і пісьменьнікі працуюць вельмі актыўна і плённа. Сярод іх Уладзімер Караткевіч, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс, Валянцін Грыцкевіч, Генадзь Каханоўскі, Арсень Ліс, Лія Салавей і сотні іншых.
А пасьля ідуць ужо 1980-я. Моладзь 1980-х гадоў Караткевіча абагаўляла, усе лічылі, што іх выхаваў і падрыхтаваў да выхаду на грамадзкую арэну ён, найперш ягоны раман «Каласы пад сярпом тваім».
Так што гэта быў няспынны працэс, і я б нават не называў яго адраджэньнем. Гэта было чарговае абуджэньне...
— Пра адраджэньне гаварылі дзеячы пачатку ХХ стагодзьдзя, пасьля ў 20-я гады ХХ стагодзьдзя адбывалася беларусізацыя, пасьля ў пачатку 90-х гадоў гаварылі пра адраджэньне. Калі беларусы змогуць зразумець, што адраджэньне адбылося і больш ня трэба адраджацца? І ці наогул гэта рэальна?
— Тут мы закранаем троху казуснае пытаньне пра нацыянальную ідэю беларусаў — цяпер шмат хто яе шукае, спрабуе зразумець і разабрацца, якая ж яна. Я лічу, што ўсё скончыцца тады, калі Беларусь стане сапраўды незалежнай дзяржавай, а ў ёй запануе наша беларуская мова. Тут я далучаюся да нашых нацыянальных дзеячоў пачатку ХХ стагодзьдзя, якія такой бачылі будучыню Беларусі, і да нашай нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Аляксандраўны Алексіевіч, якая некалькі гадоў таму, адказваючы на пытаньне пра нацыянальную ідэю беларусаў на сустрэчы з чытачамі ў Гомельскай вобласьці, сказала:
«У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова».
Цалкам далучаюся і кажу, што гэта будзе фінальная стадыя таго, што мы называем беларускім адраджэньнем. Далей можна будзе проста жыць і разьвіваць сваю краіну.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.